haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

07.12.2016 09:07

833 просмотра

0 комментариев

Аматар інсітнага мастацтва пачаў займацца маляваннем з 68 гадоў

Сцены кватэркі Валерыя Барысавіча і Кацярыны Міхайлаўны Волкавых, якія жывуць у аг. Бычыха, аздоблены шматлікімі карцінамі. На беглы погляд не разбярэш, у якой тэхніцы яны выкананы. Падобна і на акварэль, і на масла, і на фота. Кідаецца ў вочы адно: на дзіва прыгожа! Іх аўтар — сам гаспадар, які ўлетку адзначыў 75-гадовы юбілей.

Захапленне ж маляваннем прыйшло да яго, калі яму было 68 гадоў.

Сотні каляровых алоўкаў розных адценняў, мяккасці, вытворцаў, а менавіта алоўкамі малюе Валерый Барысавіч (на здымку), сталі яго выратаваннем ад незапоўненага вольнага часу. Гэтай свабодзе папярэднічала сур’ёзнае захворванне мужчыны, аперацыя на пазваночніку, год, праведзены ў віцебскіх і мінскіх бальніцах, вельмі абмежаваная рухомасць на працягу доўгіх месяцаў. Па стане здароўя ён з’яўляецца інвалідам 1-й групы, але па стане душы — стваральнікам, якому не сядзіцца без справы.
Яго адукацыя і прафесійная дзейнасць далёкія ад творчасці. Нарадзіўся Валерый Барысавіч летам 41-га ў Омскай вобласці. Ці варта расказваць, якія нястачы давялося перажыць хлопчыку, народжанаму ў суровую ваенную пару? У 1948-м сям’я перабралася ў в. Ласіца, што на Пастаўшчыне. Няспешчаны лёсам, не скончыўшы дзевяцігодкі, ён у пошуках лепшай долі з’ехаў у Караганду. Там скончыў будаўнічую школу, вывучыўся на маляра, вярнуўся дадому.

Напярэдадні Новага 1961 года падчас рэпетыцый спектакля ў сельскай школе пазнаёміўся з будучай жонкай. Тры з паловай гады, калі ён служыў у арміі, штодня атрымліваў ад яе, сур’ёзнай матэматычкі, цёплыя лісты, пісаў у адказ. У 1964 годзе яны ажаніліся. Пераехалі на радзіму Кацярыны Міхайлаўны, у в. Дражакі, пазней перабраліся ў Бычыху. Яна была настаўніцай, ён вадзіцелем у калгасе і ПМС. Два гады таму яны справілі сваё залатое вяселле. Побач з імі застаюцца дачка і сын, унукі і праўнукі, родныя і сябры. У доме кожнага з іх — намаляваныя і падораныя Валерыем Барысавічам яго карціны.
— Жонка і цяпер сцвярджае, што я павінен быў стаць мастаком. Ну, ці поварам — добра гатую, — усміхаецца субяседнік. — Лёс жа складваўся так, што было ні да вучобы, ні да пэндзляў. Але пэўныя схільнасці да малявання ў мяне былі. Паглядзіце, якая рэліквія захоўваецца ў нашай сям’і.

Валерый Барысавіч дэманструе вучнёўскі сшытак у клетачку, датаваны 1962-м годам, у які ён перамалёўваў для сваёй нявесты пацешныя паштоўкі і ілюстрацыі. Гэты сшытак у 2009-м падштурхнуў яго сына Сяргея прывезці бацьку алоўкі і паперу для малявання. Яны сталі выратаваннем для хворага, які пакутаваў ад сваёй нямогласці і роспачы, напоўнілі яго жыццё новым зместам. Сюжэты з малюнкаў і фатаграфій, выкананыя пераважна ў драбнейшым фармаце, ён бярэ з часопісаў, календароў, паштовак савецкіх часоў, дэтальна вывучае, дапрацоўвае і паўтарае іх на большай плошчы.

Не будзем спрачацца пра мастацкія вартасці яго карцін. Малюнкі самадзейнага мастака можна аднесці да твораў інсітнага мастацтва. Большасць з іх адносяцца да пейзажнага жывапісу, вельмі натуралістычныя. Яны вылучаюцца непрафесійнай, далёка не акадэмічнай манерай выканання, але асаблівай шчырасцю, насычанасцю фарбаў, наіўнасцю. Многія пейзажы мастак на свае вочы ніколі ў жыцці не бачыў, але іх адлюстраванне іншымі аўтарамі выклікала яго захапленне. На напісанне карціны 30×40 см мужчына затрачвае каля двух тыдняў. Не адмовіш яму ў карпатлівай перадачы дэталяў, самастойна вынайдзенай тэхніцы выкарыстання магчымасцяў алоўкаў. Нездарма ў галаўным аддзяленні ЗАТ «МТБанк», пастаянным кліентам якога з’яўляецца сын В.Б. Волкава, у 2014 годзе адбылася персанальная выстава самародка, Валерыя Волкава. Магчыма, яго малюнкі зацікавяць і землякоў, і мы зможам упэўніцца, што дзіўныя людзі жывуць побач з намі, у вясковай глыбінцы.

Святлана ЯКАЎЛЕВА. Фота аўтара.

http://www.garadvest.by

Последние новости