haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

11.02.2018 12:36

3195 просмотров

1 комментарий

ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Вялікая расійская культура трымаецца на Беларусі і беларусах.

Вялікая расійская культура і цяпер прымушае са значэннем падымаць вочы ўгару цяперашняе насельніцтва 1/6 сушы. Вялікая расійская культура пасёння выхоўвае геніяў і захоўвае арэол святасці. Вялікую расійскую культуру ведае і любіць увесь свет. А ўсё таму, што Вялікая расійская культура трымаецца на Беларусі і беларусах.

Так было цэлае тысячагоддзе суседства. Чым больш Беларусь пазнавала Расію, і чым большай рабілася Расія — тым больш Беларусь імкнулася змяніць Расію. І калі перабіраеш беларусаў, якія тварылі ў Расіі — да глыбіні душы ўражвае гэтае бясконцае ахвяраванне сабою, нават сваёй беларускасцю, дзеля аграмаднай краіны, дзеля свайго блізкага, дзеля ворага, у адказ на гвалт, заваёвы і прыніжэнні.

Біблія Скарыны, Фёдарава, Мсціслаўца. Цудоўная аздоба цэркваў ды манастыроў — іканапіс, беларуская рэзь, кафля, ліццё, шкло... У 1662 г. толькі ў Маскоўскай Срэбнай палаце працавала больш за 40 майстроў толькі з Віцебска і Полацка. Кнігі Полацкага, падручнікі Капіевіча, граматыка Сматрыцкага, беларуская мова, паэзія, барока... Беларуская душа, узвышаная і светлая, струменіла, праменіла, пераплаўляла.

Беларусь у поўнай ступені вычула на сабе бяздушнасць імперыі, цяжар усходняй пыхі, драпежнасць Масквы і жорсткасць Піцера. Адказам стаў наймагутнейшы дар драматычнага, прарочага хрысціянства — Дастаеўскі. "Злачынства і пакаранне", "Ідыёт", "Браты Карамазавы", "Бесы". Ня проста вялікія псіхалагічныя раманы — удары ў самае сэрца монстра. "Загадкавая руская душа"? Колькі грубасці, жорсткасці і хамства было ў тае душы, што дзеля яе Беларусь патраціла паўжыцця і столькі геніяў!

Беларускую чысціню, узнёсласць, інтэлігентнасць у Расеі заўважыш адразу і не пераблытаеш ні з чым. Беларушчына ў Расіі — гэта "Гора ад розуму" Аляксандра Грыбаедава, якое, з гора ці ад розуму, разабралі на цытаты; вольналюбівая публіцыстыка Змітра Пісарава і Валерыі Навадворскай; самая рамантычная мроя дзяцінства "Пунсовыя ветразі" Аляксандра Грына, казка Юрыя Алешы "Тры таўстуны". Нават “Дуброўскі" Пушкіна — гэта адсюль: прататып Дуброўскага — аршанскі шляхціч Астроўскі.

Беларушчына ў Расіі — гэта Іван Бунін з роду Гедзімінавічаў, пранізлівы лірык, геніяльны і ў прозе, і ў паэзіі, які да апошняга заклікаў Расію трымацца Бога — і напісаў пра нашэсце бальшавікоў "Акаянныя дні" (Нобелеўская прэмія не абы-якога — 1933 году).

Беларушчына ў Расіі — гэта музыка. Такія хвалі насамрэч могуць ускалыхнуць найвялікшую на зямлі краіну ад Масквы да самых да ўскраінаў. Глінка, Стравінскі, Рымскі-Корсакаў, Шастаковіч, Растраповіч!..

А знакаміты расійскі балет, якім так ганарыцца Масква? Яго заснавалі балерыны Азарэвічы са Шклова і Восіп Казлоўскі, які працаваў у Слоніме ды Троках.

Берасцейскія, магілёўскія, віленскія, барысаўскія, рэчыцкія, смаленскія, ігуменскія шляхцічы, дзеці паўстанцаў Касцюшкі ды паплечнікаў Каліноўскага, соль нацыі, ехалі ў Маскву, Піцер, Ніжні — каб пераадольваць імперыю словам, мелодыяй і духам.

Беларусь так хацела пераўвасобіць Расію!.. Беларусы наглядна паказвалі, як гэта робіцца — ў першых тэатрах, якія пачалі выступаць у Расіі. Але імперыя заставалася сабой — і Беларусь выводзіла на сцэну паплечніка Станіслаўскага, Неміровіча-Данчанку.

Беларусь, чыстая, светлая, натхнёная, скразіла і ў паэзіі беларусаў Яўгена Яўтушэнкі і Міхала Ісакоўскага, у адкрыта ліберальным "Новом Мире" беларуса Аляксандра Твардоўскага, у шчырых да хрыпаты спевах беларуса Ўладзіміра Высоцкага і іранічных баладах беларуса Андрэя Макарэвіча.

Ува ўсіх іх — вы ўзгадайце, у радках і нотах, інтанацыях і тэмбрах — адчуваецца штосьці да болю наскае, такое пранізлівае, мяккае і спеўнае. Усіх іх родніць крынічная празрыстасць і прыдыханне любові. Беларуская культура, нябачнае войска маленькага акупаванага краю, зрабіла полем бітвы ўсю гіганцкую імперыю — і ўрэшце ўзняла па-над ёю пераможныя сцягі вялікай літаратуры, мастацтва, музыкі.

Не дэспатыі! Не тыраніі! Дэмакратыя і талеранцыя! Праўда і свабода! — гэта пасланне Ўсходу ад Беларусі бачнае сёння ўсяму свету праз вялікую расійскую культуру.


Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

http://naviny.by

1 оценка 5.0

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий: