haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

20.07.2016 09:58

3184 просмотра

0 комментариев

Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці. Традыцыйная экскурсія выкладчыкаў і работнікаў агратэхнічнага каледжа.

Старажытны Полацк, які ўпершыню ўпамінаецца летапісах у 862 года, выклікаў інтарэс удзельнікаў экскурсіі, арганізаванай 9 ліпеня прафсаюзным камітэтам і адміністрацыяй ГДАТК. Тыя, хто калісьці бываў у гэтым раённым цэнтры Віцебскай вобласці, з задавальненнем адзначалі, наколькі змянілася аблічча горада напрыканцы мінулага і пачатку гэтага стагоддзя, як ён расцвёў і пахарашэў.

Падчас агляднай экскурсіі па Полацку работнікі каледжа спыняліся ля яго шматлікіх помнікаў: Усяславу Чарадзею, Еўфрасінні Полацкай, першадрукару Францыску Скарыне, асветніку Сімяону Полацкаму, капліцы героям вайны 1812 года, літары «Ў», крывічам, 23 героям-гвардзейцам, дойліду Іаану, свяціцелю Мікалаю Цудатворцу, шкаляру, купцу… Дарэчы, абсалютная большасць памятных знакаў з’явілася тут у апошнія 15 гадоў, і ў кожнага з іх — свая асаблівая гісторыя, падобная на легенду. Толькі слухай, запамінай і здзіўляйся, колькі цікавага адбывалася паблізу ад гарадоцкіх земляў.

Свецкія экскурсанты ператварыліся ў паломнікаў, наведаўшы Полацкі Спаса-Еўфрасіньеўскі манастыр. Яны на свае вочы пабачылі фрэскі ХІІ стагоддзя, дакрануліся да ракі з мошчамі беларускай святой. У Крыжа-Узвіжанскім саборы запаліліся свечы і прагучалі шчырыя малітвы гарадакчан.
Незабыўнае ўражанне пакінула наведванне Сафійскага сабора, пазнанне яго амаль тысячагадовай гісторыі, раскрыццё яго таямніц, канцэрт арганнай музыкі. Ля Барысава камня, што побач з велічнай «Сафіяй», падарожнікі зняліся на памяць (на здымку).

- Штогод выязджаючы на экскурсіі па роднай краіне, мы дакранаемся да яе багатай гісторыі, — расказвае старшыня прафкама ГДАТК Мікалай Віхаценка. — Гэта міжвольна выхоўвае самасвядомасць нас як беларусаў, павагу да мінуўшчыны і ўпэўненасць, што мы перажывём любыя складанасці, захаваўшы сваю выбітнасць і годнасць. Што ж да прафсаюзнага жыцця ў каледжы — яно не затухае. На працягу студзеня-красавіка праходзіла спартакіяда па валейболе, настольным тэнісе, стральбе, гіравым спорце, армрэстлінгу. У ёй бралі ўдзел каманды адміністрацыі, выкладчыкаў, майстроў, работнікаў АГЧ, лепшымі сталі выкладчыкі. Пастаяннымі сталі паездкі на рыбалку і ў лес.

Пад уплывам «Чарнічнага фестывалю», убачанага ў Полацку, назаўтра ж пасля яго, 10 ліпеня, з’ездзілі ў чарніцы. Экскурсія ў Полацк была арганізавана за кошт прафсаюзных сродкаў, прафкам жа аплаціў палову кошту білетаў на гала-канцэрт зорак беларускай і расійскай эстрады «Віцебск збірае сяброў», што адбыўся 15 ліпеня ў Летнім амфітэатры ў межах «Славянскага базара». Транспартныя выдаткі звычайна бярэ на сябе адміністрацыя каледжа.

Мерапрыемствы, што праводзяцца па ініцыятыве прафсаюзаў у працоўных калектывах па-за межамі асноўнай вытворчай дзейнасці, яднаюць работнікаў. Яны дазваляюць ім не сумаваць у адзіноце, а адчуваць сябе далучанымі да адзінай дружнай суполкі.

Святлана ЯКАЎЛЕВА. http://www.garadvest.by/2016/07/ekskursanty-iz-ggatk-pobyvali-v-polocke/#more-8436

Последние новости