haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

20.03.2016 07:59

1047 просмотров

1 комментарий

Самабытная спявачка з Халамер’я Таццяна Раева

Улюблёных у песню людзей нямала, але такіх самабытных спявачак як Таццяна Раева з вёскі Халамер’е засталіся адзінкі. Яна не толькі душэўная выканаўца народных песень, але і захавальніца мясцовых абрадаў, традыцый, аўтэнтычнага фальклору. Гэта спявачка і жанчына — скарб. Колькі яна ведае традыцыйных каляндарна-земляробчых і сямейна-абрадавых песень! Сярод іх — калядныя, веснавыя, купальскія, валачобныя, вясельныя, хрэсьбінныя...

Таццяна Іванаўна з іншымі самадзейнымі артыстамі сельскага клуба выступае на розных мерапрыемствах, канцэртах, святах вёсак і народнага календара. У рамках праекта «Фальклор дзецям і моладзі» ДУК «Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна» Т.І. Раева праводзіць майстар-клас па архаічных спевах, на якім адбываецца своеасаблівая повязь часоў. Добрае валоданне гармонікам надае яшчэ большую выразнасць творчаму вобразу Таццяны Іванаўны. Запамінальнай была яе ігра на гэтым народным інструменце на раённым фальклорным свяце «А гармонік грае, грае» ў аг. Бычыха, прысвечаным памяці гарманіста-віртуоза І.І. Іўлева. За плячыма лёгкай на пад’ём спявачкі — шмат міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і раённых фестываляў і конкурсаў, канцэртаў, дзе яна заўсёды вылучалася і перамагала.

Па-іншаму і не можа быць. Гледачы заўсёды ў захапленні ад песень Таццяны Раевай. Вось яна, сціплая жанчына з сяла выходзіць на сцэну, гучыць яе голас — пранікнёна, шчыра, зачароўваючы гучнасцю, — і ўсе навокал ахкаюць і дзівяцца.

Часам думаецца: які кароткі век у сучаснай песні! Пакруцяць яе на дыскатэках, паспяваюць на вечарынах — ды забудуцца. А народныя песні, дзякуючы такім сапраўдным выканаўцам як Таццяна Раева, жывуць стагоддзямі, перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Лілія РЭЗКІНА
намеснік дырэктара раённага цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці.


Навіна з сайта garadvest.by

Последние новости