Вера Міцкевіч з унукам Данілам каля помніка Якубу Коласу ў Стоўбцах. 2022 год
Нядаўна з друку выйшла кніга «Табой я жыў, табой жыву...», прысвечаная прыватнаму жыццю Якуба Коласа, якая мала каго пакіне абыякавым. Старонкі кнігі мы пагарталі з унучкай песняра і даследчыцай сямейнага радаводнага дрэва Верай Міцкевіч.
Вера Міцкевіч
— Вера, кніга "Табой я жыў, табой жыву...«,прысвечаная жонцы паэта Марыі Дзмітрыеўне, унікальная ў сваім родзе, я больш не прыгадаю падобных выданняў, прысвечаных спадарожніцам жыцця нашых класікаў. Як узнікла яе задума?
— Пра Якуба Коласа напісаны дзясяткі кніг — навуковых і мастацкіх, сотні артыкулаў. Нават яго сыны напісалі па кнізе: Даніла Канстанцінавіч — «Любіць і помніць» і Міхась Канстанцінавіч — «Пад бацькоўскім дахам». Выйшла і кніга «Апалены золак» — пра Юрку Міцкевіча, сярэдняга Коласавага сына, які загінуў на фронце. І вось у гэтым шматлікім шэрагу мы ўбачылі белую пляму — няма нічога пра жонку Коласа Марыю Дзмітрыеўну, пра самага блізкага яму чалавека, яны пражылі разам 32 гады. І вось кніга выйшла і ўспрымаецца з цікавасцю. Ужо прайшлі прэзентацыі ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, у раённых бібліятэках у Слоніме, Магілёве, Пінску, Лунінцы, Барысаве, у абласной бібліятэцы ў Гродне.
— Розныя жонкі бываюць у творчых людзей. Бываюць жонкі-музы, жонкі-гаспадыні, жонкі-самаахвярніцы, якія цалкам прысвячаюць сваё жыццё мужам. Кім была Марыя Дзмітрыеўна для Якуба Коласа?
— Усім. На думку Коласавай малодшай сястры Алены Міхайлаўны Лойка, увогуле не было б вялікага Коласа, калі б столькі гадоў не была з ім побач Марыя Дзмітрыеўна. Што да музы, то мела месца такая гісторыя. Яшчэ да шлюбу ў паэта быў сшытачак вершаў пра каханне, якіх ён нікому не паказваў. Пазнаёміліся яны, як успамінаў дзядзька Міхась, на настаўніцкіх курсах у Пінску. І вось Марыя Дзмітрыеўна знайшла той сшытачак у першы-другі год шлюбу і строга спыталася: «Костусь, каму ж ты прысвяціў столькі лірычных прызнанняў у каханні?». Паэт адказаў: «Вядома ж, табе!» — «Я зразумела па датах, што мне, але чаму пасля таго, як мы павянчаліся, не з’явілася ніводнага верша?»... На жаль, той сшытачак не захаваўся, мы ведаем адтуль толькі адзін верш — «Дзяўчыне».
Якуб Колас з жонкай Марыяй Дзмітрыеўнай і сынам Данілам. 1917 год
— Вельмі розныя паэты — Колас і Купала. У тым ліку ў вызначэнні нечага істотнага. Колас напісаў пра жонку: «Табой я жыў, табой жыву», у Купалы іншы прыярытэт: «Песняй толькі на свеце жыву я». Але ж гэта не перашкаджала ім сябраваць?
— У нечым яны сапраўды былі розныя, але шмат што іх і яднала. І Колас, і Купала нарадзіліся ў адзін год — 1882. Іх жонкі — Марыя Дзмітрыеўна і Уладзіслава Францаўна— таксама нарадзіліся ў адзін год — 1891. Але калі Купаліха была дзейнай, уладарнай, любая справа, што называецца, гарэла ў яе руках, то Марыя Дзмітрыеўна мела іншы характар — больш хатні, утульны, сямейны. Ды нездарма ж у народзе кажуць, што жанчына ў сям’і — гэта шыя, якая паварочвае галаву ў патрэбны бок. Дык вось, куды яна накіроўвала, туды Колас і паварочваўся.
— Тое ж самае, відаць, можна сказаць і пра Купалу. Выходзіць, «падкаблучнікамі» былі першыя народныя паэты...
— Не, тут гэткае азначэнне наўрад ці падыходзіць. Колас з Купалам сябравалі сем’ямі. Іван Дамінікавіч і Уладзіслава Францаўна любілі бываць у доме Коласа, поўным дзіцячых галасоў, на срэбнае вяселле падаравалі «маладым» срэбныя чарачкі. Дарэчы, яны цудам зберагліся — пасля вайны былі знойдзены на папялішчы Коласавага дома, ачышчаныя ад куродыму і пазней перададзены ў музей. Мой бацька і дзядзькі заўсёды атрымлівалі ад Купалы падарункі, часам прывезеныя з-за мяжы. Думаю, што яго верш «Юрачка» быў прысвечаны дзядзьку Юрку, там усё супадае.
— Марыя Дзмітрыеўна нарадзілася ў Ашмянах, але па нацыянальнасці, здаецца, не беларуска?
— Па лініі маці яна мела нямецкія карані, з вядомага роду Гогенлоэ, а бацька яе быў рускім. Але яна дасканала ведала і любіла беларускую мову, якая стала для яе роднай. І выхаванне ў сям’і было беларускім. Прычым, апрача ўласных трох сыноў дзед з бабуляй выхоўвалі і чужых дзяцей. Выхаванцы ў сям’і жылі пастаянна — і сын першага дырэктара Коласа Івана Міцкевіча Мікалай (пазней стаў выдатным хімікам, акадэмікам), і далёкая родзічка бабулі Жэня Увядзенская, чыя маці памерла, і Вольга Прачук — бежанка з Гродзеншчыны. На ўсіх у бабулі хапала ласкі, пяшчотных слоў. У кнізе прыводзіцца сведчанне сына Юркі, які на срэбным вяселлі бацькоў устаў і сказаў: «Вялікі дзякуй вам, тата і мама, што за ўсё жыццё я ні разу не пачуў брыдкага слова і ніякай лаянкі паміж вамі».
— Калі чытаў кнігу, мяне ўразіў кулінарны талент Марыі Дзмітрыеўны — колькі яна ўсяго гатаваць умела!
— Так, яна гатавала выдатна. Бацька ўспамінаў, што Марыя Дзмітрыеўна на святы магла выставіць на стол паляндвіцу, каркавіну, зельцы, кумпякі, калдуны, зразы, верашчаку, дранікі, бабку, булён з грыбнымі вушкамі, грыбы марынаваныя і салёныя, цыганскі мазурак, ламанцы... Усё — уласнага вырабу. А яшчэ ўмела выпякаць нямецкі торт «Баўмкухэн» («Кухоннае дрэва»). У 1925 годзе дзед з бабуляй з такім тортам хадзілі да Купалы на юбілей яго творчай дзейнасці.
— А яшчэ мяне здзівіла, што Марыя Дзмітрыеўна не баялася ў коле сям’і выказвацца супраць Сталіна. Тут, відаць, наклала свой адбітак асабістая трагедыя — яе брат быў рэпрэсаваны.
— Не толькі брат. Дзядзька Коласа мовазнавец Язэп Лёсік таксама, як вядома, быў арыштаваны. А брат Марыі Дзмітрыеўны Аляксандр Камінскі, якога забіралі з дома Коласа, так і не вярнуўся, загінуў у Салікамску. Хоць Колас і прыкладаў усе магчымыя намаганні, каб яго вызваліць. Пісаў лісты пракурору і БССР, і СССР — нічога гэта не дало. Так што да Сталіна і сталіншчыны ў сям’і было адмоўнае стаўленне.
— «Зорка мая», «мой квеце», «душы маё палова», «мая святыня»... Так звяртаўся Якуб Колас да сваёй каханай Марыі, і гэта далёка не поўны пералік эпітэтаў. Такое адчуванне, што народны паэт усе трыццаць два гады глядзеў на жонку захопленымі вачыма. У творчых сем’ях гэта так рэдка бывае...
— Тое, што муж-паэт узвялічваў жонку ў вершах, — тут дзіва няма. Наогул для Коласа жанчына была — як ікона, як нешта вышэйшае. Але так бачыў Марыю Дзмітрыеўну не толькі Колас. Знакаміты скульптар Заір Азгур, які быў другам сям’і, называў яе Мадоннай. І ўспамінаў пазней: «Самае цікавае, што і Колас глядзеў на яе як на Мадонну!».
— Відаць, нездарма менавіта Азгур па просьбе Коласа рабіў надмагільны помнік па Марыі Дзмітрыеўне. Вельмі прыгожы, дарэчы. Дзе толькі ў пасляваенным Мінску белы мармур удалося здабыць?
— На Вайсковых могілках на яе магіле быў цэлы мемарыяльны куток зроблены, ён, на жаль, ужо не існуе. Там былі дзве літыя з металу лаўкі, а белы мармур прывезлі з Украіны, з Корасценя, там было радовішча. Працавалі спецыяльна запрошаныя ленінградскія каменярэзы, барэльеф і факсімільны надпіс "Майму лепшаму другу«почыркам Коласа зрабіў Азгур. А нядаўна ўдалося перад помнікам маці ўсталяваць памятную дошку сыну Юрку. І цяпер усе сыны — вакол маці. Думаю, душы бабулі і дзеда радуюцца на небе, што ўся сям’я хоць такім чынам сабралася.
— Чаму Марыя Дзмітрыеўна памерла адносна маладой — на
— У канцы 1944 года ў яе выявілі анкалогію, у Маскве зрабілі аперацыю, рабілі апраменьванне радыем, і справа нібыта пайшла на папраўку. Марыя Дзмітрыеўна ляжала ў філіяле Крамлёўскай бальніцы ў Сакольніках, там з ацяпленнем былі праблемы, і яна захварэла на запаленне лёгкіх. У пасведчанні прычынай смерці значыцца гэта хвароба.У яе ад нараджэння былі слабыя лёгкія, яна шмат разоў хварэла. Як, дарэчы, і Колас, ён на запаленне лёгкіх хварэў больш за 20 разоў.
— «На сэрца горыч вірам хлыне, / Як дождж на голле і камлі: / Мой добры друг, мая святыня / Ляжыць адна ў сырой зямлі...». Па тагачасных вершах Якуба Коласа відно, як ён перажываў.
— Перажываў, вядома. У лісце да стрыечнага дзядзькі Ігната Міцкевіча пісаў у Мікалаешчыну: «Адчуваю сябе так, як бы мне адсеклі правую руку і адабралі палову душы. Так мне цяжка і пуста». Браты і сёстры песняра адказалі спачувальным лістом, у якім запрасілі Коласа на радзіму: прыязджай, Кастусёк, Нёман наш, нашы бары цябе палечаць, акрыяеш хутчэй.
— У кнізе «Табой я жыў, табой жыву...» публікуецца цікавы дакумент — спачувальны ліст Якубу Коласу ў сувязі са смерцю жонкі ад Урада БССР, падпісаны Панцеляймонам Панамарэнкам і яшчэ дзесяццю членамі ўрада. Дарэчы, напісаны, не чыноўніцкай, а чалавечай мовай. Сёння, калі на пахаванні народных пісьменнікаў чыноўнікі нават не прыходзяць, нешта падобнае цяжка і ўявіць.
— Тады да нацыянальнай культуры і яе творцаў у рэспубліцы было куды больш пашанлівае стаўленне. Яно захоўвалася і пазней. Я ўспамінаю, як у Палацы спорту святкавалася
— У канцы мінулага года вы, Коласавы нашчадкі, прысутнічалі ў Стоўбцах на адкрыцці помніка Коласу. А там да вас хто-небудзь з высокага начальства падышоў?
— Ніхто не падышоў.
— Нават старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама?
— Па-мойму, яго там і не было. На адкрыцці мы стаялі з аўтарамі помніка Іванам Якімавічам Міско і Уладзімірам Піпіным. Помнік нам спадабаўся. Знаходзіцца ён у добрым месцы — у скверы, непадалёк школа і дзіцячы садок, цэнтральная вуліца. Зразумела, што на радзіме Коласа павінен быў паўстаць малады пясняр. Але зусім маладога нельга было рабіць, бо тады б яго ніхто не пазнаваў. Дзякуй Богу, была знойдзена залатая сярэдзіна, помнік атрымаўся. Мы шмат разоў хадзілі ў майстэрню да Міско, праглядалі эскізы, рабілі свае заўвагі. І, трэба сказаць, скульптары да нас прыслухоўваліся.
— Агульнавядомы факт: Якуб Колас у апошні дзень свайго жыцця хадзіў у ЦК КПБ з лістом у абарону беларускай мовы. Як бы ён успрыняў сённяшні катастрафічны стан роднай мовы (дзяржаўнай па Канстытуцыі!)? Ці пайшоў бы кудысьці сёння з гэткім жа лістом?
— Відаць, пайшоў бы. Колас усё ж быў уплывовай асобай, дэпутатам Вярхоўнага Савета. Іншая справа — куды пайшоў бы? Да каго? Вось тут пытанне... Так, яму было б вельмі крыўдна, што і на трыццаць першым годзе незалежнасці беларуская мова так і не стала паўнапраўнай гаспадыняй ва ўласным доме, што мы па-ранейшаму ў старой ступе ўсё таўчомся. А выпраўляць становішча з мовай трэба пачынаць з дзіцячага садка, са школы і, калі хочаце, з гандлю. Мне так здаецца, я ж вучылася на гандлёва-эканамічным факультэце. Калі б установы гандлю перайшлі на беларускую мову, гэта была б вялікая справа. Згадайце, такія прыклады ўжо мелі месца, напрыклад, у «Еўраопце» людзі спецыяльна станавіліся ў чаргу да беларускамоўнай касы.
— А яшчэ выключнае месца займае сям’я. Ніхто ж не можа прымусіць людзей размаўляць на чужой мове са сваімі роднымі. Вось жа Коласава сям’я — выдатны прыклад. Сыны Даніла і Міхась і самі па-беларуску размаўлялі, і сваіх сямейнікаў прывучалі.
— Я свайму ўнуку Данілу стараюся чытаць толькі беларускія кнігі. І ён мне чытае, праўда, пакуль марудна. Вось «Савося-распусніка» нядаўна прачыталі, цяпер узяліся за «Рака-вусача».
— Нядаўна мы развіталіся з
— Па-першае, самае галоўнае пажаданне — здароўя. Па-другое, шанаваць усё сваё: сваю радзіму, сваю мову, сваю зямлю, свае традыцыі. І не толькі шанаваць, але і карыстацца імі ў жыцці. Пабольш падарожнічаць па Беларусі, любавацца яе цудоўнымі краявідамі, знаёміцца з цікавымі людзьмі. Зусім не абавязкова лятаць у Турцыю, можна выдатна адпачыць на беларускіх азёрах, многія з нас нават не ўяўляюць, якія ў нас ёсць прыгажосці!І па-трэцяе, беларусам трэба трымацца разам. І тады мы адолеем любыя перашкоды.
Міхась Скобла, публікацыя з № 2 газеты «Народная Воля»