haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

28.09.2017 08:46

2584 просмотра

0 комментариев

Дата вартая шанавання ў гісторыі Езярышча.

У гэтым годзе незаўважна праходзіць 640-годдзе першага ўзгадвання Езярышча ў пісьмовых крыніцах — Укладнай грамаце княгіні Ульяны ад 1377 году. Між тым гэта першае дакладнае ўзгадванне населенага пункта на тэрыторыі сучаснай Гарадоччыны.

У 1377 годзе жонка Віцебскага князя Альгерда Ульяна выдала Укладную грамату: «Се я княгіня Ольгкірдовая Ульяна устанавіла есьмі браті на церковь божію пречістай успенія темяншчіну, на год па копегрошій у в Озерішчах, на Уханех со Олексеевшчыны. А кто імет тое закладывать, або от церкві божья отдалівать і мстіть ему бог і пречістая его матерь в сій век і в будушчій. Амінь.» Пра гэта напісана ў першым томе «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах», які быў выдадзены ў 1936 годзе.

Старажытнае Езярышча вядома найперш па свайму замку, які пад час Лівонскай вайны ў 1564 годзе вытрымаў дзве аблогі маскоўскіх войскаў. Той замак размяшчаўся на паўвыспе за 3 км на ўсход ад сучаснага г.п. Езярышча, каля цяперашняй вёскі Мястэчка. Вядомы археолаг Вольга Ляўко адзначае, што гэты замак адзін з нямногіх помнікаў ваеннага дойлідства эпохі развітага феадалізму на тэрыторыі паўночнай Беларусі, якія маюць здавальняючую археалагічную захаванасць. Яшчэ ў 1989 годзе В.М. Ляўко пісала: «З усходняга і паўночнага бакоў захаваліся валы вышынёй 2-4 м, выразна відаць месцы дзе былі тры вежы. Дыяметры іх каля 15 м, насыпы хзахаваліся на вышыню да 7 м...»

У 1583 годзе Езярышчу быў нададзены статус мястэчка і існуе інфармацыя, што ў гэтым жа годзе яму было нададзена няпоўнае магдэбургскае права. У той час Езярышчанскае стараства знаходзілася ва ўмоўным уладанні князёў Друцкіх-Сакалінскіх. А перад гэтымі князямі старостай езярышчанскім з’яўляўся Астафій Валовіч, дзяржаўны і грамадскі дзеяч Вялікага княства Літоўскага.

Гісторыя сучаснага пасёлка Езярышча, які з’яўляецца спадкаемцам таго мястэчка Азярышча, звязана з будаўніцтвам чыгуначнага ўчастка Віцебск — Невель на пачатку XX ст. паблізу сяла Езярышча. На гэтым участку была пабудавана чыгуначная станцыя, а з часам вакол яе вырас пасёлак.

Варта адзначыць, што 4 кастрычніка гэтага года будзе 60-годдзе надання Езярышчу статуса гарадскога пасёлка. Але па ўсім відаць, што пакуль лепшыя часы нашага Езярышча ў мінулым. У 2014 годзе Езярышча стала цэнтрам новаўтворанага Езярышчанскага сельсавета, а на 1 студзеня 2017 года тут пражывала толькі 1427 чалавек.

І калі ў мінулым годзе ўлады годна адзначылі 10 ліпеня дзень Езярышча, то круглыя даты гэтага году з гісторыі мястэчка тым больш вартыя павагі.

Леанід Гаравы

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст