haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

17.04.2018 18:28

585 просмотров

0 комментариев

Нябесная Беларусь. На 13 тысячах могілак спачывае 30 мільёнаў беларусаў

Андрэй Бурдзянкоў прадаў кватэру, каб зьбіраць і публікаваць на сваім сайце graves.bу зьвесткі пра магілы беларусаў: «Таму што мне гэта неверагодна цікава».

Да Радаўніцы, сьвята памінаньня продкаў, Свабода пагутарыла з Андрэем Бурдзянковым, які першым у Беларусі стварыў інтэрнэт-базу пахаваньняў з дакладнымі каардынатамі.

Сваіх продкаў звычайныя беларусы памятаюць на два-тры пакаленьні. Часта здараюцца сытуацыі, калі сваякі ня ведаюць, дзе канкрэтна пахаваны іх блізкі ці далёкі продак.

Андрэй Бурдзянкоў

Дзьве траціны пахаваньняў у Беларусі — закінутыя

Усяго ў Беларусі 13 тысяч могілак, большасьць зь іх закрытыя. На тэрыторыі Менску іх больш за два дзясяткі — і закрытыя таксама большасьць. Самыя вялікія ў Беларусі — Паўночныя могілкі ў Менску, іх плошча большая за 105 гектараў, там пахавана больш як 100 тысяч чалавек. На другім месцы — Міханавічы, на трэцім — баранавіцкія могілкі «Русіна». А большасьць могілак — невялікія вясковыя пагосты, дзе пахавана некалькі дзясяткаў чалавек.

Усяго ў Беларусі да 30 мільёнаў пахаваньняў. На навейшых могілках — можна сустрэць інфармацыйныя тэрміналы, ствараецца база дадзеных пра ўсе пахаваньні. Ведаючы імя, прозьвішча, даты нараджэньня і сьмерці чалавека, можна знайсьці, дзе ён пахаваны.

Амаль дзьве траціны магіл закінутыя, і нават выбіты на камені тэкст на старадаўніх пастамэнтах цяжка разабраць.

Ідэю падказалі аўстралійцы

Аўстралійцы шукаюць сваіх продкаў Далідовічаў у Налібаках

Гід-перакладчык Андрэй Бурдзянкоў першым у Беларусі пачаў ствараць каталёг старадаўніх пахаваньняў зь іх дакладнымі каардынатамі.

Ідэя стварыць інтэрнэт-базу беларускіх могілак прыйшла яму ў галаву ў 2011 годзе, калі ў вёску Налібакі Стаўпецкага раёну прыехалі даволі маладыя грамадзяне Аўстраліі па просьбе свайго дзеда — знайсьці магілы продкаў. Шукалі на старадаўніх каталіцкіх могілках з дыхтоўнымі надмагільнымі плітамі і камянямі, унікальнымі шыльдамі. Але старажытны нэкропаль быў вельмі занядбаны, увесь зарос кустоўем, узгадвае Андрэй.

«Аўстралійцы шукалі ў Налібаках продкаў з прозьвішчам Ходылі, блукалі па могілках, учытваліся ў сьцертыя надпісы, часам радасна крычалі: „Я яшчэ аднаго знайшоў!“ Працэс нагадваў бег па кустоўі. І вось гэтыя пошукі, як мне падалося, ніяк ня ўпісваліся ў канцэпцыю нашага афіцыйнага турыстычнага аблічча краіны ў цэнтры Эўропы.

Я падумаў, што ў ХХІ стагодзьдзі павінна быць інтэрнэт-база, прычым ня проста пералік пахаваных на канкрэтных могілках, а з GPS-прывязкай да мясцовасьці, каардынатамі зь мінімальнай хібнасьцю, каб чалавек мог самастойна знайсьці месца пахаваньня свайго продка і аддаць яму даніну памяці, сьвечку паставіць», — кажа Свабодзе Андрэй Бурдзянкоў.

Хрысьціянскія могілкі ў Рубяжэвічах

Першыя крокі

Але тады не было грошай распачаць такі праект. У 2014 годзе з тэлепраграмы Бурдзянкоў даведаўся пра сайт nekropol.by (які цяпер ужо недаступны). Меркавалася, што праект павінен ахапіць усе могілкі краіны, што валянтэры, праграмісты створаць вельмі шырокую базу. Андрэй падумаў, што ўжо ня трэба за гэта брацца — карысную справу зробяць іншыя.

А праз год, калі чарговыя іншаземцы хацелі знайсьці пахаваньні сваіх продкаў у Пінску і адкрылі гэты сайт, то заўважылі, што ў базу там было ўнесена ўсяго 14 чалавек. Гэта пры тым, што могілкі ў Пінску вельмі вялікія — як некалькі футбольных стадыёнаў.

«Тады я вырашыў стварыць свой уласны рэсурс з дадатковай функцыяй — GPS-прывязкай, то бок з вызначэньнем каардынатаў надмагільляў на мясцовасьці», — кажа Андрэй.

Першыя этапы алічбоўваньня ў Налібаках

Для пачатку спатрэбілася камэра, якая фіксуе GPS-каардынаты. Але звычайная камэра андроіда ці айфона не паказвае каардынаты карыстальніка. У першы дзень працы на могілках ва Ўруччы Андрэй з уключанай геалякацыяй звычайнай камэрай сфатаграфаваў 200 плітаў, але потым зразумеў, што ўсе яны пазначаюцца адным і тым жа пунктам каардынатаў. Усё аказалася ня так проста.

«І я пачаў шукаць геакамэры, якія паказваюць каардынаты на экране, знайшоў бясплатны дадатак. Аднак функцый там не хапала, усе каардынаты трэба было „ўбіваць“ уручную, а на аднаго нябожчыка гэта 16 лічбаў. Зьявілася думка зрабіць штосьці сваё, адрознае ад вядомых амэрыканскіх праектаў billiongraves.com ці findagrave.com», — кажа Андрэй.

Габрэйскія могілкі ў Ільлі

Пакуль ёсьць толькі ангельскамоўная вэрсія

Дадатак задумваўся для геалякацыі любых аб’ектаў (ня толькі магіл). Робіцца фатаграфія, чалавек бачыць на экране, наколькі дакладна засечанае месца, аб’ект фатаграфаваньня, і можа сам запампаваць інфармацыю на бясплатны сайт graves.bу, які будзе папаўняцца новымі матэрыяламі.

Андрэй Бурдзянкоў кажа, што часьцей за ўсё па дапамогу зьвяртаюцца амэрыканцы. Па ягоных падліках, 8 з 10 — габрэі, якія вельмі цікавяцца сваімі каранямі. Католікаў таксама шмат. З праваслаўных да Бурдзянкова зьвярталіся толькі канадцы, якія ў Пінску шукалі продкаў па прозьвішчы Сыраватка.

Габрэйскае надмагільле, Рубяжэвічы

Цяпер створаны сайт на ангельскай мове, таму што, у разуменьні Андрэя, ягоная мэтавая аўдыторыя англамоўная, і менавіта яна сабрала грошы, якіх хапіла на палову першай вэрсіі дадатку.

Але безь беларусаў сайт будзе ня вельмі жывы, перакананы Андрэй Бурдзянкоў, таму цяпер дапрацоўвае беларускамоўную вэрсію.

«Праграмісты кажуць, што трэба апрацаваць шмат модуляў. Цягам двух тыдняў, спадзяюся, яны завершаць працу над беларускамоўнай вэрсіяй сайту».

А пакуль на сайце ёсьць прыклады, як павінна быць: гэта цалкам алічбаваныя могілкі ў Налібаках, могілкі ва Ўруччы, яшчэ два дзясяткі іншых нэкропаляў — у базу ўнесена каля 7 тысяч імёнаў.

«Карыстаючыся маім прыкладам, краязнаўцы, неабыякавыя маладыя людзі, валянтэры маглі б працягваць гэтую працу ў сябе ў рэгіёне. Таму што і трох маіх жыцьцяў ня хопіць, нават калі я ўсё кіну і буду займацца толькі гэтым», — кажа Андрэй.

