haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

01.05.2015 11:29

1399 просмотров

0 комментариев

Палёт душы юных тэатралаў

Чарговы конкурс навучэнцаў, што займаюцца на тэатральным аддзяленні Гарадоцкай дзіцячай школы мастацтваў у настаўніка А.У. Бязгінава, «Залатая-маска-2015» сабраў у глядзельнай зале Дома культуры аматараў тэатральнага мастацтва піша «Гарадоцкі веснік»

Далучэнне да яго можна параўнаць з пранікненнем у чароўны свет, дзякуючы якому можна пражыць жыццё іншага чалавека, жывёлы ці нават прадмета. Усё можа стаць адушаўлёным, напоўніцца фарбамі і дзіўнымі вобразамі, калі ўкласці ў творчасць душу. Ды ці і можа быць творчасць без душы?

Навучэнцы тэатральнага аддзялення рыхтавалі на конкурс аж 15 работ, але да паказу на сцэне былі дапушчаны дзевяць лепшых урыўкаў са спектакляў паводле знакамітых і малавядомых п’ес і кніг. Яскрава былі прадстаўлены дзяўчаты, якія на гэты раз выступалі ў ролі рэжысёраў. Вядучыя падкрэслілі, што тэатр сінтэзуе розныя віды мастацтваў, а вяршыню айсберга вянчае акцёр. Менавіта ён — галоўны выразны сродак тэатра, здольны прымусіць гледача суперажываць, радавацца, адчуваць эмоцыі героя.

Журы, якое ўзначальвала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В.У. Каўрыга, жыва абмяркоўвала прапанаваныя работы, адзначаючы іх годны ўзровень, рэжысёрскія прыёмы і рашэнні, акцёрскую ігру.

Гран-пры конкурсу дастаўся рабоце Юліі Патапавай паводле твора Я. Стэльмаха «Спытай калі-небудзь у траў», які распавядаў аб трагічным лёсе ўчарашніх школьніц, што сталі падпольшчыцамі ў гады вайны, і пасля катаванняў былі растраляныя. Аднак, і гледзячы ў твар смерці, дзяўчаты-патрыёткі не змянілі сваім ідэалам і баяліся толькі аднаго — занядбання. Таксама лепшай была прызнана сцэнаграфія гэтай пастаноўкі.

Першае месца было аддадзена Арыне Груганавай і яе рабоце"Вялізны кавалак майго жыцця« паводле твораў П. Санаева — цікавых і складаных, што распавядаюць аб дарослых, пазбаўленых сэнсу жыцця, радасці і любові да сваіх жа дзяцей і аб тым, як такімі адносінамі калечыцца дзіцячая псіхіка. Пастаноўка захапіла дынамізмам дзеяння, праўдзівай ігрой акцёраў, беларускай мовай. Дарэчы, Аляксандр Ніканенка і Аксана Башмакова, што былі заняты ў гэтай пастаноўцы, сталі пераможцамі адпаведна ў намінацыях «Лепшая мужчынская роля» і «Лепшая жаночая роля».

Другое месца прысуджана Ксеніі Башэкінай з работай «Падарунак» (аўтар В. Камароў), якая распавядала аб сапраўдных марах выхаванцаў дзіцячых дамоў.

Трэцяе месца падзялілі Ксенія Тутава з яе «Гісторыяй двух сабак» (Я. Конеў), што ўзняла праблему гуманістычных адносінаў да братоў нашых меншых, і Анастасія Палянская з работай «Дарога на Віфлеем» (С. Кавалёў) аб духоўных пошуках. Прыз за лепшае музычнае афармленне атрымала пастаноўка Лікі Шлюевай «Пэпі Доўгая панчоха» паводле твора А. Ліндгрэн. Самым эмацыянальным акцёрам названа Кацярына Нечытайла. Прыз за лепшую ролю другога плана атрымала Аліна Чарткова. Адзначаны яркі дэбют юнай актрысы Лікі Шлюевай і мастацкая выразнасць ігры Марыі Фурманавай і Вікторыі Івановай.

Калі малодшыя рэжысёры і акцёры спынілі свой выбар на творах жартоўнага, гарэзлівага характару, што адлюстроўваюць свет іх бесклапотнага дзяцінства, старэйшыя паспрабавалі ўзняць праблемы, што хвалююць іх. Кожная пастаноўка была добра прадумана, адрэпеціравана, падрыхтавана, на конкурсе ўсе выклаліся спаўна, каб данесці пастаўленыя ў ёй ідэі. Таленавітым дзецям і падлеткам гэта ўдалося, так што спадзяёмся: святло іх захапленняў не згасне, а будзе ўзбагачацца з кожным годам правядзення «Залатой маскі».

Святлана ЯКАЎЛЕВА.

На здымках: на першым плане ў сцэне з работы «Спытай калі-небудзь у траў» — А. Башмакова;
сцэну з «Вялізнага кавалка майго жыцця» іграюць А. Груганава і А. Ніканенка;
у сцэне з «Падарунка» занятыя М.Фурманава, А. Чарткова, Л. Шлюева.

Фота аўтара.

http://www.garadvest.by/2015/04/palyot-dushy-yunyx-teatrala%D1%9E/#more-4969

Последние новости