haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

О городе История Социально-политические условия перед Городокском восстанием и его ход

Сацыяльна-палітычныя ўмовы перад Гарадоцкім паўстаннем і яго ход

Уладзімір СЛАБІН, краязнаўца, г. Віцебск

1

Шаноўныя аднадумцы! Сёння я зраблю даклад аб Гарадоцкім паўстанні 1918 года, грунтуючыся на сваёй працы, зробленай яшчэ ў 1993 годзе, калі была магчымасць простаму грамадзяніну папрацаваць з архіўнымі крыніцамі. Магчыма, мне не давялося ахапіць усе крыніцы, якія датычацца супраціву бальшавікам на Гарадоччыне, але карціна падзей 80-гадовай даўніны выглядае наступнай.

Гарадоцкія бальшавікі не былі падобныя на высокаідэйных марксістаў або прынцыпова «чырвоных» латышскіх стралкоў. Яны каралі падначаленых, але не мелі на гэта маральнага права, бо самі не былі беззаганнымі. Выклікаюць пытанні тадышнія кадравыя перастаноўкі ў ЧК. Вось Верамей Белавусаў прызначаны разведчыкам па Гарадку 12 жніўня, а 28 жніўня звольнены. Іван Нікіцін стаў начальнікам разведкі 6 жніўня, а 18 жніўня чамусьці робіцца загадчыкам кладавой. Што за гэтым стаіць?

Следчы Гарадоцкае ЧК Іосіф Рыбек пабіў усе рэкорды махлярства. Прыняты на пасаду 23 жніўня 1918 года, ён 28 жніўня быў звольнены, 6о не адпавядаў пасадзе. У снежні высветлілася, што Рыбек, прымаючы грошы ад грамадзян як штраф, нелегальным чынам не здаваў іх па прыналежнасці, а збіраў у сябе і па звальненні знес з сабой 4100 рублёў; на той час гэта былі немалыя грошы. Спецыяльна створаная камісія дала тэлеграму аб росшуку былога следчага-махляра. Калі кралі чэкісты, дык што там казаць пра звычайных міліцыянераў? У кнізе Дуброўскага начальнік Гарадоцкае міліцыі фігуруе як Альфрэд Лусь, але сапраўднае яго прозвішча Лус. Недакладнасць магла з'явіцца ад дарэвалюцыйнага напісання «Лусь» — тут лёгка зблытаць цверды і мяккі знакі... Пачаўшы са старшыні салдацкага камітэта 298-га стралковага палка, гэты чалавек сцвярджаў сябе ў рэпрэсіўнае дзейнасці. Аднак увайшоў у смак і, як кажуць, «заляцеў». Ён прыхапіў сабе мэблю былога памешчыка Андрэя Вендта. Нехта паведаміў пра гэта кіраўнікам ЧК Мацюхову і Кундзевічу, тыя праз два дні паехалі на млын пры пасадзе Аляксеенкі, дзе жыў Вендт і дзе высветлілася, што тав. Лус сапраўды ўзяў мэблю дзеля свайго асабістага камфорту. А паводле цыркуляра іншагародняга аддзела, уся маёмасць заможных асоб, якія зніклі, баючыся арышту, канфіскавалася або перадавалася бяднейшаму насельніцтву. Пастановай калегіі аддзела ўпраўлення Лус 31 кастрычніка 1918 года быў адхілены ад свае пасады.

Цікава, якія адносіны былі паміж сябрамі Гарадоцкага выканкама. Загадчык Аддзела народнае адукацыі Котаў паведаміў у ЧК, што некаторыя члены выканкама былі заўважаны ім у нецвярозым стане. Па тых часах арышты эа н'янства былі звычайнай практыкай, бо ніхто не касаваў уведзены ў 1914 годзе царскім урадам «сухі закон», палітычная абстаноўка была не дужа спрыяльнай і не след было новае ўладзе лішні раз губляць свой аўтарытэт. ЧК спусціла заяву ў выканкам, а яго сябры, абмеркаваўшы, заявілі, што яна не адпавядае сапраўднасці і ёсць не што іншае, як паклёп. Котава выключыі са складу выканкама. Чыя была праўда, цяпер высветліць цяжка, але ў кожным выпадку гэты інцыдэнт не дадае павагі тагачаснае гарадоцкае ўладзе.

