haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

О городе География Другие водные объекты

Іншыя водныя аб’екты

Вадасховішчы

У адрозненне ад азёр вадасховішчы — гэта штучныя вадаёмы. Яны ствараюцца для збору вады, рэгулявання сцёку рэк, выкарыстання водных рэсурсаў для розных народнагаспадарчых мэт. У Гарадоцкім раёне створана для энергетычных мэт ў 1958 годзе Ключагорскае вадасховішча. Плошча 0,4 км2. Найбольшая глыбіня 4,5 м, даўжыня 3,1 км, найбольшая шырыня 0,3 км. Аб’ем вады 1,2 млн. м3. Плошча вадазбору 410 км2. На р. Обаль, за 32 км на паўночны захад ад г.Гарадок, паміж вескамі Пляханава і Жалудова. Берагі абрывістыя, вышыней 8-10 м., параслі лесам і хмызняком. Вярхоўе вадасховішча забалочанае. Дно выслана пяском, торфам, глеем. Выкарыстоўваецца як зона адпачынку і для развядзення рыбы.

Балоты

Да паверхневых вод адносяцца і балоты. У межах раёна яны размеркаваны вакол Гарадоцкага ўзвышша на ускраінах яго. Балоты ўтвараюцца ў выніку забалочвання глеб у месцах залішняга увільганення або пры зарастанні вадаёмаў. Яны могуць быць у далінах рэк, на схілах узвышшаў, на вадападзелах. Самае вялікае балота у Гарадоцкім раёне «Карыценскі Мох».

Па характару мінеральнага жыўлення балоты прынята падзеляць на вярховыя, нізінныя і пераходныя. На тэрыторыі раёна існуюць вярховыя і пераходныя балоты. Вярховыя балоты ўтвараюцца ва ўмовах застойвання паверхневых вод на паніжаных мясцінах вадападзелаў. Яны жывяцца за кошт выпадзення атмасферных ападкаў.

У залежнасці ад тыпу расліннасці адрозніваюць лясныя, хмызняковыя, травяныя і мохавыя балоты. Тыповыя расліны балот — асака, аер, чарот, трыснег, рагоз, балотніца, мох-сфагнум, багун, буякі, журавіны, на лясных балотах растуць вольха, бяроза, хвоя, вярба. На вярховых балотах часцей расце лясная і мохавая расліннасць.

Сажалкі

Сярод сажалак самыя значныя — ў весках Бычыха, Забумер’е, Вархі, Казінова.

Падземныя воды

Апрача паверхневых вод важнае значэнне маюць падземныя воды, што залягаюць на рознай глыбіні. Бліжэй за ўсё да паверхні над першым вадатрывалым пластом знаходзяцца грунтавыя воды, у больш глыбокіх ваданосных пластах — пластавыя воды. Падземныя воды, якія змяшчаюць не больш за 1 грам растворанай солі ў літры вады, адносяць да прэсных. Воды з больш высокай канцэнтрацыяй раствораных рэчываў называюць мінеральнымі. Ля г. Гарадка маюцца запасы мінеральных вод.

Прэсныя падземныя воды з’яўляюцца галоўнай крыніцай пітнога водазабеспячэння. У сельскай мясцовасці гэта пераважна калодзежы. У месцах натуральнага выхаду на паверхню падземных вод узнікаюць крыніцы, яны таксама ёсць і у нашам раёне. Найбольш даступныя для насельніцтва крыніцы маюцца ў Гарадку (вуліцы імя Карла Маркса, імя Галіцкага, Зяленая), у весках Мехавое, Малашанкі, Клюшава, Жукава, Вышадкі, Сюбараўка, Баталі, Хабаты, Кабішча, Шпакі, Зайкава, Казінова, Беразнякі, Астраўляны.