haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

31.03.2016 15:18

876 просмотров

0 комментариев

Гарадоцкая школа мастацтваў упершыню правяла фестываль ансамбляў

Фестывалем ансамбляў «Разам весела іграць» былі адзначаны гэтыя вясеннія канікулы для навучэнцаў інструментальнага і харавога аддзяленняў дзіцячай школы мастацтваў г. Гарадка і яе філіялаў Езярышчанскага, Бычыхінскага, Пальмінскага і Дубраўскага..

Зараз на гэтых аддзяленнях вучыцца 188 хлопчыкаў і дзяўчынак. У мерапрыемстве, якое інакш як святам музыкі, творчага ўзаемадзеяння аднадумцаў, не назавеш, прынялі ўдзел 85 з іх — амаль палова!

— Такі фестываль мы правялі ўпершыню, — расказвае дырэктар ДШМ г. Гарадка Д.А. Сцяпанава. — За падрыхтоўкай да яго стаіць вялікая, сур’ёзная работа: кожны ансамбль рыхтаваў да выступлення па два творы, папярэдняе праслухоўванне дазволіла пакінуць у праграме фестываля толькі лепшыя з іх. Шчыра працавалі і настаўнікі, і дзеці, вынік гледачы ўбачылі на свае вочы.

Больш за паўтары гадзіны жывой музыкі, спеваў, суладдзя інструментаў і галасоў праляцелі неўпрыкмет. Фальклорныя, народныя — прычым, розных народаў свету, класічныя, сучасныя мелодыі, як аказалася, падуладныя юным выканаўцам. Адны з іх займаюцца зусім нядаўна, ледзь выглядаюць з-за інструментаў, іншыя — ужо дарослыя юнакі і дзяўчаты. Яны гавораць сугуччам, не вымаўляючы слоў, на самай універсальнай мове — мове музыкі. Слых іх выкананне не рэзала, а ўзорам, да якога варта імкнуцца, стаў фінальны нумар у выкананні ансамбля маладых выкладчыкаў школы мастацтваў.


— Яны таксама выраслі з такіх, як вы сёння, малышоў, — падкрэсліла, звяртаючыся да маленькіх спевакоў і інструменталістаў Н.Л. Гамзюк, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. — Каб навучыць і навучыцца музыцы, патрэбен асаблівы талент. Дзякуй вам за любоў да прыгожага, вечнага мастацтва, поспехаў вам на гэтай ніве!

Фестываль «Разам весела іграць», які стартаваў у Год культуры, арганізатары плануюць зрабіць штогадовым. Магчыма, са светлай, але невялікай сцэны актавай залы ДШМ ён зробіць крок на большую пляцоўку, і здольныя юныя музыкі парадуюць сваёй творчасцю многіх і многіх гледачоў.

Святлана ЯКАЎЛЕВА.

На здымках: ансамбль Дубраўскага філіяла ДШМ, малодшая вакальная група ДШМ г. Гарадка.

Фота аўтара.

Последние новости