2

Камунізм камунізмам, але нехта павінен быў і працаваць. Масавая калектывізацыя адбудзецца праз некалькі год. Ва ўмовах беспакара-насці і ўсеагульнае блытаніны разбуралася сельская гаспадарка. На павятовым з'ездзе Зямельных аддзелаў 22 кастрычніка 1918 года загадчык павятовага зямельнага аддзела Цімафей Дынер адзначаў: «...Савецкіх гаспадарак у павеце няма, часткова таму, што распара-джэнне аб пераходзе высока-культурных маёнткаў у дзяржаўны фонд атрымана параўнальна нядаўна, а галоўным чынам таму, што маёнткі былі разрабаваныя і цяпер даводзіцца рабіць усялякія захады да збірання інвентару, як жывога, гэтак і мёртвага».

Але бальшавікі ўжо прыступаюць да сацыяльна-эканамічных эксперыментаў і вядуць абследаванні ў Ціёсцянскай, Вышадскай, Дубакрайскай і Казьянскай валасцях. Яны знаходзяць, што прыдатнымі для стварэння камун выявіліся маёнткі Цібста і Палова Ціесцянскае воласці; Вышадкі, Бярэзна і Загараны Вышадскае воласці; Дубакрай, Рудня і Лехава Дубакрайскае воласці; Казьяны, Рудня-Старыца, Роўнае і Глушыца Казьянскае воласці. Адначасова з даследаваннем маёнткаў робяцца распараджэнні аб высяленні з тых, якія прызнаны "народнымі", выселеным для пасялення часова адводзіўся маёнтак Шчалбова Ціёсцянскае воласці.

3 вялікім імпэтам бальшавікі секлі сукі, на якіх сядзелі. Пасадзіўшы ў турму святара Гарадоцкага сабора Бурнукова, яны былі вымушаны неўзабаве звярнуцца да яго на дапамогу. У тыя часы святар выконваў функцыі цяперашняга супрацоўніка ЗАГСа. Бурнукоў меў кнігу з запісамі нараджэння, але зняволены, натуральна, не меў магчымасці працягваць улік. Спахапіўшыся, канфіскаваную кнігу накіравалі ў Віцебскую ЧК з просьбай даручыць Бурнукову ў турме скласці метрычную кнігу і, падрыхтаваўшы, выслаць у натарыяльны аддзел.

3

Увогуле, «непрызнанне Савецкае ўлады», «кампраметацыя Савецкае ўлады», «агітацыя супраць Савецкае ўлады» і «контррэвалюцыйная агітацыя» былі найбольш пашыранымі абвінавачваннямі. 3 гэтымі фармулёўкамі ў Гарадоцкай турме знаходзілася процьма людзей, якія цьмяна разумелі, за што іх зняволілі. На перапоўненасць турмы Надзвычайнай камісіі неаднаразова ўказваў павятовы выканкам, прапануючы ў магчыма хутчэйшы тэрмін разбіраць справы, не трымаючы доўга ў турме. Вядома, указанне выканкама чэкісты маглі зразумець як санкцыю. Пэўна, з чэрвеня 1919 года, калі ў Віцебску быў створаны першы канцэнтрацыйны лагер, такіх праблем не паўставала.

На падставе падазрэння ў спекуляцыі маглі забраць сабе любую рэч, якая прыйшлася даспадобы. На адным з пасяджэнняў калегіі аддзела кіравання нават падымалася пытанне, каб казённыя рэчы, знойдзеныя падчас вобшукаў у павеце, афіцыйна перадаваць для патрэб міліцыі. У прэзідыуме выканкама хапіла сумлення адхіліць прапанову: усе знойдзеныя пры вобшуках рэчы перадаваць мусіць ў ваенны каміса-рыят; міліцыя атрымлівае па службе належную зарплату і ўсе неабходныя прадметы абмундзіравання павінна набываць за свой кошт.

