haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

03.01.2017 15:07

1010 просмотров

0 комментариев

Гарадоцкі краязнаўчы музей сустрэў сваё 40-годдзе

Адметны па архітэктурным рашэнні будынак Гарадоцкага раённага краязнаўчага музея — адна з візітовак нашага горада. Прыезджыя глядзяць на яго з зацікаўленасцю, гарадакчане — з пачуццём задавальнення, асабліва тыя з іх, хто ведае, якія гістарычныя скарбы захоўваюцца ў гэтых сценах. Сёння наш музей адзначае роўна 40 год з дня свайго адкрыцця.

Гэта дата супадае з самай знакавай падзеяй нашага краю — чарговай гадавінай вызвалення г. Гарадка і Гарадоцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 33-ю гадавіну вызвалення першая музейная экспазіцыя ў 1090 экспанатаў змяшчалася ў адной зале плошчай 84 м2. Сорак год плённай работы пераўтварылі музей у сапраўдны храм муз агульнай плошчай 888 м2, экспазіцыйнай — 456 м2, у якім налічваецца 31245 прадметаў асноўнага фонду і 15773 прадметы фонду навукова-дапаможных матэрыялаў.

— У музеі дзейнічаюць тры экспазіцыйныя і тры выставачныя залы, — расказвае дырэктар музея Тамара Іванова. — Экспазіцыі аддзела прыроды размешчаны ў інфармацыйнай і дыярамнай залах. Першая з іх уключае палеанталагічныя экспанаты, фатаграфіі, карты-схемы прыроднага асяроддзя, Чырвоную кнігу Гарадоцкага раёна, дыярамы «Дубрава. Дуб-волат», «Апакаліпсіс», «Арлан-белахвост».

У другой зале аформлены дыярамы «Лес», «Верхавое балота», «Луг. Вадаём», «Птушкі на возеры», «Вадзяны арэх», калекцыя са ста відаў насякомых. Пастаянная экспазіцыя «Зала этнаграфіі і народных рамёстваў Гарадоччыны» складаецца з чатырох раздзелаў: «Жыллё селяніна ў канцы ХІХ-пачатку ХХ ст.», «Традыцыйныя жаночныя і мужчынскія рамёствы», «Вераванні нашых продкаў», «Побыт жыхароў горада Гарадка і павета». Дзейнічае зменная выстава «Нашы знакамітыя землякі», дзе знаходзяцца асабістыя рэчы, узнагароды, мастацкія работы і іншыя матэрыялы, якія расказваюць аб жыцці і дзейнасці заслужаных людзей Гарадоччыны. Выстаўка «Дарогамі Перамогі» прысвечана Вялікай Айчыннай вайне, героям-землякам, іх удзелу ў ваенных аперацыях. Тут прадстаўлена інфармацыя аб перыядзе акупацыі і вызваленні раёна. Каля музея на двух валунах замацаваны мемарыяльныя дошкі, прысвечаныя К. Вераніцыну і яго паэме «Тарас на Парнасе».


Толькі ў 2016-м годзе фонды музея папоўніліся на больш як 700 прадметаў. Афармленне новых паступленняў, фарміраванне з іх калекцый, размяшчэнне па месцах захоўвання — справа рук галоўнага захавальніка фондаў Л.М. Паўловіч. Яе папярэдніцай была Т.М. Лебедзева. Збіраюць, вывучаюць прадметы матэрыяльнай і духоўнай спадчыны, папулярызуюць веды аб іх старшы навуковы супрацоўнік Н.В. Буракова і навуковы супрацоўнік А.А. Федарэнка. У розныя часы гэтым займаліся К.Я. Уверская, К.П. Славецкая, Л.М. Іванова, Г.Л. Скабёлкіна, Т.А. Шагалеева, С.І. Садоўская. У экспазіцыйных залах павінны быць парадак і цішыня. За гэтым і за захаванасцю экспанатаў уважліва назіраюць дазорцы А.І. Касцюкевіч і Ю.У. Філянкова. Іх папярэднікі — Л.П. Далгалёва, Н.М. Шостак, В.А. Сазоненка, Г.Л. Скабёлкіна, Н.Ф. Вінчонак. Ля вытокаў стварэння музея ў 1974 г. стаялі У.В. Асіпенка, З.А. Жолудзь, К.І. Мысліцкі, В.І. Файн, Р.С. Арлоўскі. Дырэктарамі музея былі Л.Ф. Бандарэнка, З.М. (Кулакова) Пляскач, К.Я. Уверская, з 1988 установу культуры ўзначальвае Т.І. Іванова.


— У Дзяржаўны каталог намі перададзена інфармацыя аб 1740 прадметах асноўнага фонду,- працягвае расказ Тамара Мікалаееўна. — На вышэйшы ўзровень залічаны: тры паясы работы Н.М. Каралько, бязмен 1827 г., ручнік Е.Н. Нікіфаравай з в. Пагост (1920-я гады), грэбень з археалагічных раскопак ля в. Дарахі і пячатка «Камітэт антыфашысцкай прапаганды» (1940-я гады, в. Кадзі).


Да свайго 40-гадовага юбілею музей арганізаваў выставу лепшых музейных калекцый і новых паступленняў «40 прыступак у гісторыю музея». Спяшайцеся ўбачыць!


Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымках: у першым радзе — Л.М. Паўловіч, Т.І. Іванова, Н.В. Буракова, у другім — А.А. Федарэнка, А.І. Касцюкевіч, Ю.У. Філянкова; калекцыя «Дары Чырвонага мора», перададзеная Т.Т. Мішчанка; певень з калекцыі інсітнага мастацтва Халамерскага мастака В.Ф. Цяцёркіна.
Фота аўтара.

http://www.garadvest.by

Последние новости