haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

08.10.2017 16:24

1980 просмотров

4 комментария

Свята «Дажынкі — 2017» ў Дуброўна з удзелам Гарадоцкага раёна

Пра беларускія Дажынкі вядома, лічы ва ўсім свеце. Хаця ў многіх краінах святы ўраджаю асабліва паважаныя ў народзе, у такі высокі ранг, як у нашай краіне, яны мала дзе ўзведзены. Кожная вобласць святкуе іх, як толькі ўправіцца з уборкай асноўнага аб’ёму ўраджаю.

Святочная хваля дакацілася 30 верасня да Дуброўна, якое ўшаноўвала герояў мірных палёў звонкай песняй, высокім словам, шчодрымі падарункамі. На абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2017» была запрошана і дэлегацыя Гарадоцкага раёна.

Галоўнымі асобамі ў яе складзе былі гарадоцкія перадавікі гэтага года: А.В. Шчарбінскі, А.Л. Раманятаў, С.М. Васільеў (філіял «Віраўлянскі»), М.М. Чухноў, М.А. Давыдзенкаў (УП «Паўночны»), М.М. Саламаха, Д.А. Дзюбкоў, А.А. Праснякоў, М.А. Багданаў (ААТ «Птушкафабрыка Гарадок»). Калона, у якой рухаліся прадстаўнікі ўсіх раёнаў на чале са сваім кіраўніцтвам, расцягнулася на ўсю цэнтральную вуліцу . Абапал дарогі яе сустракалі ветлівыя гаспадары свята. Ім таксама ёсць чаму радавацца: больш за 200 аб’ектаў атрымалі другое нара-джэнне. На цэнтральнай плошчы створана зона адпачынку з дзіцячай пляцоўкай, зялёнымі кампазіцыямі, новым фантанам. Адкрыта зала ўрачыстых абрадаў, пераўтварыўся гарадскі стадыён, пабудавана новая пляцоўка для гульнявых відаў спорту, капітальна адрамантаваны СШ № 1, д/с №№ 3 і 4, ДШМ, дамы культуры і рамёстваў...

Наперадзе сваёй групы гарадакчане, як і іншыя ўдзельнікі дэлегацый раёнаў, высока ўзнялі герб і сцяг раёна. Удзельнікі самадзейных калектываў аздаблялі калону святлом нацыянальных касцюмаў, залатымі снапамі, паўнюткімі ўраджаю кошыкамі, ігрой на гармоніках, асляпляльнымі ўсмешкамі. Цырымонію ўручэння дыпломаў, прэмій і падарункаў пераможцам абласнога спаборніцтва, якія дасягнулі лепшых вынікаў на ўборцы ўраджаю зерневых, зернебабовых культур, рапсу правёў старшыня аблвыканкама М.М. Шарснёў:


— Дасягненні АПК — гэта вынік паўсядзённай напружанай працы простых работнікаў сельскай нівы, перапрацоўваючых і абслугоўваючых арганізацый, фермераў, спецыялістаў, кіраўнікоў, вучоных-аграрыяў, ветэранаў сельскагаспадарчай вытворчасці і моладзі, работнікаў сацыяльнай і культурнай сферы. Поспеху на сельскай ніве спрыяюць аператыўнасць, разваротлівасць, строгае захаванне тэхналогій.


Яго грунтоўнае выступленне было падмацавана відэарадам, што пацвярджаў, якім незвычайным, складаным па ўмовах надвор’я быў гэты сельскагаспадарчы год: напрыклад, суцэльнае снежнае покрыва ў разгар вясны, чатыры нормы ападкаў у Гарадоцкім раёне ў трэцяй дэкадзе красавіка... У выніку сельгасмашыны загразалі на палях. Халодны чэрвень, ліпеньскія дажджы не спрыялі паспяванню хлеба. І ўсё ж сельская гаспадарка Віцебшчыны сабрала больш за мільён тон зерня, яго валавы збор — на 150 тыс. тон большы, чым летась (выступленне Мікалая Мікалаевіча ў гэтым месцы перарвалі дружныя апладысменты)!

У ліку дзясяткаў узнагароджаных на сцэну была запрошана дырэктар КУСГП імя Дзімітрава Л.А. Усеваладава. Гаспадарка, якую яна ўзначальвае, заахвочана з уручэннем трактара Беларус 82.1 як арганізацыя, якую ўзначальвае жанчына-кіраўнік. Ад імя ДА «Віцебскі канцэрн «Мяса-малочныя прадукты» падарунак — легкавы аўтамабіль Шэўрале Ніва — уручаны УП «Паўночны» (кіраўнік С.І. Цітоў) як сельгаспрадпрыемству, што ўваходзіць у гэта аб’яднанне. Камбайнеру «Паўночнага» М.А. Давыдзенкаву, які ў асоба цяжкіх умовах намалаціў 722 тоны збожжа на камбайне на гусянічнай хадзе КЗС-812С, быў уручаны тэлевізар ад вытворцы гэтай тэхнікі, ААТ «Гомсельмаш». Радасць за калег, землякоў была аднадушнай, шчырай.

Агульную цікаўнасць выклікалі шматлікія пляцоўкі, выставы, на якіх была прадстаўлена і Гарадоччына. Расстараліся ГДАТК (дарэчы, яго навучэнцы былі поплеч з навучэнцамі іншых ўстаноў адукацыі вобласці сельскагаспадарчага профілю), аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Дом рамёстваў і фальклору, райспажыўтаварыства. Надзвычай уразіла паказальнае выступленне пазаштатнай крэатыўнай групы ДПАВУ «Рэспубліканскі атрад спецыяльнага прызначэння» МНС Беларусі, выставы магутнай сучаснай сельгастэхнікі, вытанчаных караваяў раёнаў і — паўсюдныя спевы, танцы, усмешкі, прыемны святочны ўздым, весялосць. Дажыначную эстафету на наступны год падхопіць Верхнядзвінск.


Святлана ЯКАЎЛЕВА.

На здымках: моманты свята.

Фота аўтара.

http://www.garadvest.by

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий: