Павел Белавус
Начальнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску Сяргей Паско распавёў, што Белавус «на працягу дзесяці гадоў вёў актыўную дзейнасць, накіраваную на змену дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам». «У 2011 годзе абвінавачаны для пошуку аднадумцаў пачаў трансліраваць патрэбную яму інфармацыю ў масы. Пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з’яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі».
«Ідэі беларускага нацыяналізму» — гучыць даволі цікава, асабліва «пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця». Падаецца, пад гэтым следчыя разумеюць дзейнасць «Арт-Сядзібы», якая сапраўды генерыравала багата ідэй нацыянальнага адраджэння.
Як улада падхоплівала «нацыяналістычную дзейнасць»
Пачыналася «Арт Сядзіба» з невялічкага моўна-дыскусійнага клуба, памяшканне якога было знята ў завода «Гарызонт». Першы ціск на арганізацыю пачаўся менавіта з пазбаўлення гэтага памяшкання. За 2012 год Мінгарвыканкам тройчы адмовіў у прадастаўленні памяшкання «Арт Сядзібе». Што нарабіла ініцыятыва? Проста давала пляцоўку для публічных лекцый, прагляду кінафільмаў, абмеркавання культурных падзей і прэзентацый. На іх у якасці гасцей запрашаліся аўтары і журналісты — менавіта гэта стала падставай для «занепакоенасці» ўлад.
Дарэчы, у тым жа годзе «Арт Сядзіба» атрымала прэмію Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці—2012» у намінацыі «Адмова года».
Аднак больш «Арт Сядзіба» была знакамітая сваімі незвычайнымі прабеларускімі акцыямі, якія (о, божухна!) потым альбо падхопліваліся ўладай, альбо нават праходзілі сумесна з уладамі.
Самая вядомая ініцыятыва — «Дзень вышыванкі». Першапачаткова ідэя нарадзілася ў «Арт Сядзібы» і паспяхова прайшла на базе кірмашу ў Палацы мастацтваў. Але з 2016 года яе перахапіў БРСМ. І праводзіў не адзін раз ды з вялікімі размахам — на пляцоўцы каля Палаца спорту. Дайшло да таго, што ў БРСМе нават выдумалі «Вышываныча» — персанажа Тэлеграм-стыкераў «з нацыянальным каларытам», распрацаванага напярэдадні «Дня вышыванкі» 2018 года.
І гэта не адзіная ідэя, якую праўладныя актывісты «скамуніздзілі» ў «Арт Сядзібы». У снежні 2014 года ініцыятыва пачала раздаваць стужкі з беларускім арнаментам мінакам — акцыя прасоўвалася ў сацсетках з хэштэгам #беларускаястужка. За раздачу стужак нават затрымлівалі Паўла Белавуса, Франака Вячорку і фотакарэспандэнта Уладзя Грыдзіна.
А ў чэрвені
Звярніце ўвагу на год — наступны год пасля расійскага захопу Крыма і стварэння так званых «ЛНР» і «ДНР». Тады «георгіеўская стужка» ператварылася ў знак расійскай агрэсіі, і ўлады шалёна напружвалі мазгі, чым яе замяніць. БРСМ вырашыў «пазычыць» ініцыятыву «Арт Сядзібы», а стужка з яблыневай кветкай з’явілася пазней.
Апроч БРСМа, побач з Белавусам павінна сядзець і кіраўніцтва Федэрацыі футбола. Менавіта яно «спрыяла нацыяналістычнай дзейнасці», бо разам з «Арт Сядзібай» праводзілі конкурс «Мова — музыка — футбол». Больш за тое, ва ўмовах конкурсу выказвалася пажаданне, каб музыкі стваралі «песні па-беларуску з патрыятычным зместам, якія падымаюць дух, могуць гучаць на стадыёнах падчас футбольных матчаў».
