haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

25.08.2016 17:36

829 просмотров

0 комментариев

А храм плыве... Гісторыя храма ў Хвошна і лёс кананізаванага Афанасія Кіслова

У кнізе «Памяць. Гарадоцкі раён» (Мн., «Беларусь» 2004 г.) знаходзім скупыя звесткі аб царкве ў в. Хвошна: «Хвашнянская Свята-Ушэсцеўская царква была пабудавана ў 1807 г. , у яе прыходзе праз год налічвалася 3061 чалавек. Яна была мураваная на каменным цокалі, дах пакрыты жалезам, звонку і ўнутры пабелена. Даўжыня пабудовы — 6 сажэняў 1 аршын. Званіца была двух’яруснай».

Тут жа чытаем «Але ні адзіны будынак царквы былых часоў на тэрыторыі раёна не збярогся. Толькі ў Вярэччы сцены праваслаўнага храма (без купалоў і званіцы) на паўстагоддзя прытулілі школу, ды ў в. Хвошна стаялі паўразбураныя сцены царквы».

Якое ж было здзіўленне аўтара гэтага артыкула, калі аднойчы пагодным асеннім днём уязджаючы ў Хвошна, яна ўбачыла на высокім узгорку белы храм пад вялікім купалам (на здымку)! Купал кідаў сонечныя водбліскі, здавалася, імкнуўся ў неба, цягнуў з сабою за шэры шыфер і сялянскія хаткі, што разбегліся наўкола, і занядбаныя цяпер землі...

Паводле захаваўшыхся статыстычных звестак аб царквах і прытчах Полацкай епархіі, апублікаваных у 1884 г., на той час прыхаджанамі царквы, пабудаванай у с. Хвошна ў 1807 г. у імя Узвіжання Гасподняга, з’яўляліся 2009 мужчын і 1951 жанчына. За царквой было замацавана 44 дзесяціны зручнай і 20 дзесяцін нязручнай зямлі, казённыя, драўляныя, зусім старыя пабудовы. Настаяцелем храма быў Аркадзь Бялінскі, псаломшчыкамі — Мітрафан Шавельскі і Павел Славецкі.

Але самае знакамітае імя, звязанае з Хвашнянскім храмам, — імя свяшчэннамучаніка Афанасія Прыхабскага (Кіслова). На працягу шасці гадоў, у 1918-1924 гг. ён служыў у Хвошне дыяканам. Яго жыццё было няпростым, а смерць — пакутніцкай... Ён нарадзіўся ў 1880 г. у в. Тараскіна пад Себежам, у чатыры гады асірацеў, і хлопчыка разам з сёстрамі ўзяў на выхаванне протаірэй Іосіф Нікановіч. Ён паклапаціўся, каб даць Афанасію свецкую адукацыю, пасля атрымання якой юнак працаваў у Санкт-Пецярбургу. Атрымаўшы звесткі, што на радзіме да яго каханай, дачкі святара, Ганны, сватаюцца, кінуў службу і прыехаў прасіць яе рукі. Іх абвянчалі ў 1908 г., а праз два гады Афанасій прыняў рашэнне прысвяціць жыццё служэнню Богу. У 1910 г. ён быў пасвечаны ў дыяканы, у 1924 г. — у святары, пачаў служыць у Свята-Еўфрасіньеўскай царкве ў с. Рудня. У 1927 г. яе абклалі непамерна вялікім падаткам, у выпадку яго нявыплаты святара чакаў арышт. Сям’я, у якой было дзевяць дзяцей, цягнула з апошніх сіл, прадавала нават неабходнае, галадала.

У 1929 г., на Хрышчэнне Гасподняе, айцец Афанасій з прыхаджанамі выйшлі «на Іардань», пасля чаго бацюшка быў арыштаваны і дастаўлены ў следчы ізалятар у райцэнтры Мяжа, дзе на працягу месяца яго білі і здзекваліся з яго. Дадому ён вярнуўся напаўмёртвы, але, паправіўшыся, зноў стаў здзяйсняць богаслужэнні. Напачатку 30-га года сям’я Кісловых вымушана была з’ехаць на Пскоўшчыну, дзе Афанасій стаў служыць у с. Прыхабы (адсюль і яго прозвішча). Яго арыштавалі падчас Велікоднага богаслужэння ў 1935-м. Змарнаваны і маўклівы вярнуўся ён праз два тыдні. Неяк у яго вырвалася, што ён сядзеў у адной камеры з крымінальнікамі, якія прымушалі яго вазіць іх на сабе... 13 жніўня 1937 г. протаіерэй Афанасій Кісялёў быў арыштаваны і абвінавачаны ва ўдзеле ў бандзе антысавецкіх элементаў. 23 жніўня Асобай тройкай пры УНКУС СССР па Калінінскай вобласці па ч.1 арт.58-10 КК РСФСР А. Кіслоў быў прыгавораны да расстрэлу, у той жа дзень прыгавор быў прыведзены ў выкананне. У абвінавачвальным заключэнні было сказана, што «пры вобыску знойдзена многа сухароў, сушоных з печанага хлеба і 102 р 50 кап дробнай срэбранай манеты савецкай чаканкі, што поўнасцю пацвярджае яго контррэвалюцыйную дзейнасць».

Афанасій Прыхабскі (Кіслоў) быў рэабілітаваны ў 1970 г., а 6 кастрычніка 2003 г. кананізаваны Свяшчэнным Сінодам Рускай Праваслаўнай Царквы. Святкаванне святому ўстаноўлена ў дзень яго пакутніцкай канчыны — 23 жніўня — і дзень святкавання Сабора новамучанікаў і спавядальнікаў Расійскіх — першая нядзеля, пачынаючы ад 7 лютага.

Сёлета, як і некалькі апошніх год запар, 23 жніўня ажыве звычайна замкнуты Свята-Ушэсцеўскі храм у в. Хвошна. Вернікі збяруцца на службу, памаліцца Афанасію Прэсвітэру Прыхабскаму аб каханні, згодзе, сямейным дабрабыце, бо ў Афанасія і Ганны Кісловых так было ў сям’і. Далучайцеся!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.

(Працяг будзе).

http://www.garadvest.by

Последние новости