haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

07.10.2016 15:55

882 просмотра

0 комментариев

Дзень працаўнікоў культуры. «Гараць» самі, «запальваюць» іншых

9 кастрычніка — Дзень работнікаў культуры. Іх будні складаюцца з клопатаў пра нашы святы. У якую з 50-ці профільных устаноў ні зазірні — усюды дбаюць пра захаванне і развіццё традыцыйнай нацыянальнай культуры, развіццё і рэалізацыю творчых здольнасцей дзяцей, моладзі, людзей сталага ўзросту, карысную арганізацыю вольнага часу ўсіх катэгорый насельніцтва.

Яшчэ большы стымул для культработнікаў — аб’яўленне ў Беларусі 2016-га Годам культуры: яны спяшаюцца паспець больш, зрабіць лепш, дадаць у творчасць новыя струмені.

Своеасаблівымі правафланговымі ў сістэме культуры раёна на працягу многіх год былі і застаюцца калектывы, якія маюць ганаровае званне «народны»: ансамбль песні і танца «Яблынька» (хормайстар і мастацкі кіраўнік Дзіна Сцяпанава, музычны кіраўнік Вячаслаў Мурашкевіч, балетмайстар Наталля Тарасава), драматычны тэатр (рэжысёр Аляксандр Бязгінаў), тэатр мініяцюр «Фанограф» (Вікторыя Рачкоўская і Аліна Шын) — усе названыя калектывы працуюць у Гарадоцкім ГДК; ансамбль гарманістаў (кіраўнік Уладзімір Шакуцёў) і фальклорны калектыў «Глейна» (Лілія Рэзкіна) цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці; клуб народных майстроў і самадзейных мастакоў «Вытокі» (кіраўнік Жанна Гусейнава, тэхнік Юлія Жукоўская), аматарскае аб’яднанне садаводаў і агароднікаў «Зялёная альтанка» (кіраўнік Святлана Шамардзінава) Дома рамёстваў і фальклору; фальклорны калектыў «Азерыца» Езярышчанскага ГПДК (Жанна Комава); народны фальклорны калектыў «Спадарыня» Бычыхінскага СДК (Валянціна Тарасава); ансамбль песні і музыкі «Суседзі» Даўгапольскага СДК (Наталля Максімава); ансамбль песні і музыкі «Дубравіца» Дубраўскага СДК (Ніна Архірэева); аматарскае аб’яднанне «Сладушка» Пальмінскага СДК (Анастасія Фёдарава); аматарскае аб’яднанне «Гаспадынька» Кабішчанскага СДК (Ніна Пыцько). Аркестр баянаў ДШМ г. Гарадка (кіраўнік Вячаслаў Мурашкевіч) да гэтага года быў адзіным у раёне калектывам са званнем «узорны», сёлета такога гонару удастоена студыя бальнага танца «Гармонія» Гарадоцкага ГДК (кіраўнік Таццяна Сіманковіч).

Усяго ж ва ўстановах культуры працуюць 172 клубныя фарміраванні, у тым ліку 90 — дзіцячых. Больш за 70% з іх адносяцца да калектываў мастацкай творчасці. На іх трымаецца арганізацыя вольнага часу насельніцтва, яны забяспечваюць актыўную канцэртна-выставачную дзейнасць. За дзевяць месяцаў, што мінулі з пачатку гэтага года, у раёне прайшло больш як 800 мерапрыемстваў.

— Канчатковыя вынікі Года культуры на Гарадоччыне падводзіць яшчэ рана, — згаджаецца намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вольга Каўрыга. — Але напярэдадні нашага прафесійнага свята прыемна ўзгадаць, колькі ж маштабных, важкіх, масавых і прыгожых святаў мы паспелі наладзіць! Раённыя конкурсы дзіцячай творчасці «Ззяй, зорачка!», «Гарадоцкая скарбонка», «Выдатная шасцёрка», «Арт-вясна»... Раённыя святы «Гарадоцкі Парнас» , «Вясёлая планета дзяцінства», 25 святаў вёсак... Выязныя выступленні ў амфітэатры, на «Славянскім базары», у Паставах, Расіі, Польшчы... І ўсюды культура гарадоцкага краю была прадстаўлена годна, зрывала шквал апладысментаў, атрымлівала заслужаныя высокія ўзнагароды. Я ганаруся вамі, калегі!

Запомнілася даўно пачутае: культура — дама капрызная: прыходзіць апошняй і сыходзіць першай. Маўляў, базіс базісам, але, страціўшы культуру, мы збяднім самі сябе. Бяднець — на змястоўнасць думак, душэўныя перажыванні, высакародныя парывы, спадчыну, самабытнасць, таленты — не хочацца. Таму дзякуй людзям, якія абралі жыццёвай дарогай не толькі забаўлянне людзей, а іх ненастойлівае, далікатнае выхаванне сродкамі культуры.

Святлана ЯКАЎЛЕВА.

http://www.garadvest.by

Последние новости