haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

08.09.2015 07:57

1532 просмотра

11 комментариев

На мове майстэрства і натхнення размаўлялі майстры Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору

Майстры Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору размаўлялі на мове майстэрства і натхнення з такімі ж захавальнікамі традыцыйных рамёстваў, якія бралі ўдзел у IХ Ягелонскім кірмашы (Рэспубліка Польшча). Пра гэта піша 5 верасня «Гарадоцкі веснік»

Гэты кірмаш з’яўляецца адным з самых яркіх фестываляў традыцыйнай культуры ў Цэнтральнай Еўропе, удзел у якім бяруць сотні найлепшых рамеснікаў са славянскіх і іншых краін свету. Сёлета па запрашэнні арганізатараў у лік 25 прадстаўнікоў Беларусі ўвайшлі і нашы Таццяна Міснікава, Марына Гушча, Васіль Сіманковіч (на здымках).

Старадаўнія вузкія брукаваныя вулачкі Любліна, дзякуючы таму, што іх занялі палаткі і прылаўкі з разнастайнымі вырабамі ручной работы і апранутыя ў самашытыя вышыванкі гандляры, ператварыліся ў дэкарацыі да фільма аб сярэднявеччы. На традыцыйны жнівеньскі кірмаш сабраліся не толькі гандляваць і купляць. Публіка была схільная разглядаць, захапляцца, спрабаваць свае сілы ў майстар-класах, заводзіць бяседы. Тут гучалі розныя мовы — на кірмаш з’ехаліся прадстаўнікі з усёй Прыбалтыкі, Украіны, Беларусі, Расіі, Англіі, Францыі, Чэхіі, Славакіі, Румыніі...

— Мяне цікавіла ткацтва, якім я і сама ахвотна займаюся, — расказала дырэктар Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору М.Л. Гушча. — Але ткачоў са станкамі не знайшла, акрамя аднаго славака. З ім, Методам Салвам, мы пазнаёміліся. Цяжка патлумачыць, як мы размаўлялі, не ведаючы моў адзін аднаго, але ўсё разумелі. На такую заўвагу ён засмяяўся: «Мы ж — славяне!» і з настальгіяй успомніў часы, калі існаваў Савецкі Саюз, вакол якога брацкія па духу краіны аб’ядноўваліся і адчувалі сябе ў адзінай сям’і. Да нас падыходзілі жыхары іншых краін, выхадцы з Беларусі, дзяліліся ўспамінамі аб продках, жадалі шчасця нашаму добразычліваму народу.

Усе аднадушна адзначалі, што палатка гарадакчан (дарэчы, адзіных прадстаўнікоў Віцебшчыны) вылучалася густам аздаблення, разнастайнасцю вырабаў. Ахвотна куплялі гліняныя пастушыныя свістулькі, саламяных конікаў і лялек. Заглядаліся, як працуе з лазой нястомны В. Сіманковіч, якія прыгожыя ў яго вырабы ў тэхніцы спіральнага пляцення. Васіль Паўлавіч адзначаны дыпломам як лепшы майстар, а гэта — аўтаматычнае запрашэнне да ўдзелу ў Х Ягелонскім кірмашы.

 Трэба ехаць, — зазначае Марына Леанідаўна. — Такія маштабныя святы — скарбніца ідэй, магчымасць зносінаў з аднадумцамі, пашырэння кругагляду. Людзям з сусвету цікава паглядзець, на што здатныя беларусы. Мы ўмеем выклікаць прыхільнасць працалюбствам, творчым падыходам да простых бытавых рэчаў, вернасцю традыцыям.

Саша СЯМЁНАВА.

http://www.garadvest.by/2015/09/na-move-majsterstva-i-natxnennya/#more-6078

Последние новости