haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

24.02.2016 08:30

2211 просмотров

11 комментариев

А мову мы ўсё ж ведаем або Дзеці мовы не цураюцца...

21 лютага сусвет адзначаў Міжнародны дзень роднай мовы. Прайшлі мерапрыемствы і на Гарадоччыне. Напрыклад, у цэнтральнай раённай бібліятэцы ў гэтую нядзелю гучалі беларускія найгрышы, песні, бібліятэкары размаўлялі з наведвальнікамі па-беларускі, раздавалі надрукаваныя прыгожыя тэксты аб родным краі, слове, прапаноўвалі ўзяць пачытаць кнігі беларускіх аўтараў. Пра гэта піша «Гарадоцкі веснік».

Але наўрад ці мы зможам у хуткім часе ад такіх, няхай сабе святочных, але разавых мерапрыемстваў перайсці да карыстання сваёй мовай штодня.

Выціскаючы са сваіх навыкаў практыку беларускай гаворкі, выключаючы чытанне беларускамоўных газет, часопісаў, кніг, мы збядняем самі сябе. І не толькі таму, што адмаўляемся карыстацца найвялікшай спадчынай продкаў, але і таму, што забываемся на тыя высокія ідэалы, якія імкнуцца прывіць нам беларускія асветнікі.

Зазірніце ў падручнікі сваіх дзяцей: як многа разумных, прыгожых слоў там напісана пра дружбу, маляўнічасць краявідаў, бацькоў і бацькаўшчыну. Узгадайце, што і вас калісьці шчыра краналі гэтыя наказы: «Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму — на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць — калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны — гэта родная мова. (З. Бядуля)».

Звернемся да статыстыкі: за апошнія пяць гадоў кніжны фонд Гарадоцкай бібліятэчнай сістэмы папоўніўся на 6285 экземпляраў кніг беларускіх выдавецтваў, з іх 2832 кнігі былі на беларускай мове (45%). За 2015 год цэнтральнай раённай бібліятэкай было выдадзена для чытання 118 тыс. 805 экзэмпляраў кніг, з іх на беларускай мове — 2992 экзэмпляры. Усяго 2,5%. Аднак, верныя прыхільнікі беларускамоўных кніг усё ж ёсць, у іх ліку бібліятэкары ўзгадалі Г.А. Іванову, В.У. Андрэеву, Р.А. Еўдакімаву, А.П. Марачову, Г.Я. Навумаву, М.І. Калініну...

Летась у аддзеле дзіцячай і юнацкай літаратуры стартаваў праект «Чытаем разам па-беларуску», у межах якога супрацоўнікі бібліятэкі знаёмяць дашкольнікаў і малодшых школьнікаў з беларускай мовай, творчасцю нашых пісьменнікаў, праводзяць цікавыя змястоўныя мерапрыемствы. Верыцца, што ў гэтай працы будзе плён. Як ёсць ён у выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры: тое, што беларусы сваю мову разумеюць, — іх заслуга, ім дзякуй.

Толькі вось калі мы становімся старэйшымі, чамусьці настолькі «разумнеем», што выкрэсліваем з жыцця сваю мову, забываемся на тое, што мы, беларусы, і дзяцей павінны гадаваць беларусамі. Яны не супраць: паглядзіце, якія прыгожанькія ў беларускіх уборах, як заўзята спяваюць беларускія песенькі. І, што так важна, не цураюцца!

Святлана ЯКАЎЛЕВА. Фота з архіва рэдакцыі.

http://www.garadvest.by/2016/02/dzeci-movy-ne-curayucca/#more-7278

Последние новости