4

Спачатку сяляне супраціўляліся пасіўна і моўчкі. Цыркуляр Зямельнага аддзела 16 верасня 1918 года трывожна паведамляў: «Шмат у яіх вёсках, фальварках і маёнтках засталося ўвесну сёлета шмат неўзаранае і неабсемяненае зямлі. Гэтак і зараз пад азімыя застаецца шмат дзе зямля неўзараная і неабсемянёная, такое вядзенне сельскае гаспадаркі на месцах недапушчальнае, бо... цягне за сабой страшэнную галадоўлю для ўсяго насельніцтва Рэспублікі... У каго застанецца неўзараная зямля, тыя будуць прыцягвацца да адказнасці аж да канфіскацыі ўсяе маёмасці».

Сяляне абараняліся ў найвышэйшае ступені дэмакратычным шляхам. Арганізуюцца валасныя структуры ўлады — яны абіраюць туды сваіх найбольш паважаных і, адпаведна, заможных прадстаўнікоў. На павятовым з'ездзе зямельных аддзелаў 15 жніўня 1918 года прадстаўнік ад Болецкае воласці Мураўёў паведаміў, што сялянскі сход зусім адмовіўся дзяліць зямлю і ў далейшым толькі З'езд вясковых Саветаў можа пасганавіць дзяліць зямлю адпаведна колькасці едакоў. Сход даў Мураўёву наказ заявіць, што ўзяцця хлеба на ўлік грамадзяне Болецкае воласці не дапусцяць і вывозіць куды-небудзь з воласці не дадуць. Валасны выканаўчы камітэт з'яўляецца толькі выканаўчым органам схода і робіць тое, што сход загадае. Слаба дэейнічаў закон аб сацыялізацыі зямлі ў тых валасцях, дзе ў валасныя выканкамы і Зямельныя аддзелы прайшлі заможныя сяляне, — у Дубакрайскай, Руднянскай, Стайкаўскай, Старынскай валасцях. Але наіўна было чакаць, што бальшавікі будуць паважаць волю большасці. З'езд пастанавіў зрабіць самыя энергічныя захады да недапушчэння ўдзелу ў валасных выканкамах і Зямельных аддзелах прадстаўнікоў маёмных класаў.

У Дубакрайскай воласці пад уплывам агітацыі арганізавалася камуна з 10 сем'яў, але потым, з прычыны супраціўлення сялян бліжэйшых вёсак дапушчэнню камунараў да карыстання зямлёй, тыя адмовіліся. Прыбыўшы на месца, старшыня зямельнага аддзела не здолеў уладзіць канфлікт, і камуна распалася.

5

У далейшым гвалт пачаў выклікаць актыўнае супраціўленне. 4 ліпеня 1918 года ў вёсцы Краснаполле сяляне збілі пасланых туды чырвона-армейцаў. У сувязі з гэтым выступленнем супраць улады былі арыштаваны Іван Дзешаўкоў, Павел Дольнік, Прохар Іваноў, Восіп Крупоўскі, Яфор Нямыцька, Карл Озаль, Гаўрыла Пятроў і Міхаіл Шалаеў. Яны былі, аднак, неўзабаве вызваленыя пад распіску.

У Стайкаўскае воласці на сходзе па ладзелу зямлі былі збіты сябры валаснога выканкома і камісіі па размеркаванню зямлі. У прыватнасці, члену апошняй Раманаву зламалі руку. 3 прычыны контррэвалюцый-ных настрояў воласць была аб'яўлена на ваенным становішчы.

Напружанне расло. У лістападзе на пасяджэнні калегіі Аддзела кіравання разглядалася пытанне аб контррэвалюцыйнай агітацыі ў Старынскай воласці. 3 пратакола пасяджэння: «...Пастанавілі: «I. Перадаць у Гарадоцкую ЧК і прасіць аб тэрміновым арышце святара в. Мехавое Аляксандра Сакалова і млынара в. Бадзякіна... Напалеона Энтраурда як яўна вядучых контррэвалюцыйную прапаганду, што пацвярджаюць сваімі паказаннямі... загадчык Аддзела народнае адукацыі пры Старынскім выканкаме... і старшыня Зямельнага аддзела Старынскага валаснога выканкама...» Наспяваў, як цяпер кажуць, сацыяльны выбух. I ён адбыўся.

