haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

25.05.2016 08:00

1353 просмотра

0 комментариев

Гарадоцкія артысты на сцэне амфітэатра ў «Год культуры»

На сцэне летняга амфітэатра адбыўся гала-канцэрт творчых калектываў Віцебшчыны, які завяршыў самы масавы абласны праект Года культуры — агляд-конкурс творчых калектываў вобласці. Удзел у ім узялі 500 калектываў і больш за 200 індывідуальных выканаўцаў, усяго больш за 5 тыс. чалавек. Творчыя спаборніцтвы працягвалі амаль пяць месяцаў, і 20 мая на легендарную сцэну выйшлі лепшыя з лепшых — 1300 чалавек.

У іх ліку былі прадстаўнікі Гарадоччыны: народны ансамбль песні і танца «Яблынька» (хормайстар Дзіна Сцяпанава, балетмайстар Наталля Тарасава, музычны кіраўнік Вячаслаў Мурашкевіч), выхаванец Ірыны Пракапенка, саліст Аляксандр Вараб’ёў і ўзорная студыя бальнага танца «Гармонія» (кіраўнік Таццяна Сіманковіч), дуэт гарманістаў у складзе Аляксея Семянкова і Вадзіма Аляксеева — усе прадстаўнікі Гарадоцкага ГДК, народны ансамбль гарманістаў цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна (кіраўнік Уладзімір Шакуцёў) і прыпевачніца Бычыхінскага СДК Людміла Барсукова.

Звяртаючыся да прысутных, старшыня аблвыканкама М.М. Шарснёў адзначыў:

— Для нашай вобласці Год культуры багаты на значныя падзеі: 25 год адзначае Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», 90 год спаўняецца нацыянальнаму драматычнаму тэатру імя Якуба Коласа, 30 год — заслужанаму калектыву рэспублікі, беларускаму тэатру «Лялька», 50 год — Віцебскаму абласному музею Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова, 45 — Віцебскаму дзяржаўнаму каледжу культуры і мастацтваў, 25 — музею Марка Шагала. Ідзе падрыхтоўка да фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2016», які адбудзецца ў г. Сянно. У новым фармаце 2 ліпеня пройдзе 57-ая сустрэча ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны на Кургане Дружбы. 9 мая пасля маштабнай рэканструкцыі быў урачыста адкрыты мемарыяльны комплекс «Прарыў»...

Самабытная культура беларускага народа бярэ карані з глыбокай гісторыі. Мы можам ганарыцца сваімі багатымі вытокамі, абрадамі, фальклорам, прыгажосцю нацыянальнага касцюма, народнымі рамёствамі. Россып народных талентаў нессякальная, багацее і ў трэцім тысячагоддзі, пашырае свае межы. У вобласці працуе звыш за 3 тыс. клубных фарміраванняў, 11 з іх маюць ганаровае званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь», 541 — «народны» і «ўзорны». Практычна кожны раён вобласці ганарыцца тым, што ўвасабляе той ці іншы яркі, самабытны культурны праект, мае ўласныя адметныя рысы.

Самую вялікую сцэнічную пляцоўку вобласці можна было параўнаць з рухавым, дружным, зладжаным мурашнікам. Кожны артыст праз песню, танец, музыку з энтузіазмам дарыў прызнанні ў любові роднаму краю, дзякаваў за радасць жыцця. З усіх колераў сцэнічных касцюмаў пераважаў урачысты белы — незаплямлены, як сумленне і душа беларускага народа. Гэта адзначалі і запрошаныя на свята гледачы, якія прыехалі падтрымаць сваіх таленавітых землякоў з усіх куточкаў Віцебшчыны.

Напрыканцы года ў Мінску адбудзецца рэспубліканскі форум творчай інтэлігенцыі і работнікаў культуры Беларусі. На ім будуць прадстаўлены лаўрэаты конкурсаў «Чалавек Года культуры» і «Горад культуры». Многія ўдзельнікі гала-канцэрта, які адбыўся, спадзяёмся, што і гарадоцкія, выступяць на сталічнай сцэне.

На здымках: пад акампанемент ансамбля гарманістаў спявае Л. Барсукова, на заднім плане — «Яблынька»; «Смуглянка» у выкананні А. Семянкова і В. Аляксеева; А. Вараб’ёў выступае пры падтрымцы студыі «Гармонія».

Святлана ЯКАЎЛЕВА.

garadvest.by

Последние новости