haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

07.06.2016 12:09

5238 просмотров

0 комментариев

У Гарадку адбыўся чарговы фэст «Гарадоцкі Парнас — 2016» з удзелам шматлікіх гасцей з вобласці і сталіцы

Святло яркай бліскавіцы талента Канстанціна Вераніцына, які 15 красавіка 1855 г. завяршыў у г. Гарадку напісанне паэмы «Тарас на Парнасе», даходзіць і да нашых дзён. Восьмы раз на Гарадоччыне, радзіме самага славутага беларускага ананіма, ладзіліся ўрачыстасці: 5 чэрвеня тут прайшло раённае свята народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору, прысвечанае К. Вераніцыну, — прыгожае, вялікае, шчырае, як душа людзей, якія спакон вякоў жывуць на гэтай зямлі.

У яснае неба ўзляцела эмблема нашага свята, якую ўзнялі старшыня райвыканкама П.П. Карабач і старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Т.І. Краснова-Гусачэнка. Над Гарадком залуналі знаёмыя вершы, зазвінелі родныя песні.

Гарадакчане і ганаровыя госці свята, у ліку якіх былі літаратары У.Р. Крайнеў, К.Р. Нілаў, У.А. Папковіч, Н.В. Саветная, А.А. Лісняк, мастакі І.П. Хіцько і Ф.Ф. Гумен, кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, двух ордэнаў «Знак Пашаны» Н.С. Сянчура, аддалі даніну павагі славутаму земляку ля скульптурнай кампазіцыі «Тарас на Парнасе». Да помніка ўсклалі жывыя кветкі.

Традыцыйную акцыю «Чытаем паэму разам» сёлета падтрымалі настаўнікі і вучні школ Гарадоччыны. Гумарныя радкі паэмы ўжо другое стагоддзе з вуснаў у вусны перадаюцца многімі пакаленнямі беларусаў і, як калісьці, выклікаюць усмешкі трапнасцю дыялектнай мовы нашай мясцовасці, сакавітых вобразаў.

«Сцежкамі Тараса» па маршруце Гарадок-Астраўляны-Гарадок, па авеяных легендамі дарогах, якімі хадзіў і К. Вераніцын, рушылі 40 удзельнікаў велапрабегу, арганізаванага раённым аб’яднаннем прафсаюзаў (падрабязнасці чытайце ў наступным нумары газеты). Добрымі словамі ў дарогу праводзілі веласіпедыстаў гарадакчане, а эпіцэнтр свята перамясціўся ў дзіцячы парк за Домам культуры.

Яшчэ з раніцы яго аздобілі беларускія панадворкі, аформленыя сельскімі саветамі, каледжамі і птушкафабрыкай. Тут жа развярнуліся выстава-продаж вырабаў народных майстроў мясцовага Дома рамёстваў і фальклору, гасцей з Полацка і Віцебска, пляцоўкі раённай бібліятэкі, райспажыўтаварыства, раённага аддзялення таварыства паляўнічых і рыбаловаў, гандаль дзіцячымі цацкамі, плэнэр навучэнцаў мастацкага аддзялення ДШМ г. Гарадка.

Папкорн у гэты дзень не быў запатрабаваны: куды больш прывабнымі былі прысмакі, што, устаўшы на досвітку, прыгатавалі сельскія гаспадыні, удзельніцы народных аматарскіх аб’яднанняў «Сладушка» Пальмінскага СДК і «Гаспадынька» Кабішчанскага СДК, клубы нацыянальных кухняў Віраўлянскага, Бычыхінскага, Даўгапольскага, Халамерскага, Верамееўскага, Вархоўскага дамоў культуры.

Засцеленыя вышыванымі абрусамі сталы здзіўлялі багаццем печыва, адмысловымі стравамі з бульбы, рыбы, мяса, гародніны. Іх традыцыйныя і аўтарскія рэцэпты «раёнка» яшчэ надрукуе.

З густам сельсаветы падышлі да афармлення сваіх пляцовак: жывыя кветкі і іх расада, калодзежныя зрубы і лялькі, латарэі і забаўлянкі для дзяцей... Малыя ахвотна лавілі ў надзіманай лодцы сярод лісця гарлачыкаў жывых карасёў, фатаграфаваліся ў боскай калясніцы і тантамарэсцы ў вобразе палясоўшчыка Тараса.

Заўсёды радуе фантазія і адказнасць, з якой падыходзіць да арганізацыі работы сваёй пляцоўкі ААТ «Птушкафабрыка Гарадок». Сёлета на ёй можна было сустрэць багоў з Парнаса, М.В. Гогаля, А.С. Пушкіна, пад’есці тут жа падсмажанай на патэльні гарачай яешні, выйграць прызы. Пашанцавала ўзяць галоўны з іх, вялізнага індыка, Наталлі і Пашы Чулковым (на здымку з Паўлам Каратковым, які выступаў у ролі грамабоя Зеўса).

