haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

21.12.2016 08:03

833 просмотра

0 комментариев

Адбылося выніковае мерапрыемства Года культуры на Гарадоччыне

Свята народных рамёстваў «Майстры і майстэрства», якое 16 снежня адбылося ў Гарадоцкім ГДК, вянчала шэраг мерапрыемстваў, што прайшлі на Гарадоччыне ў рамках Года культуры. Тэма рамёстваў была абрана для выніковага мерапрыемства невыпадкова: карані нашай самасвядомасці як беларусаў, як нацыі хаваюцца ў тым ліку і ў вырабах народных майстроў.

Яны захоўваюць нашы традыцыі, асаблівасці, уяўленне аб прыгажосці. Чацвёрты дзесятак гадоў у Доме рамёстваў і фальклору плённа працуе клуб народных майстроў і самадзейных мастакоў «Вытокі». Удзельнікі гэтага фарміравання сталі галоўнымі героямі свята і чарговы раз з 1985 г. пацвердзілі сваё права насіць высокае званне «Народны самадзейны калектыў».

Члены журы, якое ўзначаліў галоўны спецыяліст Міністэрства культуры Беларусі І.І. Галабурда, захоплена аглядалі Дом рамёстваў і фальклору, выставачную залу ў КАЦ «Гарадок», любаваліся майстрамі за работай у фае ГДК . На пытанне пра іх уражанні выдыхнулі адно: «Цудоўна!»


- Выставы вашых непаўторных вырабаў упрыгожваюць любое свята, што ладзіцца ў нас у горадзе, — звярнулася да «вытокаўцаў» намеснік старшыні райвыканкама Н.А. Бурунова. — Дзякуючы вам, сціплы Гарадок ведаюць на Віцебшчыне, ва ўсёй Беларусі і за яе межамі — у Расіі, Прыбалтыцы, Польшчы, Венесуэле… Вы перадаеце скарбы нашых продкаў моладзі, навучаючы яе сакрэтам свайго майстэрства.

Дырэктару ўстановы культуры М.Л. Гушча і кіраўніку народнага клуба «Вытокі» Ж.Ф. Гусейнавай былі ўручаны падзякі райвыканкама. Шматлікіх падзяк аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама Дома рамёстваў і фальклору былі ўдастоены ўсе члены калектыву. Але першыя словы прызнання і віншавання з надыходзячай 73-й гадавінай вызвалення г. Гарадка і раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прагучалі на адрас ганаровых гасцей свята — ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, паважаных у грамадстве прадстаўнікоў ваеннага пакалення.


Выдатная прэзентацыя, якая нагадала гледачам пра ўраджэнцаў Гарадоччыны, носьбітаў старадаўніх рамёстваў — ганчароў В.І. Семянкова, У.І. Татарыса, разьбяра па дрэве Ф.Н. Антусенку, мастакоў В.Ф. Цяцерку, У.А. Саража, В.У. Дубарэзава, ткачыху ўзорных паясоў, народнага майстра Беларусі Н.М. Каралько — чаргавалася з выступленнямі вядучых самадзейных калектываў Гарадоччыны, шматлікіх творчых сяброў рамеснікаў. Ды і самі майстры пабылі артыстамі, стварыўшы на сцэне атмасферу гарадоцкага кірмашу (на здымку).


Свята «Майстры і майстэрства» стала надзвычай прыгожым, годным акордам у завяршэнне Года культуры ў нашым раёне, выдатнай нагодай для ўслаўлення творцаў, па-добраму апантаных ідэяй аднаўлення і захавання багатай спадчыны нашых продкаў. Далейшых здабыткаў і плёну табе, Гарадоччына культурная!


Святлана ЯКАЎЛЕВА. Фота аўтара.

http://www.garadvest.by

Последние новости