haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

01.04.2016 08:51

2082 просмотра

0 комментариев

Жонка Ніла Гілевіча пачынала працоўную дзейнасць у Гарадоцкім раёне

1 красавіка ў Менску адбудзецца пахаванне народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча на Кальварыйскіх могілках. Пахаваюць Ніла Сымонавіча побач з жонкай — Нінай Іванаўнай, якая пачынала педагагічную дзейнасць у Кузьмінскай школе Гарадоцкага раёна.

З Нінай Кавалёвай Ніл Гілевіч пазмаёміўся на першым курсе БДУ ў 1951 годзе, калі пачаў вучыцца на беларускім аддзяленні. Выпускніца Шумілінскай СШ Ніна Кавалёва паступала вучыцца на аддзяленне рускай мовы і літаратуры, выдатна здала іспыты, але на субяседаванні дэкан факультэта пераканаў маладую дзяўчыну не выракацца роднай мовы і вучыцца на беларускім аддзяленні.

Пра свае адносіны з жонкай Нінай Іванаўнай Ніл Гілевіч у 2007 годзе шчыра распавёў у кнізе «Добры анёл беларускасці», пасля таго як яна адыйшла ў лепшы свет. Гэта кніга памяці, кніга пра асобу, якая па-сутнасці, заўсёды была крыху ў цені, але ўвесь час побач, а ў некаторых справах далёка наперадзе свайго мужа. Маладосць, знаёмства, сумеснае жыццё, змаганне з хваробай. Ніна Гілевіч, якая крочыла праз жыццё з высока паднятай галавой, была апірышчам сям’і, дарадчыкам, першым чытачом твораў свайго мужа, найважнейшвм крытыкам, жонкай, маці, сяброўкай, паплечніцай. Менавіта такой прадстае яна на старонках кнігі. Смерць забрала з сабою цудоўную асобу, якая многім давала сілу і для змагання, і для пераадолення цяжкасцяў. Не дазваляла на слабінку ні сабе, ні блізкім. Мовазнаўца, тонкі цаніцель жывога народнага гумару, пільны даследчык беларускага слова была скарбонкаю ведаў, энцыклапедыяй цытатаў, параўнанняў, эпітэтаў. Была дасканалым знаўцаю літаратуры з пункту гледжання мовы.

Назву кнігі Ніл Сымонавіч даў, карыстаючыся словамі Васіля Быкава з пажадання 1985 года: «Мілай Ніне Іванаўне Гілевіч, добраму ангелу беларускасці, са шчырасцю і павагай ВБыкаў. 4.У.85». Васіль Быкаў быў частым госцем у сям’і Гілевічаў і падпісваў на памяць свае новыя кнігі і Нілу Сымонавічу, і Ніне Іванаўне.

Беларускае аддзяленне БДУ Ніна Кавалёва закончыла з «чырвоным» дыпломам, але пасля заканчэнне засталася не ў аспірантуры, а паехала працаваць за 300 км ад дома ў Гарадоцкі ( тады — Езярышчанскі) раён. Варта адзначыць, што яе бацька быў настаўнікам, вельмі яе любіў, але загінуў у першы год Вялікай айчынай вайны. Маці паўторны выйшла замуж за дробнага чыгуначнага службоўца і да заканчэння навучання Ніны ўжо жылі ў сталіцы.

Адпрацавала Ніна Кавалёва на гарадоцкай зямлі настаўніцай роднай мовы толькі адзін год у Кузьмінскай школе.

У кнізе ўспамінаў пра Ніну Іванаўну Ніл Гілевіч піша: «.. па ўспамінах яе былога вучня паэта Генадзя Дзмітрыева, дзеці паспелі яе палюбіць і вельмі паважалі, яна ні разу ні на кога не падняла голасу, лёгка знаходзіла паразуменне з вучнямі і ў няпростых сітуацыях. Дарэчы, і лёс Дзмітрыева, можна сказаць, прадвырашыла яна. Аднойчы Ніна Іванаўна заўважыла, што ўжо каторы дзень не прыходзіць на ўрокі Генадзь Дзмітрыеў — дробны, худзенькі белабрысы хлапчук, самы меншы ў класе (на год раней пайшоўу школу). Ад яго сяброў-васьмікласнікаў даведалася: не пускае маці, сказала, хай год прапусціць, слабы здароўем, і няма на каго пакінуць малых дзяцей.»