Паўстанне пачалося 9 лістапада 1918 года ва Усвяцкай ды Касплянскай валасцях Веліжскага павета. Апошняй кропляй да выступлення стала ваенная мабілізацыя грамадзян 1893 — 1898 гадоў нараджэння. Быў выстаўлены лозунг «Далоў Саветы!», паўстанцы патрабавалі таксама аднаўлення манархіі. Сярод удзельнікаў паўстання былі афіцэры Белае гвардыі, памешчыкі, духавенства, але галоўным чынам, гэта былі сяляне. Зброя і баепрыпасы былі ўзятыя з таго, што засталося пры расфармаванні вайсковых частак 17-га корпуса. Мелася сувязь з Пскоўскай ды Смаленскай Белай гвардыяй. Ёсць падстава меркаваць, што паўстанне субсідавалася грашовымі сродкамі, пра што сведчыць захоплены генеральскі загад. Неўзабаве паўстанцы разагналі Савет ў самім Веліжы. Пазней, у снежні на пасяджэнні камітэта партыі Веліжскай арганізацыі спачувальнікаў Р.К.П.(б) з'явіцца пастанова: «...За ганебныя паводзіны і баязліўства ў час наступу белагвардзейскіх банд на гор. Веліж выключыць тав. Свойскага, Лазоўскага, Румянава, Ільіна і Аляксандрава. Тав. Іофэ і ўсім жанчынам — сябрам партыі за выключэннем тав. Брын Д. і Годэс Д., вынесці асуджэнне. 11 лістапада паўстанне ахапіла ўвесь Веліжскі павет.

6

Паўстанне раслаўсюджвалася на воласці сумежных паветаў. У Гарадоцкім павеце яно пачалося ў ноч на 13 лістапада ў Дубакрайскай, Зайкаўскай, Вярэцкай валасцях, адкуль перайшло на воласці Старынскую, Цібсцянскую, Стайкаўскую, Горкаўскую і Вышадскую. 3 данясення ваеннага кіраўніка Дземідзенкі і ваеннага камісара Бескатаўскага валаснога камісарыята Нікіфарава Старшыні Вышадскага Надзвычайнага штаба Сапёраву: «... 15 лістапада... з'явіліся ў Старынскі выканкам каля 40 чалавек, якія называлі сябе бела-гвардзейцамі і чэхаславакамі, быў арыштаваны старшыня выканкама, адабрана зброя ў тых, хто яе меў пры выканкаме. Забралі ў ваенным камісарыяце ўсе кнігі і справы, пасля чаго прыступілі да склікання сходу...». У захопленых валасцях паўстанцы абіралі новыя органы ўлады.

Пачаліся ўзброеныя выступленні ў Нова-Вазнясенскае, Аляксееўскае, Зябкінскае валасцях Невельскага павета. Смаленская газета «Западная коммуна» паведамляла, што з 11 па 17 лістапада амаль уся Віцебская губерня была ахоплена контррэвалюцыйным паўстаннем, якое выбухнула ў Веліжскім лавеце і перакінулася ў іншыя месцы...

7

«Чырвонымі» быў арганізаваны Надзвычайны Ваенна-Рэвалю-цыйны штаб, які тэрмінова прыняў захады да падаўлення паўстання. У Гарадку і павеце было аб'яўлена ваеннае ста-новішча. Аб'ява ад 16 лістапада: «Надзвычайным Ваенным штабам аб'яўляецца Вышадская воласць на ваенным становішчы. Усе грамадзяне Вышздскае воласці неадкладна павінны здаць зброю рознага роду Ваеннаму штабу, які знаходзіцца пры Вышадскае воласці. Вышэйшая мера пакарання за непадпарадкаванне пастанове штаба — расстрэл. Старшыня штаба».

