haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

29.11.2016 15:19

891 просмотр

0 комментариев

У краязнаўчым музеі дэманструецца выстава акварэлі Міхася Ляўковіча, які прадстаўлены больш чым ў 10 краінах свету

Адкрыццё выставы акварэлі «Зачараваньне» вядомага беларускага мастака Міхася Ляўковіча (на здымку) адбылося ў Гарадоцкім раённым краязнаўчым музеі 22 лістапада. На сустрэчу з аўтарам прыйшлі дарослыя прыхільнікі жывапісу і вучні мастацкага аддзялення ДШМ г. Гарадка. Яна атрымалася змястоўнай, цікавай і цёплай.

Былы старшы выкладчык кафедры выяўленчага мастацтва ВДУ імя П.М. Машэрава, старшыня аб’яднання мастакоў «Віцебская акварэль», а цяпер — вольны мастак М.В. Ляўковіч шчыра распавядаў пра тое, што кожны з яго твораў ствараецца ўсё жыццё і — адно імгненне.

Зафіксаваныя жывапісцам імгненні адначасова рэалістычныя і летуценныя. Заўважыць іх, а тым болей перадаць на паперы з дапамогай пэндзля, фарбаў і вады дадзена не кожнаму. У іх — чысціня без дамешкаў, глыбокая арганічнасць, праўдзівасць, якая дазваляе ўспомніць: «І я бачыў такую раку, дзе адлюстроўваліся аблокі! Пэўна, і я ішоў гэтай дарогай па ўскрайку жытнёвага поля... А гэтага чалавека я дакладна дзесьці сустракаў». Углядаючыся ў карціны, здаецца, пачынаеш адчуваць, якой марознай свежасцю, араматам лугоў ці вясенняй вільготнасцю яны дыхаюць.

— Удасканальваецца ў любой абранай справе чалавек, які любіць яе, працягвае ўсё жыццё, — заўважыў Міхаіл Васільевіч. — Для мастака важна, каб не стамлялася працаваць яго душа. А прафесійныя сакрэты: якасць паперы, вугал нахілу мальберта, канцэнтрацыя фарбаў у вадзе — спасцігаюцца на практыцы.

Прадстаўленыя на выставе работы — толіка напісанага майстрам за апошнія некалькі гадоў. У красавіку ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі мае адбыцца выстава яго новых работ «Другое дыханне». Так што, працаваць душа Міхася Ляўковіча не стамілася. Яна наталяецца вобразамі менавіта роднай прыроды. З усмешкай ён успомніў час, калі выкладаў акварэль у Германіі і раздражняўся тым, што не натхняўся яе краявідамі:

— Вяртаюся з-за горада з творчай вандроўкі, нічога не стварыўшы, і злюся: ну, нават трава тут нямецкая!

Міхаіл Васільевіч размаўляе выключна па-беларуску. Штуршком да гэтага стаў выпадак, калі аднойчы ў міжнароднай суполцы іх, тады маладых беларусаў, якія гаварылі па-руску, нехта запытаў: «А што, сваёй мовы ў вас няма?» Ён і карціны піша па-беларуску: без вычварнасці, акуратна, дасціпна, не выдумваючы сюжэтаў, чэрпаючы іх з жыцця.

Прызнаны ў асяроддзі творцаў (узнагароджаны медалём «За заслугі ў выяўленчым мастацтве» Беларускага саюза мастакоў, ганаровым медалём Санкт-Пецярбуржскага таварыства акварэлістаў імя А.М. Бенуа, Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Беларусі; работы захоўваюцца ў дзяржаўных і прыватных калекцыях больш як у 10 краінах свету), Міхась Ляўковіч застаецца даступным у зносінах. Цёплай была іх сустрэча з яго былымі студэнткамі І.П. Казловай і М.Л. Гушча.

Ад імя ўсіх гарадакчан дырэктар музея Т.М. Іванова падзякавала мастаку за шчаслівую магчымасць дакрануцца да яго творчасці і прыгожага ўнутранага свету. Такая магчымасць захаваецца ў нас да 24 снежня — прыходзьце на выставу!

Святлана ЯКАЎЛЕВА. Фота аўтара.

http://www.garadvest.by

Последние новости