haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

06.09.2017 11:54

2667 просмотров

0 комментариев

Гарадоцкі «Тарас на Парнасе» быў годна прадстаўлены ў Полацку з нагоды Дня беларускага пісьменства

Асаблівай духоўнасцю былі прасякнуты ўрачыстасці, што ў мінулыя выхадныя адзначаліся ў старажытным і маладым Полацку, — з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, Дня беларускага пісьменства і 1155-годдзя горада. Мабыць, з гонарам глядзеў на нашчадкаў са свайго высокага пастамента Францыск Скарына. Пра гэта піша «Гарадоцкі веснік»

Сцішаліся ля падножжа помніка і сённяшнія беларусы, углядаючыся ў рысы чалавека, чый подзвіг асветніка, уклад у развіццё нашай цывілізацыі цяжка пераацаніць. Плошча імя славутага сына нашага народа 1-3 верасня стала сэрцам фестывалю кнігі і прэсы. У ліку іншых друкаваных выданняў краіны на адным са стэлажоў знайшлося месца і «Гарадоцкаму весніку», газеце, якая амаль стагоддзе вядзе рэгулярны летапіс свайго роднага краю.

Выпадкова збочыўшы з адной з цэнтральных вуліц святкуючага Полацка, карэспандэнт «раёнкі» неспадзявана сутыкнулася з землякамі: Гарадоцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж прэзентаваў тут сваю пляцоўку. Вядома ж, галоўнай дзеючай асобай на ёй быў палясоўшчык Тарас у сонме багоў Парнаса (на здымку). Палатка, стылізаваная ці то пад сялянскую хату, ці то пад жытло багоў, вабіла водарам свежага печыва і шмат якіх іншых прысмакаў. Не хлебам адзіным жывы чалавек, таму з вуснаў персанажаў гучалі трапныя радкі неўміручай паэмы Канстанціна Вераніцына «Тарас на Парнасе». Цікаўны натоўп сабраўся паназіраць за работай спрытных рук майстра-ганчара Сяргея Шункевіча.

— А мы прапаноўваем палачанам і гасцям свята сувеніры, што выраблены майстрамі Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору, — заўсміхаліся Яна Кліменка і Насця Савасцеева (на здымку). — У тутэйшым горадзе майстроў багата розных вырабаў, прыемна, што ўсе яны — беларускія, ручной работы, а не абы-які «шырпатрэб», і нашы не горшыя за іншыя.


Гарадскія вуліцы віравалі тры дні. Немагчыма пералічыць сотні мерапрыемстваў, якімі была насычана святочная прагарама. Іх ідэі, сюжэты, значнасць — тэмы многіх матэрыялаў, якія проста на хаду стараліся занатаваць прадстаўнікі шматлікіх СМІ. Усмешлівыя, па-асобаму натхнёныя людзі імкнуліся сфатаграфавацца з героямі сярэднявечча, удзельнікамі тэатралізаванага шэсця прадстаўнікоў працоўных і навучальных калектываў горада, дэлегацый шаноўных гасцей, артыстамі ў народных строях, ля шматлікіх полацкіх помнікаў.

Станоўчых уражанняў, якія напаўнялі сэрцы гонарам за годнае мінулае свайго краю, яго сённяшні светлы дзень, напоўнены радасцю стварэння, творчасці, аднадушна адчувалі і малыя, і старыя. Надзвычай разнастайнымі і дасціпнымі былі выступленні на шматлікіх канцэртных пляцоўках, большасць з якіх — паводле твораў беларускіх аўтараў. Гэта яшчэ раз запэўнівала: багатая на таленты наша родная зямля, а беларусы дастойныя таго, каб плыць на ладдзі Часу па рацэ Вечнасці.


Святлана ЯКАЎЛЕВА.


http://www.garadvest.by

Фота прэв’ю: http://www.zviazda.by

1 оценка 2.0

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст