haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

13.12.2016 14:16

1811 просмотров

0 комментариев

У дзіцячым садку № 2 правялі конкурс «Народная лялька сваімі рукамі»

З самаробных лялек, прадстаўленых на выставе падчас «Фестывалю добрых спраў» у яслях-садку № 2 г. Гарадка, можна было б скласці цэлы яркі, стракаты карагод. Усе яны зроблены рукамі бацькоў выхаванцаў дашкольнай установы, якія падтрымалі ініцыятыву выхавальнікаў вярнуцца да сваіх вытокаў, разам з дзецьмі, як гэта было даўней, зрабіць і аздобіць цацкі.

Задума ўвасоблена, і цяпер дзяўчынкі ў гульнях замяняюць звыклых аднатыповых Барбі на пышных, мяккіх, непадобных адна на адну лялек, што захоўваюць энергетыку рук іх матуль.

Арганізацыі конкурсу «Народная лялька сваімі рукамі» папярэднічала доўгая работа. Выхавальнікі сабралі цэлы альбом звестак, прысвечаны беларускай ляльцы — фатаграфіі, прызначэнне, спосабы вырабу. Калекцыю першых лялек зрабіла загадчыца дзіцячага садка Н.П. Петрачэнка. Спачатку з супрацоўнікамі, затым з бацькамі праводзіліся майстар-класы. Паспрабаваўшы рабіць абрадавых, гульнявых лялек, лялькі-абярэгі, паглыбляючыся ў іх сакральнае значэнне, многія адкрылі для сябе новы, захапляльны свет, ад якога ўжо не могуць адарвацца.

На выставе было прадстаўлена парадка 60 вырабаў, і ўсе, хто прыклаў да іх рукі, атрымалі падзячныя лісты ўстановы дашкольнай адукацыі. Нягледзячы на сваю занятасць, мамы і таты знаходзяць час на супрацоўніцтва з садком, а першапачатковы агульны клопат — пра дзяцей.

— Мы праводзілі анкетаванне сярод бацькоў, высвятляючы, ці варта, на іх думку, вывучаць у садку беларускую мову і традыцыі свайго народа, — расказвае намеснік загадчыцы я/с № 2 па выхаваўчай рабоце Таццяна Шалудкевіч. — Толькі двое катэгарычна заявілі, што гэта залішняе. Усе ж астатнія сыходзяцца ў думцы, што гэта важная і патрэбная справа. Многія прызнаюцца, што вучацца тым жа беларускім пацешкам ці прымаўкам менавіта ад сваіх дзяцей.

У садку аформлены музейны куток, экспанаты ў які сабраны агульнымі намаганнямі персаналу і бацькоў. Выхаванне вядзецца ў тым ліку сродкамі музейнай педагогікі. Дзеці наведваюць Гарадоцкі раённы краязнаўчы музей, Дом рамёстваў і фальклору. Склаліся трывалыя традыцыі святкаваць Каляды, Масленіцу, Купалле, праводзіць вячоркі з беларускімі песенькамі, гульнямі, жартамі. Вось і на мерапрыемстве 9 снежня выхаванцы старэйшых «А» і «Г» груп (выхавальнікі Л.Я. Прыбыльнова і Т.У. Дзмітрачэнка) чыталі беларускія вершы, спявалі жартоўныя песенькі, інсцэнавалі народную «Касіў Ясь канюшыну». А як кранула іх выкананне песні К. Семянковай «Наш горад», прысвечанай Гарадку!

Немагчыма было не заўважыць, як пасуюць малым стылізаваныя касцюмчыкі. Адзначым і тое, што нашы дзеці добра выхаваныя, сціплыя, цярплівыя, паслухмяныя, а не якія-небудзь дуронікі. Уважліва слухалі яны і дарослых, і адзін аднаго, з асаблівым задавальненнем дэманстравалі, якіх зграбных, прыгожых лялек здолелі зрабіць мамы (на здымку). Абяцалі берагчы свае першыя нацыянальныя цацкі і расці сапраўднымі беларусамі.

Святлана ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.

http://www.garadvest.by

Последние новости