У конкурсе прынялі ўдзел пяць выдатных мужчын, якія змагаліся за запаветны тытул, праходзячы выпрабаванні. Адкрыла конкурс дэфіле «Містэр — Х», у якім удзельнікі выступілі ў класічных чорных касцюмах, а затым прадставілі сябе «візітнай карткай», у якой распавялі пра сябе, свае захапленні і інтарэсы.
Далей гледачы любаваліся прыгожым дэфіле ў нацыянальных касцюмах з дзяўчатамі, што падвяло да конкурсу «Містэр Патрыёт», у якім было неабходна ў любым мастацкім жанры прадставіць свой горад, сельскую глыбінку, прафесію або тое, да чаго удзельнік выказвае свае патрыятычныя пачуцці.
Наступны конкурс праграмы называўся «Містэр — Галівудская зорка». Перад канкурсантамі стаяла задача выканаць ролю героя з вядомай п’есы, літаратурнага твора, вядомага фільма ці мультфільма. Гледачы ўбачылі на сцэне пацешнага Карлсана, былі згуляныя урыўкі з вядомых фільмаў «З каханымі не раставайцеся», «Добры дзень, я ваша цётка», «Дзяўчаты» і «Службовы раман».
У конкурсе «Містэр Абаронца» удзельнікі пераапраналіся ў ваенную форму за адведзены час, а пасля паказвалі сваю мужнасць і адвагу ў танцавальнай кампазіцыі з аўтаматамі.
Завяршыў праграму конкурс «Містэр Крэатыў». Гэта творчае заданне раскрывала хобі і захапленні нашых канкурсантаў.
Пераможцам у нялёгкай барацьбе стаў Вадзім Гайковіч, які прадстаўляў ДЛГУ «Гарадоцкі лясгас».
Тытулы «Віцэ-Містэр Дасканаласць» заваявалі Стас Протас — ГДАТК і Дзмітрый Булдакоў — Пальмінскі СДК.
Тытул «Містэр Крэатыў» атрымаў Дзяніс Давыдзенка, які прадстаўляў РКП «Цэнтр утылізацыі авіяцыйных сродкаў паражэння» і тытул «Містэр — Х» журы прысвоіла Віктару Самозванову з ГДАТК.
Конкурс «Містэр Дасканаласць — 2017» атрымаўся сапраўды яркім і феерычным шоў!
Яна Маркіянава, метадыст ДУК «Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна».
Паводле: http://gorodok.vitebsk-region.gov.by