haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

04.06.2017 08:42

938 просмотров

0 комментариев

Віцебскія скульптары Іван Казак і Сяргей Сотнікаў — аўтары скульптурнай кампазіцыі «Тарас на Парнасе»

Гарадакчане хутка і лёгка звыкліся са сваім новым прыемным суседам, які з’явіўся ў скверы па вул. Савецкай напярэдадні «Дажынак-2014». Вядома ж, гаворка ідзе пра помнік палясоўшчыку Тарасу, галоўнаму герою знакамітай паэмы Канстанціна Вераніцына. У першыя ж дні «наваселля» ў госці да Тараса, радкі пра якога вучылі яшчэ ў дзяцінстве, завіталі ці не ўсе гараджане і госці райцэнтра — каб выказаць пашану, прыгледзецца, сфатаграфавацца на памяць. Мы сумавалі, калі ён паціхеньку «з’ехаў».

Праз пяць месяцаў назаўжды атрымаў гарадоцкую прапіску з дапамогай прэзідэнта расійскага канцэрна «Дзецкасельскі» Юрыя Брагінца, які выкупіў яго для Гарадка ў вытворцаў.
Сёння, у дзень, калі мы дзевяты раз святкуем «Гарадоцкі Парнас», мы знаёмім сваіх чытачоў з аўтарамі скульптурнай кампазіцыі «Тарас на Парнасе», вядомымі беларускімі скульптарамі з Віцебска Іванам Казаком і Сяргеем Сотнікавым (на здымку). Яны расказалі, як менавіта, з чыёй дапамогай стваралі сваё чарговае дзецішча, ля якога ладзіцца адна з галоўных пляцовак свята, прысвечанага К. Вераніцыну.

Дарэчы, работы абодвух скульптараў ужо ёсць у Гарадку. Так, у суполцы з Іванам Каладоўскім Сяргей Сотнікаў стварыў тры барэльефы, прысвечаныя К. Вераніцыну і паэме «Тарас на Парнасе», замацаваныя на памятных знаках ля раённага краязнаўчага музея і ў в. Астраўляны. Разам з калегам Аляксандрам Гвоздзікавым Іван Казак працаваў над усталяванымі на мемарыяльным комплексе «Неўміручасць» бюстамі трох Герояў Савецкага Саюза — гв. палкоўніка А.І. Дыдышкі, гв. маёра П.П. Зюбіна, гв. лейтэнанта В.А. Талкачова — і бюстам камандзіра 26-й гв. Гарадоцкай стралковай дывызіі генерал-маёра М.М. Каржанеўскага.

- Створаныя паводле літаратурных твораў скульптуры наогул з’яўляюцца больш ілюстрацыйнымі, — тлумачыць Іван Уладзіміравіч. — Творчая задумка нараджалася даволі лёгка падчас неаднаразовага прачытання паэмы. Яна напісана такой сакавітай народнай мовай з украпваннем дыялектызмаў, што інакш, як цікаўным, захопленым навакольным светам, усмешлівым, рахманым Тараса ўявіць немагчыма.

Такім ён і выйшаў ва ўмелых руках скульптараў. Іх творчая задумка прымушае задумацца, адкуль ідзе Тарас: з лесу ці са старонак разгорнутай кнігі, на якіх — разгледзьце ўважліва! — рэльефам намаляваны і іншыя героі з Парнаса?

Аўтары расказалі, што імкнуліся наблізіць постаць Тараса да памераў рэальнай мужчынскай фігуры, наўмысна не рабілі яе надта вялікай. Тады б героя прыйшлося ўсталёўваць на пастаменце, і людзі згубілі б магчымасць дакранацца да яго. А ён жа — з народа, ён глядзіць на нас, сваіх землякоў, як на роўню, а не звысок.

У тандэме Іван Уладзіміравіч і Сяргей Мікалаевіч працавалі ўпершыню, сумесная работа іх задавальняла і захапляла. Стваралася ж скульптурная кампазіцыя на працягу года. Пачатку работы папярэднічаў творчы конкурс, выраб эскізаў з пластыліну, іх абмеркаванне на пасяджэнні абласнога Савета па манументальным і манументальна-прыкладным мастацтве, дапрацоўка з улікам заўваг высокакваліфікаваных спецыялістаў, зацверджанне, паўторнае ўвасабленне мадэлі будучай скульптуры ў пластыліне і гліне… Далейшае супрацоўніцтва вялося з ТЗА «Ліцейны двор», што ў Пухавіцкім раёне (кіраўнік М.У. Столяр). Яго работнікі выканалі вялікую падрыхтоўчую работу, уключаючы павелічэнне кампазіцыі да рэальнага памеру.


- Наогул, работа скульптараў не з лёгкіх, — прызналіся субяседнікі. — Пры яе выкананні ствараецца многа бруду. Акрамя таго, што часам адчуваеш пакуты творчага пошуку, працуеш на нагах, рукамі, а дакладней пальцамі. Затое спявае сэрца, калі бачыш канчатковы годны вынік. За Тараса нам не сорамна, ён зроблены з душою і са знакам якасці.

Расказалі творцы і пра больш танны ў параўнанні з бронзай матэрыял, з якога зроблена скульптура. Гэта сілумін, сплаў алюмінія з крэмніем. Своеасаблівы колер яму надае таніраванне гатовага помніка. Па першапачатковай задуме Івана Уладзіміравіча ў кампазіцыі павінен быў прысутнічаць дубок, на якім прысеў амурчык. Але больш натуральным падалося з’яўленне «ў кадры» па прапанове Сяргея Мікалаевіча вавёрачкі ля ног палясоўшчыка. Сапраўды, яна вельмі даспадобы прыйшлася дзятве.
З помнікам пачалі звязваць легенды. Маўляў, дакранешся да стрэльбы — удача не адвернецца падчас палявання, патрэш посах — пашанцуе ў дарозе. Галоўнае верыць, а Тарас дапаможа — ён жа наш.

Святлана ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.

http://www.garadvest.by

Последние новости