haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

27.07.2016 10:12

848 просмотров

0 комментариев

У Езярышчы адзначылі свята гарадскога пасёлку

«Молодей, процветай, Езерище!» — такі заклік гучаў ужо ў самой назве свята гарадскога пасёлка, што адбылося там 10 ліпеня. Абапал цэнтральнай пляцоўкі, што размясцілася ля мясцовага Дома культуры, працавалі гандлёвыя рады, дзіцячыя атракцыёны. Аздобіла яе выстава-продаж вырабаў майстроў Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору.

Прыгожыя і ўзрушаныя землякі віншавалі адзін аднаго, радаваліся летняму дню, ушаноўвалі добрым словам і песняй паважаных езярышчанцаў, узгадвалі гісторыю сваіх мясцін.

Езярышча бярэ карані ў глыбіні стагоддзяў, яго гісторыя цесна звязана з гісторыяй полацкіх і віцебскіх земляў. Упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах як Азярышчы, валоданне Улляны Цвярской, удавы Вялікага князя Літоўскага Альгерда ў 1377 г. У летапісах аб Лівонскай вайне (1565 г.) узгадваецца як горад Азярышчы, умацаваны замак якога асаджалі войскі Івана Грознага... Што за перыпетыі давялося перажываць людзям, якія жылі на гэтай зямлі больш за сем стагоддзяў, застаецца ўяўляць, падключаючы гістарычныя факты, мясцовыя легенды, традыцыі, звычаі. На сучасным месцы Езярышча пачало будавацца напачатку ХХ стагоддзя, калі тут пралягла чыгунка. З 1924 па 1962 гады пасёлак з’яўляўся раённым цэнтрам. Навейшую гісторыю мястэчка ўвасабляюць яго людзі, на памяці якіх і трагічныя, і радасныя падзеі мінулага і цяперашняга стагоддзяў.

Старэйшай жыхарцы Езярышча, Наталлі Арсенцьеўне Карэнчуковай (на здымку), ужо 97 гадоў. 96 гадоў ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Васілю Ільічу Глазкову. Але землякі паважаюць іх не толькі за салідны ўзрост, а найперш за прыстойна пройдзеныя жыццёвыя шляхі. Нязменная павага езярышчанцаў і да педагога з 35-гадовым стажам, выдатніка народнай адукацыі СССР і БССР Н.Я. Падмазавай, якая 24 гады працавала дырэктарам школы-інтэрната для дзяцей са слабым зрокам, а цяпер кіруе ветэранскай арганізацыяй гарпасёлка. На свяце Ніна Ягораўна выступіла ў якасці ганаровага госця.

Ушанавалі арганізатары мерапрыемства сямейныя пары, якія сёлета адзначаюць вясельныя юбілеі — залатыя і срэбраныя. Скарысталіся магчымасцю публічна падзякаваць сваім лепшым работнікам прадстаўнікі КУСГП імя Дзімітрава і пошты, тутэйшых школы і садка, лясніцтва і ўчастка ГПКіЦС, аддзялення чыгункі і райспажыўтаварыства, ТЦСАН і ПАСП... Самая яркая на сёння візітоўка г.п. Езярышча — народны фальклорны калектыў «Азерыца» пад кіраўніцтвам Жанны Комавай. У яго рэпертуары — мноства прыдбанага з народнай спадчыны, а ў выкананні — самабытнасць гучання традыцыйных для гэтай мясцовасці інструментаў. Выступленні «Азерыцы», танцавальных і вакальных калектываў тутэйшага ГПДК, яго салістаў, гасцей з Гарадка, у ліку якіх быў ВІА «Лель», славілі Езярышча.

— Гэта пасёлак, дзе жывуць дружныя, працавітыя людзі, дзе не страчаны дух гасціннасці, паважлівых адносін да суседзяў, да спрадвечных каштоўнасцяў, — узнёсла адгукнулася пра сваю радзіму дырэктар Дома культуры Наталля Грыгор’ева. — Мы ганарымся, што нам шчасціць жыць побач з людзьмі, якіх уславілі на свяце. Мы задаволеныя, што дадалі ў штодзённыя клопаты нашых мясцін радасці. Ад такіх святаў аб’яднання хочацца жыць, працаваць і марыць.

Саша СЯМЁНАВА. Фота аўтара. http://www.garadvest.by

Последние новости