haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

17.06.2014 19:35

3639 просмотров

0 комментариев

«Тарас на Парнасе» на задворках «Гарадоцкага Парнаса» ...

15 чэрвеня адбылося чарговае раённае свята «Гарадоцкі Парнас», якое стала па вялікаму рахунку падвядзеннем вынікаў агляду калектываў мастацкай самадзейнасці «Гарадоцкая скарбонка»

Нядзельная раніца 15 чэрвеня ў Гарадку запрашала жыхароў і гасцей на ўжо традыцыйнае свята “Гарадоцкі Парнас”, прысвечанае К. Вераніцыну, аўтару славутай паэмы “Тарас на Парнасе”. І гэтае свята сабрала лепшыя творчыя калектывы самадзейнасці Гарадоччыны, якія прадэманстравалі сваё майстэрства ўдзячным гледачам. Нашы творчыя калектывы па праву былі ўганараваны на Парнасе за сваю высокамастацкую дзейнасць і парадавалі гледачоў майстэрствам.

Ансамбль "Свае хлопцы"

Фальклорны калектыў "Глейна"

Фальклорны калектыў Халамерскага СК

Народны танец "Рэчанька"

Традыцыйным для свята была прэзентацыя прысмакаў беларускай кухні з розных куточкаў Гарадоччыны на “Свяце панадворкаў”. Шырока былі прадстаўлены вырабы майстроў Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору на “Кірмашы ля Парнаса”, якія маглі набыць усе жадаючыя пры наяўнасці грошаў.

Цікавай была выстава “Парнас”, дзе былі прадстаўлены творы мастацтва прысвечаныя паэме і яе галоўнаму герою Тарасу.

Аматары кнігі маглі пазнаёміцца з творчасцю Уладзіміра Скарынкіна, які напачатку чэрвеня адзначыў сваё 75-годдзе, а таксама з экспазіцыяй "Гарадок наш на вякі праславілі паэты-землякі», дзе побач са У. Скарынкіным была Н. Саветная, а ўнізе кнігі прысвечаныя славутай паэме.

Праўда сярод гэтых кніг не знайшлося месца выданню “Класіка”, дзе паэма “Тарас на Парнасе” прадстаўлена ў перакладзе на сем еўрапейскіх моў. Не было на выставе і кніг Генадзя Кісялёва “другога” бацькі Канстанціна Вераніцына, які адкрыў імя нашага земляка ў 1973 годзе. Ды і наогул ніхто не ўзгадаў Генадзя Васільевіча Кісялёва, дзякуючы якому і стала магчыма правядзенне свята “Гарадоцкі Парнас”.

У свой час ідэйны натхняльнік свята наш славуты зямляк прафесар, эколаг, патрыёт Гарадоччыны Анатоль Дарафеяў пераканаў мясцовыя ўлады ў неабходнасці для Гарадоччыны свята ў гонар аўтара знакамітай паэмы “Тарас на Парнасе” і прэзентацыі паэмы для ўдзельнікаў фэста. На першых святах прымаў удзел і вядомы беларускі паэт Уладзімір Папковіч, які пераклаў паэму на нямецкую мову.

Толькі зараз Анатоль Дарафеяў ужо ў лепшым свеце, а Уладзімір Папковіч набліжаецца да свайго 80-годдзя. Але ў Менску і Віцебску ёсць даследчыкі, якія і зараз займаюцца пытаннямі тарасазнаўства. Удзел даследчыкаў па тарасазнаўству надаў бы адэкватны розгалас святу “Гарадоцкі Парнас”, якое прысвечану аўтару паэмы “Тарас на Парнасе”.

Але замест адэкватных адносін да славутай беларускай паэмы і яе аўтара ўжо каторы год на свята з Віцебску запрашаецца Т. Краснова—Гусачэнка. Гэтая старшыня Віцебскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі па-расейску расказвала аб славутай беларускай паэме гарадакчанам. У гэтым апавяданні палясоўшчык Тарас стаў лесніком.

Прамова Т. Краснова-Гусачэнка пры адкрыцці свята

Наогул, расейская мова нашых чыноўнікаў і прадстаўнікоў Саюза пісьменнікаў Беларусі выглядала недарэчнай на свяце, прысвечаным знакамітай беларускай паэме і яе аўтару. Ды і большасць мастацкіх калектываў дэманстравалі лепшыя ўзоры беларускай народнай творчасці. А запрошаны калектыў “Невельчанка” выконваў беларускую народную песню.

Леанід Гаравы, фота аўтара

Последние новости