Пасля гэта настаўніца накіравалася да маці Гены на размову: «Гаварылі, гаварылі, і бачыць гаспадыня, што ў настаўніцы слёзы пакаціліся з вачэй. „А божачкі мае, — усклікнула, — што ж гэта за настаўніца! Не я, а яна плача з майго гора!“ А настаўніца, шчасліва заўсміхаўшыся, пацалавала яе на развітанне. I гэта было для затурзанай, замэнчанай вясковай жанчыны таксама ўпершыню.»

Жыла Ніна Іванаўна амаль год на кватэры ў дарожнага майстра Адамовіча, чалавека ўжо пажылога, як і яго найласкавейшая гаспадынька Адамовічыха. «Каб ты бачыў, як яна плакала на развітанне! — расказвала мне тады ж Ніна Іванаўна. — А дачушка мая, — прыгаворвала, — ты ж мне цэлы гадок была як родненькая! А як жа я буду сумаваць па табе!..».

Пасля года працы Ніна Кавалёва вярнулася ў Менск, паступіла ў аспірантуру, абараніла кандыдацкую дэсертацыю па гісторыі старажытнай беларускай мовы і працавала больш сарака гадоў да самай смерці на кафедры беларускай мовы. Працавала натхнённа, самааддана, перадаючы свой вялікі досьвед маладым людзям. Ды і была першым памочнікам, першым чытачом твораў народнага паэта.

Пра сваю другую палову Ніл Сымонавіч піша так: «Беларусь, беларуская мова, сям’я... Тры святыні, якім Ніна Іванаўна пакланялася, пра якія нязводна думала, якія самаахвярна да канца абараняла. Зрэшты, Беларусь і беларуская мова — было для яе адно і тое ж, паасобку адно і другое для яе не існавала. Яна не проста разумела, а ўсёй істотай сваёй, іначай сказаць, кожнай кропелькай крыві адчувала, што родная мова — гэта і ёсць Беларусь.

Гэта быў яе адзін асвечаны Богам культ — культ роднага слова. А другім быў культ сям’і, які гэтаксама бачыўся ёй толькі ў арэоле святасці...

Яна любіла чытаць перадусім тых пісьменнікаў, у мове якіх можна натрапіць на такое слоўца, якое хочацца «пакласці на зуб і пасмакаваць». Як вядома, не ў кожнага нават вельмі прызнанага раманіста ці апавядальніка такая «смаката для душы» знаходзіцца, не кожнаму гэты зайздросны дар даецца. Знаёмыя, сябры, сваякі любілі пагаварыць з Нінай Іванаўнай не толькі таму, што была патрэба ў яе розуме, што было цікава, штобыў «узровень», ці як папросту кажуць — было што слухаць, але і таму, што яна гаварыла сваёй мовай — сваёй лексікай, сваімі выслоўямі, перыфразамі, прыгаворкамі, сваімі інтанацыямі.

Праз жывую мову беларускай вёскі і мову выдатных твораў беларускіх пісьменнікаў Ніна Іванаўна спасцігала адну вялікую праўду-ісціну: мова, якая валодае такімі якасцямі, — гэта мова несмяротная, векавечная, знішчэнню-вынішчэнню непадлеглая, у яе неймаверна моцна развітая і глыбока праніклая ў родны долкарнявая сістэма. Нічога з ёю не зробяць тыя — і свае, і прыхадні, — якія не могуць гэтую праўду-ісціну зразумець, іх ліквідатарскія намаганні неразумныя і марныя.

«Ведаеш, — дзялілася іншы раз думкамі, — калі раптам і адразу ўзраслі і падняліся аж чатыры такія волаты, — раптам, адразу! — дык якія ж запасы жыццёвай моцы-сілы ў нашае мовы? » Чатыры волаты—гэта Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі. Або — у каторы раз перагартаўшы том Лукаша Калюгі: «Проста нямею, як перад нейкім дзівам: каб у васемнаццаць гадоў пісаць такую спелую ды такою моваю прозу — трэба быць геніем, няйначай як геніем! Добра, але ж геніі з нечага вырастаюць. З чаго? Што ёсць гэнае „чаго“ ? Якая фізічная ці духоўная падаснова? Ну а дзеля чаго — прарастаюць? Навошта і па чыёй волі прарастаюць ? Хіба не дзеля таго, каб народ верыў у сябе і не падаў духам? Думаю, дзеля гэтага».

Прачытаць кнігу «Добры анёл беларускасці» магчыма на партале Беларускай бібліятэкі: kamunikat.org

Л. Антонаў

Последние новости