У Гарадку з ліку заможных жыхароў былі ўзяты 29 заложнікаў; бралі таксама грашовыя заклады. Тут дарэчы будзе працытаваць рукапісную квітанцыю: «Атрымана ад гр. в. Паташня Якава Дзмітрыева Салаўёва заклад за сына Івана як заложніка контр-рэвалюцыйнага паўстання ўсяго тры тысячы рублёў (3000 руб.). 17 лістапада 1918 года. Подпіс: Старшыня Надзвычайнага Ваеннага штаба Сапёраў». Цяжка сказаць, хто прыдумаў падобныя заклады, але, па сутнасці, гэта асабліва цынічная форма марадзёрства. Зразумела, што бацька ні за якія грошы не выдасць сына; грошы, такім чынам, ніколі не будуць вернуты.

8

У мяцежныя воласці Гарадоцкага павета быў накіраваны атрад чырвонаармейцаў пад кіраўніцтвам Івана Нікіціна. Баявыя дзеянні вяліся з розным поспехам, у залежнасці ад таго, хто э'яўляўся арганізатарам у канкрэтнай мясціне: афіцэры або сяляне. 3 цыдулькі старшыні Гарадоцкага ЧК: «Таварыш Кундзевіч! Прашу недастаўляць у Гарадок белагвардзейцаў, а расстрэльваць на месцы. Усе віды харчу, мяса ды іншы правіянт бязлітасна браць у кулакоў... Старшыня Мацюхоў».

Сілы былі няроўныя. 17 лістапада лаўстанне ў Гарадоцкім павеце было ладаўлена. У выдадзенай ў 1988 годзе ў Варшаве кнізе «Айцы БССР і іхны лёс» гісторык Аўген Калубовіч піша: «На сёмы дзень змагання, пасля разбіцця 3000-нага паўстанчага злучэння ў Сімічоўскім лесе пад Веліжам і коннага паўстанчага злучэння ў Веліжы, паўстанне было пераможана. Паводле прысудаў Выязной тройкі Віцебскага губЧК, Рэўтрыбунала 15-й арміі і штаба ЭКА (Экспедыцыйна-карны аддзел) на Пакроўскім полі за Веліжам колькі дзён і начэй расстрэль-валіся паўстанцы... У Гарадоцкім павеце паўстанне ўжо канчальна здушанае. У іншых паветах ліквідуецца. У паўночнай частцы Полацкага павета, дзе паўстанцы захапілі Расоны раззбраенне працягваецца, адабрана каля 1500 стрэльбаў».

«Чырвоныя» паводзілі сябе як зацятыя марадзёры. У лютым 1919 года Віцебскі Рэўтрыбунал будзе разглядаць справу чырвонаармейцаў Віцебскага каравульнага батальёна Скаварады, Янушэнка, Навічэнка, Мягіля і Баранаўскае ЧК Дзяменцьева і Іванова па іх грабежніцтву ў Веліжскім павеце. Аднак абаронца Лапіраў укажа на тое, што яго падабаронныя падаўлялі контррэвалюцыйнае паўстанне, знаходзіліся і жылі не ў мірнай, спакойнай абстаноўцы, а былі на пярэднім фронце грамадзянскай вайны.Трыбунал не палічыць іх грамадска-небяспечнымі людзьмі і вынесе ім умоўнае пакаранне. На месцах паўстання былі расстраляны грамадзяне Горкаўскай воласці Цімафей Новікаў і Іосіф Карныш; Стайкаўскай воласці - Улас Цімафееў; Ціёсцянскай воласці Сямён Лісіцын, браты Сяргей і Антон Балабанавы, Аляксандр Каганаў, Міхаіл Сураўнёў; Вышадскай воласці - Аляксандр Лапаценка, Арцём Кнуроў, Канстанцін Данілаў, Фёдар Гаўрыленка - былы суддзя ўчастка Гарадоцкага павета; грамадзяне Усвяцкай воласці Веліжскага павета Міхаіл Сінцоў і Антон Бальшухін.

