haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

05.06.2016 09:01

2692 просмотра

0 комментариев

Генадзь Кісялёў, як адкрывальнік Канстанціна Вераніцына, аўтара паэмы «Тарас на Парнасе»

Так любімая многімі пакаленнямі беларусаў паэма «Тарас на Парнасе», якая набыла вядомасць яшчэ ў ХІХ стагоддзі, заставалася ананімнай больш за стагоддзе. Для гісторыка і літаратуразнаўцы Г.В. Кісялёва (на здымку) устанаўленне асобы «бацькі» палясоўшчыка Тараса стала справай жыцця.

Генадзь Васільевіч вёў пошукі, вывучаючы архівы, сустракаючыся з рознымі людзьмі, даследуючы літаратуру. І ў 1973 г. ён дабіўся поспеху.


Пытанне аб аўтарстве паэмы хвалявала многіх літаратуразнаўцаў, вучоных, крытыкаў. Меркавалася, што «Тараса на Парнасе» напісаў В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч, А. Вярыга-Дарэцкі, студэнты Горы-Горацкага земляробчага інстытута...

У рукапісным сшытку паэта і фалькларыста А.Ф. Рыпінскага, які захоўваўся ў прафесара БДУ М.М. Піятуховіча былі тэксты паэм «Тарас на Парнасе» з подпісам «Канстанцін Вераніцын, 15.04.1855, Гарадок» і «Два д’яблы» з подпісам «7.04.1860 год, г. Масква, К. Вераніцын». Але М.М. Піятуховіч лічыў, што Вераніцын — гэта псеўданім.


13 лістапада 1973 года ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі Г.В. Кісялёў знайшоў дакументы Горы-Горацкага земляробчага інстытута і ўстанавіў, што Канстанцін Васільевіч Вераніцын нарадзіўся 1 чэрвеня 1834 г. ў в. Астраўляны Віцебскага пав. Быў прыгонным селянінам памешчыка В.М. Бондырава, ёсць меркаванні, што яго пазашлюбным сынам. У 1844 г. скончыў Гарадоцкае прыходскае вучылішча. Атрымаўшы вольную, ён паступіў у Віцебскую губернскую гімназію. У 1852 г. прыпісаўся ў гарадоцкія мяшчане і змяніў прозвішча Васільеў на Вераніцын. У 1852 г. паступіў у Санкт-Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію, адкуль праз два гады быў выключаны. Менавіта ў гэты час Канстанцін напісаў у г. Гарадку «Тараса на Парнасе».
У 1859 г. К. Вераніцын у ліку лепшых выпускнікоў скончыў Горы-Горацкі земляробчы інстытут, кіраваў маёнткам на Магілёўшчыне, выкладаў у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, быў стацкім саветнікам у Пецярбургу...

Зыходзячы з устаноўленых Г.В. Кісялёвым звестак, пацверджанне знайшлі ўсе здагадкі, што выказваліся даследчыкамі пра беларускае паходжанне аўтара, добрае веданне ім сялянскага побыту в. Пуцявішча непадалёк ад Астраўлян, віцебскую гаворку, дасведчанасць у рускай культуры і літаратуры.

— Для яго (К. Вераніцына) жыццяпісу характэрна тое, што і для самой паэмы — сінтэз, зліццё беларускай народнай стыхіі з рускай кніжнай культурай, — пісаў Г.В. Кісялёў. — Гэта здольны чалавек з народа, якому, папярок усім перашкодам, удалося атрымаць адукацыю. Выхадзец з ніжэйшых пластоў зняволенага сялянства, былы прыгонны, ён добра ведаў душу, мову, побыт народа.

Даць такую трапную адзнаку адзін з самых выдатных, глыбокіх і выніковых беларускіх гісторыкаў літаратуры і літаратуразнаўца ХХ стагоддя меў поўнае права. Яго слова, аўтарытэтнае, дакладнае, — у прыватнасці, дылогія аб пошуках аўтараў ананімных на той час паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» пад назвай «Адшукваецца класік» (1989 г.) падштурхнула іншых літаратуразнаўцаў да пошукаў новых дакументаў і фактаў, што тычацца аднаго з лепшых твораў беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя.

На Гарадоччыне, пачынаючы з 1997 г., рэгулярна праходзяць Вераніцынскія краязнаўчыя чытанні, тэматычныя канферэнцыі, конкурсы, мастацкія пленэры, выязныя экскурсіі. У 2001 г. ля Гарадоцкага раённага краязнаўчага музея і ў в. Астраўляны ўсталяваны памятныя знакі ў гонар паэмы «Тарас на Парнасе» і яе аўтара, а ў 2014 г. у скверы па вул. Савецкай у райцэнтры — выдатны помнік палясоўшчыку Тарасу.

З 2009 г. кожны чэрвень ладзіцца раённае свята народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору «Гарадоцкі Парнас». Усё гэта становіцца брэндам Гарадка.
Такім чынам гарадакчане ўшаноўваюць памяць свайго самага славутага земляка К. Вераніцына і дзякуюць Г.В. Кісялёву — чалавеку, які праліў святло на таямніцу яго імя. Яно, дарэчы, ставіцца на сучасных выданнях паэмы з 2008 г.

Падрыхтавала Святлана ЯКАЎЛЕВА.

garadvest.by

Последние новости