haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

13.01.2016 07:47

1944 просмотра

0 комментариев

Уладзімір Мулявін спяваў і на Гарадоччыне

Год, які наступіў, аб’яўлены ў Беларусі Годам культуры. Ён закране ўсе сферы дзейнасці — культуру вытворчасці і земляробства, культуру сямейных адносін і быту, культуру ўладкаванасці населеных пунктаў. Значная ўвага будзе нададзена мерапрыемствам у сферы мастацкай культуры, якая з’яўляецца адным з асноўных сродкаў выхавання ў моладзі патрыятызму і павагі да Радзімы пра гэта піша «Гарадоцкі веснік».

Таксама прадугледжаны комплекс мерапрыемстваў, звязаны са знакавымі для культуры Беларусі юбілейнымі датамі. Першую з іх, 75-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна, мы адзначаем зараз 12 студзеня.

Народны артыст СССР, савецкі і беларускі музыкант, спявак, гітарыст, кампазітар, аранжыроўшчык, заснавальнік і мастацкі кіраўнік вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры» Уладзімір Георгіевіч Мулявін умеў слухаць, што спявае народ, як ён спявае. І гэта нягледзячы на тое, што ён, які стаў амаль што сімвалам нацыянальнай самасвядомасці, не ведаў беларускай мовы, але вучыў яе, каб разумець і спяваць беларускамоўныя тэксты сваім выдатным вакалам. Ён, рок-музыкант, амаль інтуітыўна перакладаў на свой лад фальклорныя словы і мелодыі.

Незвычайнае музычнае чуццё не падводзіла майстра, і заўсёды яго цікавіла народная культура. Кіраўнік «Песняроў», якія былі ўдзельнікамі і пераможцамі шматлікіх міжнародных фестываляў, якія збіралі тысячы гледачоў у вялікіх гарадах, не цураліся выступаць у народнай глыбінцы.

Так, у чэрвені 1992 года славуты калектыў спяваў для працаўнікоў тагачаснага калгаса імя Энгельса, цэнтрам якога была в. Дуброва, на свяце провадаў вясны. Старшыня калгаса А.Г. Кайро запрасіў «Песняроў», каб ушанаваць механізатараў — перадавікоў вясенне-палявых работ, жывёлаводаў, рабочых дапаможных вытворчасцяў (тады ў калгасе, акрамя прывычнай сельгаспрадукцыі выраблялі будаўнічыя матэрыялы, працавалі грыбны і рыбны цэхі).

«Гарадоцкі веснік» 27 чэрвеня пісаў: «Далёка над дуброўскімі і вышадскімі прасторамі разносіліся сакавітыя беларускія песні. Здаецца, у лад задушэўнай і меладычнай музыцы шамацелі дрэвы ля раскопак старажытнага гарадзішча, што на ўзгорку ля Вышадскага возера, у такт плёскалася вада, абласканая, прыгрэтая шчодрым сонейкам».

Як сведчаць удзельнікі таго свята, і праз гады яно — прасякнутае павагай да працаўнікоў вёскі, натхнёнае выступленнем любімых «Песняроў» — не сцёрлася ў памяці. І цяпер, пачуўшы іх запісы, людзі лёгка ўяўляюць сабе знакамітыя мулявінскія вусы, доўгія валасы і каляровыя канцэртныя світкі, а галоўнае — замілоўваюцца ад непаўторнага суладдзя галасоў удзельнікаў калектыву. Сам жа Уладзімір Мулявін застаўся ў памяці жыхароў Гарадоччыны вялікім, але такім даступным, душэўным, сваім чалавекам...

Святлана ЯКАЎЛЕВА.

Фота ўзята з Інтэрнэту.

http://www.garadvest.by/2016/01/da-75-goddzya-z-dnya-naradzhennya-uladzimira-mulyavina/#more-7001

Последние новости