Хто быў кіраўніком паўстання? У памянёнай кнізе Дуброўскага ў якасці адмоўных персанажаў прыводзяцца даўгапольскі і вышадскі памешчыкі Пёра і Ясінскі, эсэр Обальскі, паручнік Кулакоўскі, штабс-капітан Воранаў і падлалкоўнік Мілёнкін. Цікава, якія архіўныя звесткі і наколькі глыбока праглядаў Дуброўскі, але, здаецца, Кулакоўскі — выдуманае прозвішча з яскрава адмоўнай матывацыяй. Вядома, што добра ўзброены атрад Воранава колькасцю каля 300 чалавек праз год, у кастрычніку 1919 года, дзейнічаў у раёне вёсак Курына, Ліпіна, Ноўка. Але ці гэты Воранаў апісаны ў кнізе Дуброўскага і ці сапраўды ён удзельнічаў у Веліжскім паўстанні? Паводле кнігі, пасля падаўлення паўстання Мілёнкін уцёк ажно ў Кіеў; Воранаў часова схаваўся ў Смалоўскім лесе; Кулакоўскі, сабраўшы новых паўстанцаў, наступаў з-пад Мяжы на Вышадкі, але на падыходзе да Вышадак быў разбіты. Сам Кулакоўскі быў неўзабаве злоўлены пад Веліжам і расстраляны. Але нарысу-хроніцы Дуброўскага не варта дужа давяраць, бо ў ёй ёсць недакладнасці. Прыкладам, старшыня ЧК Мацюхоў (для большае мілагучнасці?) дзейнічае там як Мацюшоў. Ды і ўвогуле пра паўстанне згадваецца, як пра штосьці другараднае; у цэнтры ўвагі даўгапольская камуна«Чырвоны сцяг».

3 пратакола пасяджэння ЧК ад 28 лістапада 1918 года: "...Слухалі: ...34. Справу № 417 гр. Веліжскага павета Усвяцкае воласці Сцяпана Дзмітрыева Салохіна, абвінавачанага ў паўстанні белагвардзейскіх банд у якасці кіраўніка. Пастанавілі: 34.. Гр... Сцяпана Салохіна як зацятага праціўнікаСавецкай ўлады і верхаводы паўстання, які прымаў актыўны ўдзел... і падбухторваў грамадзян,... расстраляць".

У штомесячным аглядзе «Релнгня н атензм в СССР» (Мюнхен, кастрычнік 1956) адным з кіраўнікоў паўстання называецца дыякан Ільінскае царквы ў Веліжы Ціхан Абрадзін. Калі яго дзесяцігадовага сына ЧК прымусіла капаць магілу для бацькі, а. Ціхан спяваў над сваёй магілай пахавальныя песні.

Захаваўся цікавы дакумент, паўстанцкі пролуск на трох чалавек, падпісаны камандзірам Белае гвардыі (подпіс неразборлівы, але не падобны на прозвішча Салохін). Пропуск выпісаны на афіцыйным бланку Вышадскага валаснога Савета. Дата: 2/ XI-18 года. Тут ёсць над чым падумаць, бо, паводле дакументаў «чырвоных», паўстанне ў Гарадоцкім павеце пачалося толькі 14 лістапада. Паўстанцы магпі выкрасці бланкі, маглі выпісаць пропуск задняй датай (навошта?), захапіўшы Вышадскі выканкам. Але я дазволю сабе выказаць версію, што ў Вышадскім выканкаме былі асобы, якія мелі сувязь з арганізатарамі паўстання напярэдадні яго пачатку.

Гэтую версію ўскоска пацвярджае пратакол пасяджэння Гарадоцкае ЧК 19 снежня 1918 года: "...Слухалі: справу № 413 гр. Стайкаўскае воласці в. Жабіна Рамана Іванавіча Насенкава, абвінавачанага за ўдзел у белагвардзейскае змове... Пастанавілі: справу гр. Насенкава перадаць у Гарадоцкі камітэт партыі камуністаў-бальшавікоў на рашэнне, улічваючы, што ён — член партыі". Як бачым, сярод бальшавікоў былі тыя, хто не падзяляў іхніх задач ці метадаў і мог пры выпадку дапамагчы праціўніку.

