Апроч Парэчча прапануем сёння наведаць і вёску Моладава Янаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Там таксама знойдзецца што паглядзець.
Фота: planetabelarus.by
Што паглядзець
Моладава
1. Звон 1563 года
Упершыню Моладава згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1497 годзе як уладанні Мацея Войны. А яго сын, Сымон Война, збудаваў тут першую праваслаўную царкву і ў 1563 годзе замовіў у ковенскага майстра Марціна Гофмана ўнікальны звон, які мы можам пабачыць на званіцы побач з сучасным мураваным праваслаўным храмам у Моладаве. Найцікавейшае ў гэтым звоне — тэксты: яны напісаныя на тагачаснай старабеларускай мове лацінскімі літарамі. Большасць тэкстаў на звоне прысвечаная Мацею і Сымону Войнам, іх жыццёваму шляху, ганаровым тытулам, пасадам, сямейнаму жыццю.
Фота: radzima.org
2. Спаса-Узнясенская царква
Звон быў перанесены на новую званіцу зусім нядаўна. Раней ён захоўваўся ў суседняй Спаса-Узнясенскай драўлянай царкве ХVІІІ стагоддзя — помніку драўлянага дойлідства Беларусі ХVIIІ стагоддзя. Царква паўтара стагоддзя была ўніяцкай, а па скасаванні уніі, пасля паўстання 1863–1864 гг., расійскія ўлады перадалі яе праваслаўным, тады царква была істотна перабудаваная. Як яна выглядала да перабудовы, можам пабачыць на малюнку Напалеона Орды.
Царква ў Моладава на малюнку Н. Орды, 1864 г.
За савецкім часам тут месціўся Дом шлюбаў. Царква захавалася ў добрым стане, нягледзячы на тое, што пабудаваная з дрэва. Выглядае яна значна больш арганічна адносна навакольнай мясцовасці чым суседні сучасны храм. Каб ацаніць, абавязкова варта пабачыць на свае вочы.
Ад Войнаў Моладава праз шлюбныя сувязі перайшло да Агінскіх. Міхал Клеафас Агінскі напрыканцы ХVIIІ стагоддзя прадаў паселішча Сымону Скірмунту. Так Скірмунты сталі апошнімі гаспадарамі Моладава і збудавалі тут у 1798 годзе сваю рэзідэнцыю ў стылі класіцызм, знішчаную бальшавікамі ў 1939 годзе разам з гаспадарамі.
Палац Скірмунтаў у Моладаве. Малюнак Напалеона Орды, 1875 г.
Фота: przystanekhistoria.pl. Палац Скірмунтаў у Моладаве ў 1937 г.
Скірмунты былі вядомымі прамысловымі рэфарматарамі на Палессі, самым выбітным з якіх стаў Аляксандр Скірмунт. Атрымаўшы выдатную адукацыю ў Еўропе, Аляксандр Скірмунт вярнуўся ў Моладава і зрабіў яго цэнтрам грамадскага жыцця на Палессі. Аляксандра Скірмунта можна назваць бацькам беларускага прадпрымальніцтва: у 1830-х ён запачаткаваў у Беларусі вытворчасць цукру з цукровых буракоў. Таксама тут жа, у Моладаве, ён пабудаваў бровар, дзе вырабляліся разнастайныя гатункі алкаголю.
3. Рэшткі родавых пахаванняў Скірмунтаў
Тут жа, у Моладаве, хавалі ўсіх прадстаўнікоў роду Скірмунтаў, у якім баку свету тыя б ні паміралі. Месцічы ўзгадваюць, што Аляксандра да месца пахавання ўдзячныя месцічы неслі на руках 7 кіламетраў. Яшчэ пасля Другой сусветнай вайны тут было сорак надмагільных склепаў, над кожным з якіх стаяў помнік, але сёння родавыя могілкі Скірмунтаў у разбураным стане: можна пабачыць толькі рэшткі разбітых надмагільных плітаў.
Яшчэ адным знакамітым прадстаўніком роду Скірмунтаў быў унук Аляксандра Генрык Скірмунт — вядомы паэт і кампазітар. Павандраваўшы па Еўропе, ён вярнуўся ў Моладава жыць і працаваць. Пісаў шмат вершаў, арыі для знакамітых на той час спевакоў, стварыў лібрэта паводле твора Генрыка Сянкевіча «Пан Валадыёўскі». Дзякуючы яму Моладава стала культурніцкім цэнтрам: сюды прыязджала адпачываць уся творчая інтэлігенцыя краю.
Фота: przystanekhistoria.pl. Сям’я Скірмунтаў, Моладава, 1906 г. Генрык Скірмунт — стаіць злева
Фота: przystanekhistoria.pl
4. Капліца
Скірмунты былі каталікамі, а касцёла ў Моладаве не было, таму Генрык Скірмунт у 1908 годзе фундаваў тут па праекце Тадэвуша Раствароўскага капліцу ў стылі неакласіцызм. За савецкім часам, пасля 1939 года, гаспадары Моладава былі закатаваныя, капліца, як і родавыя склепы, была цалкам разрабавана: косткі памерлых раскіданыя, надмагіллі выкарыстоўваліся месцічамі для будаўніцтва, да капліцы быў прыбудаваны цялятнік. Сёння храм абнесены рыштаваннямі і ўжо некалькі гадоў чакае рэстаўрацыі. Будынак унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Фота: planetabelarus.by
Парэчча
Далей рушым у колішні «Ліверпуль на Ясельдзе», сёння вёску Парэчча. Росквіт гэтага паселішча таксама звязаны з родам Скірмунтаў. Парэчча было сапраўдным індустрыяльным цудам, якое, дзякуючы намаганням ужо вядомага нам Аляксандра Скірмунта, з 1830-х гадоў уражвала сваімі прамысловымі дасягненнямі Расійскую імперыю і Заходнюю Еўропу.
Парэчча на малюнку Напалеона Орды
Пачыналася ўсё з ужо згаданага цукровага завода ў Моладаве, на якім выкарыстоўваўся ўласны механізм для паскоранага выпарвання цукровага сіропу. А ў 1836 годзе, дзякуючы апантанаму прадпрымальніку, і ў Парэччы ўжо працавала суконная фабрыка з наватарскім абсталяваннем, якая забяспечвала ўсю мясцовасць і далёкае замежжа якасным сукном. Вядома, што Аляксандр Скірмунт імкнуўся стварыць для месцічаў як мага больш працоўных месцаў, скіроўваў найбольш здольных адукоўвацца за мяжу.
Парэчча на малюнку Напалеона Орды 1878 г.
Аляксандр Скірмунт
Аляксандр Скірмунт быў патрыётам і прыкладаў усе намаганні для развіцця свайго краю, фармальна застаючыся падданым Расійскай імперыі, выхаваным у польскай культуры. Частка тагачаснай шляхты прытрымлівалася падобнай пазіцыі. Свае погляды Аляксандр перадаў і нашчадкам. Адзін з яго сыноў, Аляксандр Аляксандравіч Скірмунт, не толькі працаваў на ўдасканаленне індустрыяльных поспехаў бацькі, але і займаўся грамадскай дзейнасцю. Зразумела, што Аляксандр, як і ўся яго вялікая сям’я, падтрымаў паўстанне 1863–1864 гг.
Фота: planetabelarus.by
5. Колішнія цукровая фабрыка і вінакурня
Пасля задушэння паўстання праз рэпрэсіі ўся мясцовая шляхта цалкам пераключылася з грамадскай дзейнасці на гаспадарчую. У працяг бацькавай працы Аляксандр Аляксандравіч Скірмунт пачаў развіваць яшчэ лясную гаспадарку, займацца меліярацыяй, жывёлагадоўляй. А яшчэ адной мясцовай фішкай была якасная гарэлка з мясцовай вінакурні, пераабсталяванай з колішняга цукровага завода, якой гандлявалі нават у Вільні. Там яе адпаведна называлі «Скірмунтоўкай».
Пра ўвесь гэты слаўны перыяд жыцця Парэчча сёння нагадвае толькі адзін трохпавярховы будынак з чырвонай цэглы — некалі цукровай фабрыкі- помнік індустрыяльнай архітэктуры ХІХ стагоддзя, узведзены ў 1860 годзе. Яго можна пабачыць у глыбіні мясцовага парку.
6. Парк «Парэчча», закладзены Раманам Скірмунтам
Асаблівую цікавасць у Парэччы ўяўляе сам парк, закладзены Раманам Скірмунтам на пачатку ХХ стагоддзя. Сёння парк з’яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Тут і сёння можна сустрэць шматлікія экзатычныя расліны: цюльпанавае дрэва, залацістую елку, балотны кіпарыс. Усяго ў парку сёння налічваецца каля трыццаці найменняў інтрадуцэнтаў. Прыемна патрапіць сюды ўвосень, калі сярод жоўтых і зялёных паркавых прысадаў барвянеюць яскравыя кроны чырвоных дубоў.
Фота: planetabelarus.by
7. Пахаванні Рамана і Баляслава Скірмунтаў
У паўднёва-заходняй частцы парку можна пабачыць некалькі крыжоў. Гэта пахаванні апошняга гаспадара Парэчча Рамана Скірмунта і ягонага швагра Баляслава, забітых у 1939 годзе мясцовымі наймітамі па загадзе бальшавіцкага камісара Холадава. Наймітаў, да слова, з мэтай пазбегнуць хваляванняў арыштавалі і вывезлі ў Сібір.
Фота: planetabelarus.by
Раман Скірмунт, значная постаць у беларускай гісторыі, ідэолаг «краёвасці», палескі рэфарматар, адзін з прэзідэнтаў Беларускай Народнай Рэспублікі, быў сынам згаданага раней Аляксандра Аляксандравіча Скірмунта. Імёны забойцаў вядомыя — мясцовыя піякі па мянушцы Салавей. Савецкая адміністрацыя намагалася пазбавіцца ўсіх носьбітаў прагрэсіўных поглядаў на развіццё краю, нават калі іх ідэі не падтрымліваліся вялікай колькасцю людзей, таму і наняла «выканаўцаў».
Раман Скірмунт
Палац Рамана Скірмунта ў Парэччы
Раман Скірмунт адмовіўся капаць сабе магілу і паварочвацца спінай да забойцаў: яго разам са шваграм забойцы расстралялі, скралі гадзіннік і вопратку і толькі прысыпалі зямлёй. Сястра Рамана перапахавала парэшткі блізкіх у парку на месцы, дзе мы сёння можам пабачыць памятныя крыжы з шыльдамі.
Фота: planetabelarus.by
8. Царква Раства Багародзіцы
Вядома, не варта абмінаць у Парэччы і драўляную царкву Раства Багародзіцы, адноўленую напачатку 2000-х, першапачаткова збудаваную па фундацыі Скірмунтаў у 1912 годзе для праваслаўных месцічаў, як і касцёл сэрца Езуса непасрэдна пад патрэбы гаспадароў паселішча, якія былі каталіцкага веравызнання. Касцёл, на жаль, да нашых дзён не захаваўся.
Фота: planetabelarus.by
9. Літаратурны музей Яўгеніі Янішчыц
Яшчэ раім завітаць у мясцовую школку і адначасова ў музей беларускай паэткі, «палескай кнігаўкі», як назваў яе Генадзь Бураўкін, Яўгеніі Янішчыц, якая нарадзілася ў суседняй вёсцы Рудка ды з дзявятага класа хадзіла вучыцца ў Парэцкую сярэднюю школу. Калі далей скіруецеся на Лагішын ці ў Пінск, то па дарозе пабачыце родную хатку паэткі, дзе яна нарадзілася і жыла з 1946 па 1966 год.
Фота: У літаратурным музеі Яўгеніі Янішчыц, Парэчча. Фота газеты «Звязда».
Фота: facebook.com/brestguide. Хата Яўгеніі Янішчыц у вёсцы Рудка
Дзе паесці
У Моладава і Парэччы варта ехаць ужо пад’еўшы ці назапасіўшы харчоў у дарогу, напрыклад, у Моталі, бо на шляху сустрэнецца толькі адна прадуктовая крама ў Парэччы па вуліцы Цэнтральная, 145. Крамка вясковая, апроч прадуктаў там можна знайсці тавары на ўсе выпадкі жыцця, але аматарам гарачага харчавання, кавы і іншых дабротаў цывілізацыі варта паклапаціцца пра задавальненне сваіх патрэбаў загадзя.
Дзе пераночыць
Насамрэч на наведванне Моладава і Парэчча нават самаму дасціпнаму вандроўніку хопіць некалькі гадзінаў, таму варта спланаваць такі маршрут, каб сустрэць ноч у іншым месцы, напрыклад, у Моталі, пра які мы распавядалі на мінуулым тыдні, ці ўжо далей, у Лагішыне ці Пінску.
Што прывезці
Вядома, што знакамітай «Скірмунтоўкі» ўжо ў Моладава ці Парэччы не адшукаеш, хіба ў Пінску (з 2019 года «Пінскі вінаробны завод» пачаў вытворчасць першага беларускага каньяку цалкам з мясцовай сыравіны «А. Skirmuntt», названага у гонар Аляксандра Скірмунта).
Але больш карысным для арганізму і вельмі сімвалічным сувенірам з Парэчча на памяць пра цудоўныя палескія мясціны ды пра выбітных асобаў, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Бацькаўшчыне, будзе прыхапіць пару мясцовых жалудоў, напрыклад, з парку, закладзенага Раманам Скірмунтам. Узгадайма яшчэ, што першым вядомым нам гербам Скірмунтаў быў «Дуб» (у чорным полі — залаты дуб з пяццю каранямі, двума лістамі на сярэдзіне ствала і трыма жалудамі замест верхавіны). Але высаджваць жалуды не раім, калі вы не адмыслоўца, бо раптам апынецца, што гэта чырвоны дуб, які за сто год як прывезены ў Беларусь ужо паспеў выціснуць з экасістэмы мясцовыя віды палескіх дубоў. Таму будзьце ўважлівымі. І вандруйце разам з «Будзьма!».
Чытайце яшчэ:
На выходныя ў Моталь: што цікавага ў старадаўнім мястэчку на Ясельдзе
ПЖ, budzma.org