haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

04.10.2017 13:40

5898 просмотров

0 комментариев

Раённае свята народных талентаў «А музыкі граюць, граюць...» адбылося ў Вархоўскім СДК Гарадоцкага раёна

Раённае свята народных талентаў «А музыкі граюць, граюць...», прысвечанае памяці сапраўднага народнага музыкі, віртуознага бычыхінскага майстра Івана Іўлева, арганізаванае Цэнтрам традыцыйнай культуры і народнай творчасці, прайшло 24 верасня ў Вархоўскім СДК. Артысты і гледачы, што сабраліся ў глядзельнай зале, атрымалі ад наладжанага мерапрыемства сапраўдную асалоду.

«Гарадоцкай полькай» у выкананні народнага ансамбля гарманістаў ЦТКіНТ пад кіраўніцтвам У. Шакуцёва распачалося свята. Гэты калектыў — захавальнік і прадаўжальнік багатых традыцый Гарадоччыны, паслядоўнікам якіх быў І. Іўлеў. Радавалі прысутных сваімі задорнымі прыпеўкамі Л. Барсукова, найгрышамі на гармоніку — С. Заікін і А. Мацюшэнка. Фальклорныя калектывы Сцяпанавіцкага і Дубраўскага СДК адплясвалі на сцэне побытавыя танцы. Фальклорныя традыцыі Мехаўскага СК, прадстаўленыя песнямі, прыпеўкамі і нават байкамі, цёпла ўспрымалі ў зале.


Прыемна, што на небасхіле Гарадоччыны заззялі юныя зорачкі — ансамбль музыкі, песні і танца «Задоринки» дзіцячай школы мастацтваў г. Гарадка пад кіраўніцтвам В. Пракоф’евай. Віртуозна гучалі ў іх выкананні вальсок і кадрыля, вясельны марш, а як зайгралі польку-весялуху, дык хацелася пусціцца ў скокі. У ансамбля ўжо сёння ёсць свае слухачы і гледачы.

Беларуская душа — шчырая і багатая. І свята, як нішто іншае, гэта даказала. Столькі талентаў знойдзена ў глыбінцы! З адметным мясцовым каларытам гучалі прыпеўкі ў выкананні В. Жынь з Кабішча, спявачак С. Голяс і Н. Максімавай, гарманіста-самародка М. Панкрацьева з Даўгаполля. Пад найгрышы фальклорнага калектыву з Халамерскага СК гледачы закружыліся ў вальсе, а салістцы Т. Раевай доўга апладзіравалі, бо яе цудоўны голас нікога не пакінуў абыякавым. Сапраўднае мастацтва прадэманстраваў народны фальклорны ансамбль «Азерыца» з Езярышча. Яго ўдзельнікі з’яўляюцца лаўрэатамі абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Гармонік і прыпеўка на свяце ішлі побач.

Свята дало магчымасць сустрэцца аматарам народнай музыкі, а гармонік, цымбалы ды песні згуртавалі яе шчырых прыхільнікаў. Радуе і тое, што і падрастаючае пакаленне з любоўю адносіцца да народнай творчасці. Гукі мелодый ліліся над Вархамі велічна, весела, з запалам.

Выканаўцам песень, прыпевак, найгрышаў былі ўручаны граматы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і смачныя пірагі. Грамату атрымаў і Ян Грэскі, які прывёз хлеб, выпечаны сваімі рукамі, з Прудоў. Вялізныя духмяныя боханы з кменам хутка набылі гледачы і ўдзельнікі, а хлебны пах яшчэ доўга разносіўся па зале.

Цудоўна, што на Гарадоччыне жыве столькі творча адораных людзей! Народныя спевакі, танцоры ды музыканты робяць культурнае жыццё раёна цікавым і разнастайным.

Галіна КАВАЛЁВА.
На здымку: фальклорны калектыў Халамерскага СК.
Фота аўтара.

http://www.garadvest.by

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст