haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

08.10.2015 19:59

2117 просмотров

0 комментариев

Яркія цытаты Алексіевіч пра Лукашэнку, «русский мир» і беларускую мову

Сёньня ў Стакгольме ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры была абвешчаная Сьвятлана Алексіевіч зь Беларусі. Днём пісьменьніца сустрэлася і адказала на пытаньні журналістаў.

 

1
«Гэта ўзнагарода ня толькі мне, але і ўвогуле нашай культуры, нашай маленькай краіне, якая ўсю гісторыю і цяпер у нейкіх жорнах. Я хацела б, каб гэта быў гонар для краіны».

2
«Усе мы складаемся са сваіх настаўнікаў. Усе мы стаім на плячах рода. Дзякуй маім настаўнікам — Адамовічу і Быкаву. Быкаў быў прыкладам чалавечай стойкасьці. Алесь Адамовіч паставіў мне машыну мысьленьня. Гэта чалавек эўрапэйскага размаху. Нікога роўнага яму ў беларускай культуры ня ведаю».

3
«Я пішу пра чалавека-ўтопію. Пра „чырвонага чалавека“. Яны казалі на расейскай мове. І адсюль мая мова. Мае героі і ўкраінцы, і рускія, і беларусы, і татары, і цыгане — вельмі розныя».

4
«Я сябе адчуваю чалавекам беларускага сьвету, чалавека з моцнай прышчэпкай расейскай культуры, які вельмі доўга жыў у сьвеце. І, вядом, касмапаліт. Чалавек, які глядзіць на сьвет, як на агромністую касьмічную прастору. У Чарнобылі не адчуваеш сябе беларусам. Ты адчуваеш, што роўны зайцу, яблыку, вожыку. Усё жывое — у адным сьвеце. Мы ўсе адзін від».

5
«Беларуская ўлада робіць выгляд, што мяне няма. Мяне не друкуюць, я не магу нідзе выступаць. Беларускае тэлебачаньне, ня памятаю, каб мне званіла. Беларускі прэзыдэнт мяне не павіншаваў. Міністар культуры таксама. Мяне павіншаваў міністар інфармацыі Расеі Грыгор’еў. Адным зь першых».

6
«Ці прыму я званьне героя Беларусі? Трэба падумаць. Гэта ж усё адно не ад Лукашэнка, а ад радзімы».

7
«Я люблю рускі народ, я люблю беларускі народ. Мае ўсе сваякі з боку бацькі — беларусы. Я ў чацьвертым пакаленьні сельскі настаўнік. Мой прадзед вучыўся разам зь Якубам Коласам. Я адчуваю, што гэта мая радзіма, мая зямля. У той жа час мая бабуля, мая маці — украінкі. Я вельмі люблю Ўкраіну. Я была на Майдане, бачыла здымкі маладыя „Нябеснай сотні“. Я стаяла і плакала. Гэта таксама мая зямля».

8
«У наш час цяжка быць сумленным чалавекам. Трэба не паддавацца згодніцтву, на якое заўжды разьлічвае таталітарная ўлада. Чалавекам застацца заўжды страшна, заўжды складана. Нават калі не саджаюць так масава, як тады. Але вы бачыце, што ў Расеі ўжо саджаюць. І ў нас ужо саджаюць. Трэба мець мужнасьць».

9
«Я люблю „русский мир“, праўда, дагэтуль не магу зразумець, што яны маюць на ўвазе. Я люблю добры „русский мир“: гуманітарны „русский мир“. Той „мир“, перад якім дагэтуль схіляе галаву ўвесь сьвет. Перад той літаратурай, балетам, музыкай вялікай. Гэта „мир“ я люблю. Але я не люблю „мир“ Берыі, Сталіна, Пуціна, Шойгу. Гэта ня мой сьвет».

10
«Час „сэканд-хэнд“ — гэта не пра мінулае кніга. Яна пра тое, на чым мы ўсе стаім, пра наш фундамэнт. Вось адкуль мы выйшлі. Мне дарагія словы, якія я адмыслова вынесла ў эпіграф, што “таталітарызм разбэшчвае і ката і ахвяру“. Мы жывем у гэты траўмаваны пэрыяд. Усе мы так ці інакш прыбітыя да гэтага савецкага досьведу. І тое, як адпусьцілі і нават справакавалі сытуацыю ў Расеі, і 86% людзей сталі радыя таму, як забівалі людзей у Данецку, і сьмяяліся над гэтымі „хахламі“. Ці тыя, хто зараз лічаць, што ўсё можна вырашыць з пазыцыі сілы».

11
«Я абсалютна не славалюбны чалавек. Я не люблю публічнасьць. Не люблю, калі цябе пазнаюць, бо ты розны, не заўжды гатовы. Але ёсьць хвіліны, калі ты думаеш, што тое, што ты робіш, неяк чапляе чалавека».

12
«70 зь нечым гадоў. Мільёны загінулых людзей. Ідэя, якая пачыналася з жаданьня пабудаваць «горад сонца», а скончылася такой крывёю. Пра гэта трэба яшчэ шмат думаць. Але тое, што я зразумела, што я змагла распавесьці, я зрабіла вось у гэтых пяці кнігах, у гэтым цыклі пра "чырвонага чалавека"».

13
«Цяпер у мяне ў працы дзьве кнігі. Такія мэтафізычныя тэмы. Жыцьцё ў нас, вядома, заўжды не атрымліваецца. Пачнём нешта будаваць, а сканчваецца, усё тым жа – як у анэкдоце, «аўтаматам Калашнікава». Зараз іншыя людзі ўсё ж, якія хочуць быць шчасьлівымі. Хочуць любіць. Ведаюць радасьць жыцьця. Шмат хто бачыў сьвет. Я пішу адну кнігу пра каханьне – у ёй пра каханьне распавядаюць і мужчыны і жанчыны. І другая – пра старасьць, пра зьнікненьне, пра канец жыцьця. Навошта ўсё гэта і што гэта такое. Вось да гэтай другой кнігі культура, асабліва расейская, больш падрыхтаваная. А вось да кнігі пра шчасьце… Усе хочуць быць шчасьлівымі, але ніхто ня ведае, што гэта такое».

14
«Я не пайду на выбары. Але калі б я пайшла, галасавала б за Караткевіч. З жаночай салідарнасьці. З-за таго, што я бачу нармальны твар, чую нармальную лексіку, якой я абсалютна ня чую ад мужчын-палітыкаў. Нармальныя касьцюмы, нармальныя рэакцыя. Тое, чаго ў мужчынаў-палітыкаў няма. Дый і проста з-за таго, што нейкія спадзевы. А тое, што «Караткевіч – падсадная качка», як піша Пазьняк… Я ня веру ў гэта. Я ня ведаю, хто за ёй стаіць, якія грошы… Але я ведаю, што гэта быў бы новы паварот у нашым жыцьці.
Не пайду на выбары, бо мы ж вамі ведаем, хто пераможа. Мы ведаем, што пераможа Лукашэнка. Напэўна, у яго будзе 76%. Я так думаю. Ён паглядзіць на настроі грамадзтва і прыкіне, колькі можна».

15
«Нашы «магікане» памерлі ня ў час. Як нам цяпер не хапае Адамовіча, Быкава, іх слова, іх разуменьня, іх узроўню. Я думаю, не дазволілі б сабе, якія дазваляюць, калі іх няма. Мы ня можам сабе дазволіць такую свабоду – сядзець дзесьці, як некаторыя мае нямецкія сябры-пісьменьнікі – зьяжджаюць у вёску і пішуць. Мы жывем у такі недасканалы час, такім недасканалым грамадзтве. Я не барыкадны чалавек, але ўвесь час цягне на барыкады. Таму што сорамна, сорамна за тое, што адбываецца».

16
«Агульны ўзровень палітычнай эліты ў нас савецкага складу. Нават яшчэ горш. У савецкай былі плянкі, якія не парушаліся. Там былі людзі, доўга трэба было паўзьці па гэтай лесьвіцы, каб дапаўзьці. А сёньня ты з „бруду ў князі“ — і кіруеш. Хто толькі ня быў міністрам культуры — і будаўнік, і хабзаец нейкі, хто толькі ня быў. Я думаю, трэба рабіць сваю справу».

17
«У нас шмат таленавітых людзей, але яны вымушаныя ці эміграваць, як у Расеі, ці непаўнавартасна пражыць сваё жыцьцё».

18
«Што да Ўкраіны, то я ўсё ж думаю, што гэта, вядома ж, акупацыя, замежнае ўварваньне. Хаця там ёсьць шмат людзей, якія не задаволеныя тым, як было ва Ўкраіне і хацелі нейкіх перамен, але яны б ніколі не ваявалі. Яны б знайшлі іншы шлях пераменаў. Прывязіце да нас дзясяткі два грузавікоў і заўжды знойдуцца людзі, якіх можна ўзброіць. Я чула ад аднаго чалавека, здавалася б, вельмі сымпатычнага, сталы падпалкоўнік, рускі. Але ён быў такі ўзрушаны, калі акупавалі Крым, і сказаў: „Ды мы таксама можам „тряхнуть стариной“ і пісталет ёсьць, і тужурка ёсьць».

19
«Думаю, што расейская авіабаза нам ня трэба. Але баюся, што яна будзе ў нас. Ня бачу я сілаў у Лукашэнкі і рэсурсаў гэтаму супрацьстаяць. І ня бачу гэтых сіл супраціву ў грамадзтве. Грамадзтва прыме ўсё, што прапануе ўлада, на жаль».

20
«У Лукашэнкі вельмі цяжкае зараз становішча. Ён вельмі хацеў бы адарвацца ад Расеі. Але хто ж яму дасьць. З аднаго боку, яго трымае ягоная ўласная мінуўшчына. А з другога боку, яго трымае Пуцін. Пад уласным мінулым я маю на ўвазе, што ён ня ведае іншых правіл гульні. Ён з гэтым вырас, нягледзячы на тое, што трэба прызнаць, што ў яго вельмі моцная палітычная чуйнасьць. Базу яму, вядома, навязваюць. Я ня думаю, што ён гэтага хоча сам.
Паратунак Беларусі, калі б яна павярнула ў бок Эўразьвязу. Але ніхто яе не адпусьціць».

21
«Я зьбіраюся жыць у Беларусі».

22
«За прэміі я заўжды купляю свабоду. Я пішу кнігі свае вельмі доўга – 5-10 год. Гэта доўгі час, і трэба грошы, і трэба езьдзіць, друкаваць. Цяпер я магу спакойна працаваць, ня думаючы пра тое, дзе іх зарабіць».

23
«Я, вядома, хацела б, каб Беларусь была падобная да скандынаўскіх краінаў. Альбо хаця б на тое, як выглядае Прыбалтыка».

24
«Была гадавіна Аўганістану і яму (Пуціну — РС.) задалі пытаньні, ці было гэта памылкай. А ён кажа: не, правільна, што мы там былі. Калі б ня мы, то былі б амэрыканцы. Я думаю, што пасьля аўгану, былі чачэнцы, цяпер будуць сырыйцы. Я сустракала людзей, якія ў савецкі час ваявалі ў Афрыцы. Гэта краіна салдат. Ці вядомых салдат ці падпольных салдат. Але ўвогуле мы жывем у вайсковым асяродзьдзі, вайсковым мысьленьні. Яно зьверху да нізу. Ад ураду да простых людзей».

25
«Што такое беларуская мова сапраўды? Я ведаю беларускую мову, але ня так, каб добра на ёй пісаць. І тая мова, якую я ведаю, гэта наркамаўка. І ў мой час вучылі толькі такой мове. Для мяне гэта ніколі ня будзе самамэтай».

26
«Што такое „беларускі сьвет“? Вось мой бацька-беларус. Ягоны ласкавы, спакойны позірк, ніколі ні пра каго кепска ня скажа. Ён быў дырэктарам школы, а пасьля, у старасьці, настаўнікам. Гэтыя старухі, сярод якіх я вырасла ў вёсцы. Гэты голас, усё гэта... Паэтычнасьць іх погляду. І нават, калі быў Чарнобыль, то я бачыла разгубленасьць чыноўнікаў, ваенных, вучоных. І толькі вось гэтыя старыя жанчыны, сяляне, прыродныя людзі неяк знаходзілі нейкія кропкі апоры. Яны неяк цэльна разумелі тое, што адбылося. Хаця гэта было жорстка. Прыродныя людзі напакутваліся больш за ўсіх».

http://www.svaboda.org/content/article/27295626.html

 

Последние новости