У 2016 годзе ў Магілёве з’явіліся білборды «Азбука беларускага арнаменту». «Натхніліся нашай торбай, нашым прынтом „Азбука беларускага арнаменту“. І з гэтага ў Магілёве нарадзілася цэлая кампанія ў межах Года культуры», — казаў у адным з інтэрв’ю Белавус.
А арнамент на пакунках бабруйскага зефіру з азбукай арнаменту? А адпаведная прадукцыя ў «Камунаркі»? Усё гэта пайшло адтуль — з «нацыяналістычнай» цяпер «Арт Сядзібы».
Symbal.by і «антыдзяржаўны» Мінгарвыканкам
Следчы камітэт наракае, што «Абвінавачаны (Павел Белавус — Рэд.) зарэгістраваўся ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і заснаваў таварыства з абмежаванай адказнасцю (крама па анлайн і афлайн продажы тавараў), пасля чаго пачаў праводзіць розныя масавыя мерапрыемствы. Створаныя бізнес-праекты адкрылі прадпрымальніку новыя магчымасці. Паколькі Беларусь заўсёды знаходзілася ў цэнтры ўвагі на палітычнай арэне, хутка знайшліся тыя, хто быў гатовы спансіраваць развіццё яго антыдзяржаўнай дзейнасці. Фігурант падпісаў не менш за 12 дагавораў з рознымі замежнымі прадстаўнікамі і кампаніямі. З тых часоў экстрэмісцкая дзейнасць на тэрыторыі Беларусі набывала новыя абароты дзякуючы ўліванням з-за мяжы».
Зразумела, размова ідзе пра краму symbal.by — самы паспяховы нацыянальны праект. Павел Белавус неаднаразова казаў у інтэрв’ю: «Я ад самага пачатку, калі мы ўсё гэта запускалі, казаў, што мы робім поп-прадукт. Папулярны прадукт, папсовы прадукт, а папсовы прадукт павінен быць лёгкі і зразумелы. Галоўнае, што ён нясе правільны мэсэдж. Наш мэсэдж — гэта Беларусь, незалежнасць, культура, гісторыя, спадчына. І ўсе нашыя рэчы, якія мы ў тым ліку робім камерцыйна, яны нясуць гэты мэсэдж, і калі яны карыстаюцца попытам, калі людзям падабаюцца, то для нас гэта важна, яно так лепш».
«Антыдзяржаўную», па цяперашнім меркаванні СК, дзейнасць крамы падтрымлівалі дзяржаўныя прадпрыемствы. «Мы зрабілі бел-чырвона-белую стужку на дзяржаўнай фабрыцы, сцягі шыем таксама на фабрыцы, якая шые і чырвона-зялёныя. І шмат рэчаў мы стараемся рабіць унутры Беларусі, паказаць, што гэта рэальна, гэта магчыма», — зазначаў Белавус.
«Мы сваімі дзеяннямі хочам паказаць, што гэта не апазіцыйны, а нацыянальны сімвал, пад якім Беларусь атрымала незалежнасць, які ўсе павінны паважаць і ганарыцца ім. Калі мы запусцілі крамы і пачалі прадаваць сувеніры, да нас пачалі хадзіць дзяржаўныя СМІ, асабліва калі пачаўся бум з вышымайкамі. Прыходзіць БТ, у нас „Пагоня“, сцягі. Пытаемся: „Вы будзеце ўсё гэта здымаць?“ — „Ну, мы здымем тое, што нам трэба...“ Пачалі нас запрашаць і на дзяржаўныя мерапрыемствы, гарадскую масленіцу, розныя фестывалі», — казаў Белавус у 2015 годзе.
Але не толькі дзяржпрадпрыемствы ды БТ з асобнымі арганізатарамі гарадскіх свят спрыялі той «антыдзяржаўнай дзейнасці». Увесь Мінгарвыканкам дазволіў самую маштабную нацыянальную падзею 2018 года — адзначэнне
На свята ля Опернага тэатра прыйшло каля 50 тысяч чалавек. І за гэта Белавус зноў быў уганараваны прэміяй НДА «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці».
Напэўна, менавіта гэта следчыя лічаць «стымуляцыяй варожасці суайчыннікаў у дачыненні да Радзімы»?
Што ёсць «здрада дзяржаве»?
Але далей следства проста панесла. «На хвалі пратэснага руху ў 2020 годзе фігурант выйшаў на новы ўзровень». Падаецца, ён ужо выходзіў на адзін новы ўзровень? А колькі ўзроўняў у Белавуса ўвогуле?
«Распрацаваўшы інфармацыйную прадукцыю, у тым ліку фота і відэа, ён рыхтаваў грамадзян да ажыццяўлення самых радыкальных дзеянняў». Скажыце, калі ласка, як можна «распрацаваць фота»? Фота яно і ёсць фота — гэта фіксацыя рэчаіснасці.
«Акрамя гэтага, ён быў у наглядальным савеце і прымаў удзел у кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем «Беларуская Рада Культуры». Ну, тут, падаецца, усё ў рэчышчы: раз культура ў Беларусі цяпер «экстрэмісцкая», то што ж зробіш...
«Пры расследаванні крымінальнай справы дапытаны абвінавачаны і сведкі, а таксама праведзены шматлікія агляды прадметаў, дакументаў і камп’ютарнай інфармацыі», — зазначаюць у СК. Па выніках Белавусу прад’яўлена абвінавачванне па ч.1 арт. 356 («Здрада дзяржаве»); ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»); ч. 3 арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»); ч. 1 арт.
«Здрада дзяржаве» — гэта калі ў пандэмію symbal.by спыніў выраб усіх камерцыйных прадуктаў і пачаў шыць маскі, якія найперш бясплатна перадаваліся медыкам. Ці прэзентацыя кнігі беларускамоўных вершаў «Раяль ля мора» іспанскай студэнткі Анхелы Эспіносы, якая за два гады вывучыла беларускую мову па падручніках з інтэрнэту, ніколі не быўшы ў Беларусі.
«Здрада дзяржаве» — гэта помнік вялікаму князю літоўскаму Гедыміну ў Лідзе, заснавальніку гэтага горада і замка ў ім: на яго Белавус запускаў збор грошай. Альбо прэзентацыя новай гульнявой формы зборнай Беларусі ў
А колькасць розных музычных, літаратурных, краязнаўчых, моўных і іншых праектаў «Арт Сядзібы» і symbal.by проста не паддаецца падліку.
Тэлевядоўца Дзяніс Дудзінскі ў чарзе ў краму symbal.by.
На якую дзяржаву працуюць следчыя?
Пытанне толькі адно: калі вышэйпералічаная дзейнасць кваліфікуецца як «здрада дзяржаве» і называецца «антыдзяржаўнай», на якую тады дзяржаву працуюць следчыя? Ці сапраўды мову, культуру, беларускую сімволіку яны лічаць «нацыяналістычнай» і «антыдзяржаўнай»?
І яшчэ адна цытата ад Паўла Белавуса пра тое, для чаго ўся яго дзейнасць: «Для канчатковага фарміравання нацыі, яе праяваў, каб мы ўсё ж такі пачалі гаварыць „у нас у Беларусі“, а не „как там у нас, у русских“. Гэта трэба ўбіць людзям. Бо без гэтага не будзе сапраўднай дзяржавы, без гэтага ў нас у любы момант, калі прыйдуць тыя ж зялёныя чалавечкі, з’явіцца патэнцыйная пагроза, што ў нас будзе нешта такое, як з Украінай, з акупацыяй. Хоць мы нібы і хаўруснікі, і сябры, але ёсць гэтая пагроза. І важна хоць неяк паспрабаваць гэтую пагрозу паменшыць, у тым ліку і праз свядомасць».
Дык на якую дзяржаву працуюць следчыя?