haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

16.01.2017 19:27

1686 просмотров

0 комментариев

У гэтыя дні на Гарадоччыне адзначаюць Каляды, жадаюць добрага вечара добрым людзям!..

— Добры вечар добрым людзям! — рэфрэнам гучала ў халамерскіх хатах прывітанне ад калядоўшчыкаў. Калядныя традыцыі, на шчасце, захаваліся не толькі ў гэтым аддаленым куточку Гарадоччыны.

Дзякуючы намаганням культработнікаў, старажытны абрад продкаў аднаўляецца паўсюдна. Халамершчына ж яго ніколі не губляла. Ён перадаваўся з вуснаў у вусны, дапаўняўся, трансфармаваўся. Старэйшыя калядоўшчыкі навучалі вітанням ды пажаданням дзятву. Сёлета менавіта «маладая» каляда з хлопчыкаў і дзяўчынак, якія жывуць у вёсцы, пракладвала радасныя сцежкі ў заснежаныя хаты.

— Праходзьце, даражэнькія, дзякуй, што не забыліся на мяне, — святлее тварам былая выхавальніца Халамерскага дзіцячага садка Ніна Пятроўна Глазкова (на здымку). — Пагрэйцеся, пабудзьце ў мяне, пачастуйцеся. Нам, пажылым, так прыемна пабыць на жывым спектаклі, да слёз вы кранулі прыгожай песняй, добрым словам! Чуеш такое — і верыш, што будзе ў нас і хлеб, і да хлеба, і будучыня ёсць.

Сапраўдныя калядоўшчыкі ходзяць да людзей не за ласункамі, а каб далучыць іх да шчасця Ражаства Хрыстова, падбадзёрыць у смутку, аб’яднацца ў суполку. З сімвалічнай васьміканцовай зоркай, жартамі «авохці! каза ўпала, здохла, зусім прапала», яе прадказальным цудоўным ажыўленнем, шчодрымі дарункамі ў механошаву торбу ў нашы дамы ўваходзіць напамін пра тое, што жыццё не стаіць на месцы.

Каляды завяршаюць стары год і пачынаюць новы, і кругазварот гэты несупынны. Так было, ёсць, так будзе — добрым людзям на здароўе!

Саша СЯМЁНАВА.

Паводле https://vk.com/club114950901

Последние новости