Арганізатары ўсіх святочных пляцовак былі адзначаны падзякамі райвыканкама, якія ўручыла старшыня Гарадоцкага раённага Савета дэпутатаў С.Л. Зуева:

— Хочацца падзякаваць усім, хто ладзіў гэта шыкоўнае мерапрыемства, людзям, якія падарылі нам сёння свае творчыя таленты, усім, хто накарміў нас не толькі духоўнай, але і сапраўднай ежай, працягвае прапагандаваць беларускія традыцыі гасціннасці, працалюбства, шчодрасці.

Значнасць свята, якое сведчыць, што мы ўшаноўваем памяць сваіх славутых землякоў і год ад году адзначаецца з усё большым размахам, падкрэсліла ў сваім звароце да прысутных намеснік старшыні райвыканкама Н.А. Бурунова. Яна выказала думку, што «Гарадоцкі Парнас» становіцца сапраўдным брэндам Гарадка і мае шанц стаць урачыстасцю абласнога маштабу.

Спыніўшыся ў сваім выступленні на гісторыі знакамітага твора К. Вераніцына, даследаваннях па ўстанаўленні імя аўтара, каштоўнасці жамчужыны беларускай паэзіі, прызнанай ў літаратурным сусвеце, яе вартасці, Тамара Краснова-Гусачэнка заклікала:

— Ганарыцеся, што вы гарадакчане, што мы — беларусы!

Беларусы, прадстаўленыя народнымі калектывамі Гарадоччыны «Яблынька», «Глейна», «Азерыца», «Зачараванне», «Дубравіца», «Суседзі», ансамблем гарманістаў, узорным калектывам «Гармонія», калектывамі «Задоринки», «Феерыя», прыпевачніцай Людмілай Барсуковай, спявачкай Таццянай Раевай, чытальніцай Раісай Марчанка, групай народнага хора «Світанак» Шумілінскага ЦК, далі напоўнены радасцю канцэрт. Вельмі дарэчы ўпляліся ў яго вершы ў выкананні аўтараў, ганаровых гасцей свята, выступленне вакальнага калектыву «Надзея» з г. Усвяты.

Як знак асобай пашаны, кожнаму пачэснаму госцю, кожнаму калектыву, што выступіў падчас свята, быў прыпаднесены духмяны гарадоцкі каравай. За падтрымку ў іх набыцці і дапамозе ў вырашэнні іншых пытанняў арганізатары свята ўдзячныя спонсарам — індывідуальным прадпрымальнікам і кіраўнікам прыватных прадпрыемстваў Л.А. Аўтухавай, В.Б. Емяльянавай, В.М. Клац, С.А. Якаўлевай, Ж.А. Ганчаровай, А.М. Яраховічу, Я.М. Даўгалёвай, Г.К. Нікіфаравай, І.М. Баркоўскай, Л.А. Зязюлю, А.К. Агамаву.

Дапамагаў весці канцэрт вядучай Вікторыі Рачкоўскай сам палясоўшчык Тарас, з роляй якога выдатна справіўся Алег Пуляроў (на здымку). Трэба адзначыць, што вершаваную частку сцэнарыя ў стылі ўслаўляемай паэмы таленавіта напісалі Іна Ляўковіч і Таццяна Петрачэнка:

Мой бацька хросны, Вераніцын,
І сам такога не ўяўляў,
Калі парнаскія вандроўкі
Мясцовай мовай распісаў.
Не ведаў ён, што мне, не Богу,
А астраўлянцу-мужыку,
Нібыта тому Апалону,
Паставяць помнік у Гарадку.
Канешне, я не лыкам шыты,
Не дурань, відны — не адняць!
І, як не мне, тады каму ж тут
Раёна візітоўкай стаць?

У рамках свята праходзіў V раённы адкрыты конкурс тэматычных вырабаў народных майстроў і мастакоў «Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса?» Прадстаўленыя на яго работы дапаўнялі афармленне святочных радоў. Яго вынікі падвяла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н.Л. Гамзюк, звярнуўшы ўвагу, наколькі прыцягальнымі для творчасці застаюцца вобразы людзей і краявідаў, створаныя К. Вераніцыным. Імёны пераможцаў мы абавязкова ўзгадаем на сваіх старонках пазней.

У шэрагу святаў Вераніцынскі фэст стаіць асобкам. Ён ладзіцца выключна ў Гарадку і дазваляе нам яшчэ раз азірнуцца на сваю мінуўшчыну, з гонарам узгадаць, якога вялікага чалавека нарадзіла наша зямля.

На здымках: моманты свята.

Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара і Ганны НАВУМАВАЙ.

garadvest.by

Последние новости