9

Канчаткова паўстанне было падаўлена толькі 27 лістапада. Па ўсіх мяцежных паветах распачаліся арышты. «Чырвоныя» ніколі не паважалі дэмакратыю, а, правё'ўшы пэўную частку жыцця ў царскіх вязніцах, разумелі і паважалі толькі сілу. У пачатку 1919 года ў Віцебскае губерні праводзіліся перавыбары валасных Саветаў. Але ў Веліжскім павеце ніякіх выбараў не адбылося, бо з меркаванняў палітычнае мэтазгоднасці было вырашана захаваць тут на працяглы час Рэвалюцыйныя камітэты.

Аналізуючы сітуацыю, якая папярэднічала паўстанню, прыходзіш да думкі: было б дзіўна, калі б яно не адбылося. Веліжскія паўстанцы не выстаўлялі нацыянальных лозунгаў. Але кожнага з іх асабіста пакрыўдзіла, абразіла нечалавечая палітыка бальшавікоў у адносінах да сваіх кармілыдаў. Рабаўнікі самі рыхтавалі паўстанне супраць сябе. Полымя сялянскага супраціўлення шуганула найперш там, дзе асабліва бязлітасна распраўляліся з сапраўднымі гаспадарамі зямлі, дзе на многія кіламетры гушчар, дзе людзі і ў другую сусветную знаходзілі сабе паратунак, дзе і тады дзейнічалі знакамітыя «Віцебскія вароты». Гэтыя людзі вартыя не асуджэння, а павагі, бо баранілі свае сем'і, сваю зямлю, сваю маёмасць. Іх паважалі нават ворагі. Гэта мы, нашчадкі, цяпер кажам «Кастрычніцкая рэвапюцыя» і «белагвардзейскія банды». У тагачасных дакументах ужываюцца азначэнні «пераварот» і «паўстанне».

10

Інфармацыі па паўстанню небагата. Гэта можа быць па аб'ектыўных прычынах: у грамадзянскую вайну напады на валасныя выканкамы паўтараліся яшчэ шматразоў, і паперы пры гэтым маглі быць знішчаны.

У другую сусветную Віцебскі архіў быў, аднак, эвакуіраваны.

У 1989 годзе некалькі папак, што датычыліся Веліжскага паўстання, былі пераведзены ў абласным архіве з сакрэтнага на адкрытае захоўванне. Верагодна, нейкая частка матэрыялаў усё яшчэ засакрэ-чана. Мы не ведаем канкрэтна, дзе месцы колішніх галоўных узброеных сутыкненняў, баёў, эасад. Якія страты панеслі "чырвоныя"? У якія няпростыя псіхалагічныя сітуацыі траплялі людзі, якіх звярыная ідэалогія адарвала ад сем'яў і смяротным чынам звяла на полі бою? Ці жывыя зараз сведкі тых даўніх падзей?

Уся наша гісторыя ў архівах. У пажоўклых паперах не абстрактныя рэвалюцыя, калектывізацыя, экспрапрыяцыя і класавая барацьба. 3 пастаноў ЧК, пратаколаў допытаў, штабных данясенняў да цябе з надзеяй звяртаюцца канкрэтныя людзі са сваімі поглядамі, патрэбамі, крыўдамі. I я здзіўляюся прафесійнаму гісторыку: вось жа яна, даўніна, чаму не бярэш? Можа, ужо ўзяў, можа нават закрытую дысертацыю дзеля дысертацыі абараніў? А ты дзеля людзей! Працуй, шукай для сваіх суайчыннікаў тое, пра што ўжо не могуць распавесці нявінна пакрыўджаныя і абрабаваныя, зняволеныя і расстраляныя! Ужо і ўнукі іх забыліся на імёны дзедавы, а яны ж аддалі жыцці, верыўшы, што некалі іх унучкі будуць мець і хлеб, і волю, і зямельку... Каму яна цяпер патрэбная, зямля гэтая! Здзекваліся з руплівага гаспадара-працаўніка «чырвоныя» аб'ядалы, скеміўшы, што можна менціць языком пра сусветную рэвалюцыю, лайдачыць і баляваць на касцях гаспадарскіх. I што цяпер маеце?