haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

08.04.2016 09:14

1196 просмотров

1 комментарий

Людзі вачыма жывёлін. Народны тэатр Гарадоцкага ГДК выступіў на абласным свяце «Тэатральная вясна-2016»

Спектакль па п’есе М. Ладо «Вельмі простая гісторыя» ў пастаноўцы народнага драматычнага тэатра Гарадоцкага ГДК пад кіраўніцтвам рэжысёра Аляксандра Бязгінава адбыўся на сцэне гэтай установы культуры ў рамках абласнога свята аматарскіх тэатраў «Тэатральная вясна-2016» 1 красавіка. Падчас прагляду гледачам было над чым і пасмяяцца, і заплакаць, і задумацца — пастаўленую звышзадачу акцёры выканалі ў поўнай меры.

Простая гісторыя, расказаная са сцэны дасціпнай мовай, аказалася не такой ужо і простай. Сюжэт пазнавальны: у выніку кахання Дашкі (Аксана Башмакова) і Алёшкі (Станіслаў Харчанка) яна зацяжарыла. Пачуцці маладых шчырыя і моцныя, але ж яны няроўня: маці ў хлопца памерла, а ягоны бацька (Аляксандр Ніканенка) — горкі п’яніца, прапашчы чалавек, у той час як ейны бацька (Дзяніс Зямлянскі), наадварот, працавіты, а таму заможны, сапраўдны гаспадар. Ейная маці (Наталля Тарасава) больш за што іншае баіцца выклікаць мужаў гнеў. Усе людзі, якія здаюцца на першы погляд самастойнымі і годнымі, бачаць выйсце ў тым, каб прымусіць Дашку зрабіць аборт — каб абыйсціся без ганьбы і не «паламаць жыццё» дзяўчыне.

Сітуацыя расказана праз прызму ўспрымання хатняй жывёлы, што жыве ў гаспадарскім хлеўчуку. Ні летуценная свіння (Кацярына Нечытайла), ні карова Зорка (Марына Ходас), ні кабылка Сястрычка (Таццяна Пушкова), ні істэрычны певень (Вікторыя Марозава), ні сабака Здаравяка (Мрыя Дайнека) не разумеюць, як магчыма забіць сваё дзіцятка. Калі яны даведаліся аб жаху, які чакае Дашку і яе ненароджанае дзіця, усе іх думкі занятыя толькі тым, каб уратаваць малое, меўся нават намер украсці немаўля — але ж яно яшчэ не нарадзілася.

Свіння, якую забіў гаспадар, каб заплаціць урачу, вяртаецца ў хлеў у вобразе анёла і тлумачыць, што малога можна ўратаваць, калі ў яго з’явіцца анёл-ахоўнік, але для гэтага нехта павінен памерці. Сваё жыццё гатовы аддаць верны людзям сабака, але спрацаваная кабылка рашае, што яна больш падыходзіць на ролю ахвяры — зусім старая. Ды не паміраецца ёй! Здольнасцю чуць іх размовы, аказваецца, валодае сусед: нягледзячы на тое, што ён нікчэмны п’яніца, у яго чыстае сэрца. Ён адмаўляе кабылцы ў просьбе застрэліць яе — забойства жывой істоты непрымальнае яго прыродзе. Але, стоячы перад страшым выбарам, ён здзяйсняе самазабойства, каб стаць анёлам сваёй унучачцы, бязвіннай маленькай Марусьцы. Яна нараджаецца — і ўсе праблемы, якія здаваліся такімі пакутлівымі, немагчымымі — вырашаюцца. Усе шчаслівыя — і людзі, і жывёліны, і анёлы...

Пакінем тэатральным крытыкам права разбіраць магчымыя недахопы спектакля. Гледачы суперажывалі героям, шчыра дзякавалі артыстам і рэжысёру, разыходзіліся ўзрушаныя — ці не гэта галоўнае? Зачапілі створаныя самадзейнымі акцёрамі вобразы. У выкананні К. Нечытайла надзвычай рамантычнай, прагнай да жыцця атрымалася свіння. Не павярнецца язык даць крыўдную мянушку М. Ходас, карове, — насамрэч яна цярплівая, стрыманая карміцелька. Старая кабылка Т. Пушкова — скарбніца мудрасці і цеплыні. Падобны на папугая певень В. Марозава — крыніца гумару і смеху, а рухавы сабака М. Дайнэка — пазітыву і самаадданасці. Розныя характары прадэманстравалі і тыя, хто іграў людзей, — супярэчлівых, са слабасцямі і заганамі, але не безнадзейна чэрствых. Стварыць такія рознабаковыя вобразы артыстам дапамог бясспрэчна таленавіты рэжысёр А. Бязгінаў. Ён удала сінтэзаваў сцэнаграфію, музычнае і гукавое афармленне, касцюміраванне, усе складальнікі спектакля.

У зале было багата моладзі, але ці не галоўным гледачом быў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аркадзь Іосіфавіч Бачкоў. Ён прыехаў з Пруднікаў, каб пагля-дзець на творчую работу свайго ўнука, студэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандра Ніканенкі і яго ўлюблёных у тэатр аднадумцаў. Пастаноўку пракаментаваў коратка і ёміста:

— Спадабалася. Малайцы артысты. Абаяльныя, здольныя, паспелі палюбіцца. Мастацтва — вялікая сіла, якая прымушае чалавека задумвацца, як заставацца чалавекам у любой жыццёвай сітуацыі.
Лепш не скажаш. Віншуем народны тэатр з чарговым поспехам, зычым удачы і чакаем новых сустрэч
.

Святлана ЯКАЎЛЕВА.

На здымках: бяседуюць кабылка, свіння і карова; А. Ніканенка ў вобразе суседа; фінальная сцэна спектакля.

Фота аўтара.

Последние новости