haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

24.03.2018 19:12

1556 просмотров

0 комментариев

Каб ведаць усё пра свята 25 сакавіка: топ-5 дакументальных і мастацкіх кніг пра БНР

Напярэдадні 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі знаёмім вас з кнігамі, якія дапамогуць асэнсаваць значнасць гэтай падзеі.

Дарота Міхалюк «Беларуская Народная Рэспубліка 1918 — 1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці»

«Некалькі год таму ўпершыню я праглядала надрукаваныя дакументы, якія тычыліся Беларускай Народнай Рэспублікі. Яны падаліся мне яскравым сведчаннем неардынарнай палітычнай драмы: юнацкія ідэалы, мары пра ўласную дзяржаву, адсутнасць разумення з боку міжнародных палітычных колаў, нечаканыя павароты, рамантычныя героі. Урэшце — трагічны фінал беларускай незалежніцкай ідэі і яе прыхільнікаў, большасць якіх за свае мары заплацілі найвышэйшую цану, будучы пакаранымі смерцю ў перыяд сталінскіх рэпрэсій».

Кніга Дароты Міхалюк (гісторыка з Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні), якая выйшла ў 2010-м па-польску і ў 2015-м па-беларуску, напэўна, найбольш поўная манаграфія пра Беларускую Народную Рэспубліку на сёння.

Аўтарка, якасна апісаўшы гэты перыяд, зрабіла тое, што так і не зрабіла Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.



Акрамя перыяду Беларускай Народнай Рэспублікі, Міхалюк падрабязна разглядае нацыятворчы працэс ад сярэдзіны XIX стагоддзя, выспяванне нацыянальнай ідэі ў пачатку XX стагоддзя, развіццё беларускага руху ў часе Першай сусветнай вайны. У кнізе апісаная дзейнасць чатырох урадаў БНР да канчатковага расколу прыхільнікаў беларускай незалежнасці і адстаўкі Антона Луцкевіча ў лютым 1920 года. Завяршаецца кніга на сумнай ноце: аўтарка пералічвае дзеячаў БНР і распавядае пра іх далейшыя лёсы. Пераважна няпростыя і з трагічным фіналам.

Калі вам недастаткова павярхоўнага разгляду тэмы пра спробу здабыцця першай беларускай дзяржавы, калі вы хочаце паглыбіцца ў манаграфію з багатай колькасцю спасылак на аўтарытэтныя крыніцы і архіўныя дакументы — кніга Дароты Міхалюк сапраўдны must read.

Алег Латышонак «Жаўнеры БНР»

«Прадметам гэтага дасьледаваньня зьяўляецца ўдзел беларусаў у барацьбе за незалежнасьць сваёй краіны ў тыя часы, калі ўпершыню была абвешчаная незалежная беларуская дзяржава — Беларуская Народная Рэспубліка (БНР)».

Калі ўздымаецца тэма БНР, то звычайна разглядаецца сфера дыпламатыі і змагання за міжнароднае прызнанне. Сёння рэдка закранаецца тэма тагачаснай барацьбы за незалежнасць са зброяй у руках ці хаця б спробы арганізацыі свайго войска і кантралявання тэрыторыі. Кніга беларускага гісторыка з Падляшша Алега Латышонка менавіта пра беларускае войска ў перыяд станаўлення дзяржаўнасці.

Выданне закранае перыяд ад пачатку самаарганізацыі беларусаў-вайскоўцаў у арміі Расійскай імперыі ў часе Першай сусветнай вайны да збройнага змагання случакоў у часе Збройнага чыну.

У кнізе падрабязна разглядаецца дзейнасць Цэнтральнай беларускай вайсковай рады ў Мінску ў канцы 1917 — пачатку 1918 гг. і ўзяцце пад кантроль часткі Мінска беларускімі атрадамі 19-20 лютага 1918 года. Апісаная дзейнасць беларускіх вайсковых фармаванняў у арміях іншых дзяржаў: беларускіх частак у літоўскай арміі, дзейнасць Беларускай вайсковай камісіі ў Польшчы, удзел арміі Балаховіча ў савецка-польскай вайне, а таксама яго «Палескі паход» з далейшым абвяшчэннем сябе Начальнікам Беларускай Дзяржавы і стварэннем марыянеткавага ўрада. Цэлы раздзел кнігі прысвечаны абмундзіраванню і знакам адрознення ўсіх беларускіх вайсковых фармаванняў гэтага перыяду, што будзе цікава, напрыклад, рэканструктарам.

Алесь Пашкевіч «Пляц Волі»

«...Усё часьцей на схіле майго веку паўстае неадчэпнае — „Чаму?“. Чаму краіна з такім прыродным багацьцем, такім трывалым народам — і не малым! — аніяк надзей сваіх лепшых спраўдзіць ня можа? Чаму дазваляла і дазваляе каланізаваць сябе — баёдаць свае папаратнікі? Ці ж мала крыві ейныя алтары залівала? Ці ж горшымі вестуны-прарокі былі? А тады — чаму?!».

Падзеі рамана «Пляц Волі» адбываюцца ў пачатку ХХ стагоддзя, у часы станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Кнігу Алеся Пашкевіча толькі напалову можна назваць мастацкай, бо яна напоўненая сапраўднымі дакументамі, артыкуламі, матэрыяламі пачатку мінулага стагоддзя, арганічна ўплеценымі ў сюжэтную канву твора. У канцы кнігі ў раздзеле «Прыпісы» можна знайсці спасылкі на ўсе крыніцы, выкарыстаныя ў творы.


Першая кніга гэтага рамана-дакумента распавядае пра спробы стварэння незалежнай беларускай дзяржавы, абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі і змаганне за яе існаванне і функцыянаванне. Таксама шмат увагі надаецца Слуцкаму збройнаму чыну. Галоўным героем другой кнігі становіцца Кастусь Езавітаў. Кожная падзея, выказванне амаль кожнага палітычнага дзеяча ў рамане падмацоўваецца дакументам, што дадае кнізе большай важкасці. «За гістарычную праўду» ў рамане аўтар быў узнагароджаны Міжнароднай прэміяй імя Валянціна Пікуля (з уручэннем залатога медаля). Факт, які толькі павышае цікавасць да кнігі. Сур’ёзны раман з сур’ёзнай гістарычнай асновай.

Генрых Далідовіч «Свой дом»

«Калі мы не можам ісці супраць і Германіі, і Расіі, значыць, у нас ёсць свой трэці шлях — шлях поўнай сваёй незалежнасці...».

Творчасць Генрыха Далідовіча шчыльна звязаная з гісторыяй Беларусі, да таго ж ён першым сярод беларускіх пісьменнікаў напісаў гістарычныя раманы пра БНР, таму наступную кнігу ніяк нельга абмінуць увагай.

Раман «Свой дом» завяршае трылогію пра станаўленне беларускай дзяржаўнасці ў XX ст., а першыя дзве кнігі трылогіі — «Гаспадар-камень» і «Пабуджаныя» — апавядаюць пра падзеі напярэдадні і ў часе Першай сусветнай вайны, а таксама Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Частка падзей у рамане разгортваецца ў родных аўтару мясцінах: Налібацкім краі, дзе жывуць з дзяцінства знаёмыя яму людзі, таму асабліва ярка ўдалося яму выпісаць вобразы і характары мясцовых жыхароў.

Акрамя гэтага ў творы пад сваімі сапраўднымі імёнамі прысутнічаюць рэальныя гістарычныя асобы: Жылуновіч, Чарвякоў, Мяснікоў, Ландар, Кнорын і іншыя. Але калі вырашыце чытаць гэтую кнігу, варта мець хаця б нейкі гістарычны бэкграўнд, каб разумець, якія асобы хаваюцца за крыху пераробленымі прозвішчамі, напрыклад, Баравік, Нядоля ці Еўзікаў (а для папаўнення гістарычных ведаў варта звярнуцца да першага пункта гэтага спіса).

У творы апісаная вялікая колькасць гістарычных падзей таго перыяду, напрыклад, абвяшчэнне БНР, дзейнасць Беларускай сацыялістычнай гpaмaды, драматычныя ўмовы стварэння БССР, і многія падзеі суправаджаюцца вытрымкамі з сапраўдных дакументаў. Далідовіч запэўнівае, што гэты перыяд быў лёсавызначальным для далейшага развіцця беларускага краю, і ў чытачоў няма прычын яму не верыць.

Сяргей Шупа «Падарожжа ў БНР»

«Папярэджваю чытачоў, што хоць кожны сказ у гэтай кнізе мае пад сабой дакументальнае падмацаваньне, не спрабуйце браць зь яе цытаты для сваіх курсавых, дыплёмных, кандыдацкіх і доктарскіх працаў! Мая задача — зацікавіць, даць імпульс, падказаць тэму або нечаканы паварот, а далей — шукайце першакрыніцы. Бо насамрэч яны бясконцыя і могуць адкрывацца нанова, казаць іншыя рэчы, чым казалі мне, даваць іншыя пэрспэктывы».

Самая свежая кніга па тэме, якая выйшла літаральна на днях і прэзентавалася ў сталіцы за пяць дзён да стогадовага юбілею БНР. На прэзентацыі аўтар неаднаразова падкрэсліваў, што яго кнігу варта ўспрымаць не як сур’ёзнае навуковае даследаванне ці мастацкі раман, а як «гісторыю для чайнікаў», але першыя чытачы ўжо аспрэчылі такую сціпласць аўтара.

«Падарожжа ў БНР» мае падзагаловак «архіўны раман», і гэта сапраўды вандроўка ў мінулае праз тысячы перабраных аўтарам архіўных дакументаў. Вандроўка для тых, хто робіць першыя крокі ў спасціжэнні гісторыі (тых самых «чайнікаў»), а таксама для тых, хто ўжо доўгія гады ідзе гэтым шляхам.

Шмат гадоў працы з архівамі, першапачатковым вынікам якой сталіся два тамы «Архіваў БНР», і праз 20 гадоў аўтар, стаміўшыся чакаць вартых выданняў ад аўтараў навукова-папулярнай літаратуры, вырашыў напісаць кнігу сам.

Кніга вельмі «жывая». Дзякуючы лёгкаму стылю аўтара з яе старонак перад вачыма чытача дынамічна паўстаюць гістарычныя асобы, дагэтуль схаваныя ў стосах сухіх дакументаў і навуковых прац. Кніга кранальная і захапляльная, бо прымушае суперажываць яе героям, радавацца іх поспехам і расчароўвацца паразам.

У пачатку Сяргей Шупа падлічвае сярэдні ўзрост тых, хто тварыў беларускую нацыянальную рэвалюцыю. 29 гадоў! Наймаладзейшаму Тамашу Грыбу было 22, а найстарэйшаму Васілю Захарку — 40.

І гэтыя маладзёны стваралі гісторыю. У прыклад нам.

Ідэя заставачнай ілюстрацыі — Алесь Плотка, малюнак — Юлія Галавіна.

Наста Карнацкая, фота аўтаркі

https://nina.nn.by

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст