haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

25.12.2016 15:02

1190 просмотров

0 комментариев

«Святы вечар добрым людзям». Як святкуюць Каляды на Шуміліншчыне і Гарадоччыне

У розных рэгіёнах Беларусі Каляды святкуюць па-рознаму. На Лепельшчыне спраўляюць гульню «Жаніцьба Цярэшкі», на Бярэзіншчыне «Цягнуць Каляду на дуба», а на Клічаўшчыне праводзяць дзіцячы абрад «Куры». Гурт «Гульбічы» Шумілінскага Дома культуры і калектыў «Спадарыня» Бычыхінскага Дома культуры Гарадоцкага раёна зладзілі для нас класічнае калядаванне. Аднак абодва гурты аднавілі абрады, якія бытавалі ў гэтых мясцовасцях шмат дзесяцігоддзяў таму.


Ка­ля­ду­юць удзель­ні­кі гур­та «Гуль­бі­чы» Шу­мі­лін­ска­га ра­ё­на.

Цікава, што хоць Шуміліншчына і Гарадоччына мяжуюць, але і песні, якія спяваюць калядоўшчыкі, і звычаі крыху адрозніваюцца. Так, у Бычысе абрад больш імправізаваны, з выдатнымі мясцовымі спевамі, а на Шуміліншчыне вас чакае ледзь не цэлы калядны спектакль.

Ён пачынаецца ўжо па дарозе да дома, дзе чакаюць калядоўшчыкаў. Падышоўшы да акна хаты, удзельнікі абраду кажуць:

— Гаспадынечка, сустракай гасцей!

— А хто ж вы такія будзеце? — пытаецца яна.

Ёй адказваюць вельмі паэтычна:

— Ідзём з таго краю свету, ад самага пана Лета. Ідзём ад пана Года, які носіць бараду шырокую, як лапату, сіву ды калмату. А ці шырокія ў цябе, гаспадыня, сцены, каб нам патанцаваць?

У Бычысе калядоўшчыкі вітаюць гаспадароў песняй у двары, дзе згадваюць імёны тых, да каго прыйшлі калядаваць. І спяваюць такую песню:

Ой рана-рана куры запелі

Святы вечар добрым людзям.

Куры запелі на тры празнічкі:

Першы празнічак — святое Раство,

Другі празнічак — свята Васіля,

Трэці празнічак — свята Хрышчэння.


Ка­ля­доў­шчы­кі ка­лек­ты­ва «Спа­да­ры­ня» Бы­чы­хін­ска­га До­ма куль­ту­ры Га­ра­доц­ка­га ра­ё­на.

Склад групы калядоўшчыкаў звычайна традыцыйны. Паперадзе ідзе чалавек з зоркай у руках, з ім Каза — сімвал старога і новага года. Цыган з цыганкай вядуць Мядзведзя, які весяліць гаспадароў смешнымі сцэнкамі. Натуральна, у групе калядоўшчыкаў шмат спевакоў, танцораў, могуць ісці таксама Дзед і Баба.

— Мы не самі ідзём, а Казу вядзём, — кажуць на Шуміліншчыне.

Каза мусіць красавацца перад гаспадарамі, кланяцца і танцаваць — каб жыта было ўраджайным у наступным годзе. А калі некаму выпадзе магчымасць патанцаваць з Казой — таму ўвесь год будзе шанцаваць.

На Гарадоччыне гэты момант суправаджаюць адметнай песняй:

Го-го-го, Каза, го-го-го шэра,

Паварочайся, не забывайся

То на рожанькі, то на ножанькі,

То на капыцікі залаценькія.

Павярніся зграбна, пакланіся складна.

А дзе ж ты хадзіла?

А што ты рабіла?

Пасля танцаў Каза павінна ўпасці. Гэта сімвалічнае дзеянне паказвае смерць старога года і перараджэнне ў год новы. Таму і стараюцца Казу пачаставаць, абдарыць — каб год быў спрыяльным.

Мядзведзь рухамі паказваў, як гаспадыня цеста месіць, як дзеўкі глядзяцца ў люстэрка, на танцы збіраюцца. Як мужыкі на працу ідуць і як — з працы.

Важнай часткай калядавання была сімвалічная варажба цыганкі. Сваю магічную сілу яна пацвярджае такімі словамі:

— Маю ў адной кішэні вош у капкане, а ў другой — блыху на цапу. Магу паваражыць, а магу і прываражыць.

Варажыла цыганка на картах ці саломе. Калі гаспадар выцягне доўгую саломінку, то і ўраджай будзе добры. Але ў любым выпадку ўсе знакі яна інтэрпрэтуе як станоўчыя і суправаджае добрымі пажаданнямі:

— Першая радасць у дамочку, другая — у кашалёчку, а трэцяя — у чыстым полі, каб жыта радзіла.

Таму і не дзіўна, што пасля такіх выдатных пажаданняў, абрадавых дзеянняў, спеваў і танцаў з калядоўшчыкамі гаспадары імкнуліся іх абдарыць як мага больш шчодра і як мага ласкавей падзякаваць, што «завіталі, наш дом не мінавалі».

Натуральна, калядоўшчыкі «падбухторвалі» гаспадароў спецыяльнымі песнямі. Напрыклад, як вось гэтая, якую мы пачулі на Шуміліншчыне:

Схадзі, бабка, каля печкі,

Пашукай нам перапечкі,

Схадзі, бабка, каля кваскі,

Пашукай жа там каўбаскі.

Вынесь сала, не скупіся,

Каб твой ячмень урадзіўся...

Традыцыйная культура беларусаў надзвычай шматгранная. Але менавіта ў абрадзе калядавання, як, дарэчы, і ў Велікодным валачаванні, хаваецца адна важная рыса нашага народа — імкненне ўсіх адарыць увагай, добрымі пажаданнямі, павіншаваць са святам і прынесці кавалачак радасці ў кожны дом, незалежна ад таго, заможныя гаспадары ў ім жывуць ці сціплыя, бяднейшыя.

У Беларусі і дагэтуль дзе-нідзе бытуюць прыкметы, звязаныя з Калядамі. Напрыклад, ад першага дня Каляд да Шчадраца (першага дня новага года па старым стылі) не пяклі хлеб і бліны, каб не было «пякоткі». Стараліся не разбіць у гэты час нічога з посуду, каб ён не біўся ўвесь год. Сабранае смецце не выкідвалі на сметнік, а збіралі і толькі пасля свята выносілі на балота. Верылі, што гэта дапаможа абараніць поле ад пустазелля. Асцерагаліся ў гэтыя дні пазычаць, каб свойская жывёла «не цягалася па вёсцы». А па тым, якога полу будзе першы, хто завітае ў госці на Каляды, меркавалі аб з’яўленні адпаведнага полу прыплоду ў гаспадарцы. Таксама маглі прадказваць, ці будзе здаровай сям’я: калі ў хату ў першы дзень Калядаў зойдзе мужчына — хварэць ніхто не будзе, а калі жанчына — нехта можа занядужаць.

Звязда

Чытайце таксама:

Время, когда случаются чудеса. Как белорусы традиционно праздновали Коляды

Последние новости