Пліта хутка будзе страчаная... Пінск

Некамэрцыйны праект

Свой праект Андрэй стварыў на ўласныя сродкі. Сайт graves.by — не камэрцыйная ідэя. Хоць справа гэтая нятанная. Здавалася б, каб фатаграфаваць магілы, патрэбны толькі мабільны тэлефон, ну і яшчэ ёсьць клопат, каб пачысьціць надмагільныя пліты, камяні, шыльдачкі.

Па-першае, на могілкі трэба прыехаць. Хутка адпрацаваць часьцяком не атрымліваецца з прычыны неспрыяльнага надвор’я, іншых перашкодаў.

«Да прыкладу, з раніцы ў тых жа Налібаках фатаграфаваць нельга, лепш пасьля абеду, калі сонца паварочвае на захад і асьвятляе фасадную частку надмагільляў. Наводзіць парадак трэба садовыя прылады, нажніцы, кустарэзы, адмысловы абутак, пальчаткі, спрэі ад камароў і кляшчоў — на ўсё гэта неабходныя сродкі», — кажа Андрэй.

Касьцёл у Налібаках

Зусім невялікую суму ён атрымаў, разьмясьціўшы анонс і просьбу ахвяраваць сродкі на пачатак складанай, але вельмі патрэбнай справы на сваім сайце.

Андрэй супакойвае сябе тым, што некаторыя на рыбалку трацяць больш, а паколькі ён рыбак няўдачлівы, то інвэстуе ў гэтую важную справу.

Андрэй Бурдзянкоў

«Я запатрабаваны гід-перакладчык, мае інтарэсы падзяляе і мой бацька. Я прадаў сваю кватэру, частка гэтых сродкаў пойдзе на давядзеньне да ладу мабільнага дадатку і на інфраструктуру. Таму што мне гэта неверагодна цікава».

​Калі зьявіцца беларускамоўная вэрсія сайту, Бурдзянкоў разглядае варыянт зьбіраць сродкі на краўдфандынгавых плятформах, кшталту «Талакі» і «Вулею».

Могілкі як адлюстраваньне грамадзтва

Хрысьціянскія могілкі ў Наваградку

На Наваградзкіх могілках Андрэй Бурдзянкоў адчысьціў і сфатаграфаваў 430 старадаўніх плітаў і камянёў. Сярод іх ёсьць надмагільлі ўдзельнікаў паўстаньня 1863 году, якія былі ў вельмі занядбаным стане. А літаральна празь сьцежку — савецкія вайсковыя пахаваньні, роўныя, дагледжаныя, з пастрыжанай травой, кветкамі, кажа Андрэй.

«Крыўдна, што такая розьніца паміж пахаваньнямі, тым больш што Наваградак — гэта першая сталіца ВКЛ, чым мы вельмі ганарымся.

Над кожнай плітой трэба „завіснуць“ на хвіліну для вызначэньня каардынат

У Налібаках на могілках можна знайсьці надмагільлі ангельцаў пачатку 20 стагодзьдзя, немцаў — сярэдзіны 19 стагодзьдзя. Там у Радзівілаў была гута, выраблялася шкло, мэталічныя заводы былі — гісторыя багачэзная! Прычым могілкі — гэта, бадай, апошняя неперапісаная старонка беларускай гісторыі, якая многімі ўдакладнялася, зьмянялася», — кажа Андрэй Бурдзянкоў.

Дырэктар наваградзкага Дому-музэю Адама Міцкевіча, аўтар кнігі «Могілкі і пахаваньні ў Наваградку» Міхаіл Гайба напісаў, што першы адкрыты ўрок у школе трэба праводзіць на могілках: ня толькі прыбраць там, але і падумаць, пафілязофстваваць, кажа Андрэй Бурдзянкоў.

«Калі ты завісаеш над кожнай плітой пару хвілін, каб вызначыць каардынаты, чытаеш эпітафію, кім быў чалавек, задумваесься над датамі нараджэньня і сьмерці, узгадваеш гісторыю, пачынаеш разумець розныя нюансы — хто з кім ваяваў, дзеля чаго — гэта неверагодна цікава», — шчыра прызнаецца Бурдзянкоў.

Людзі плачуць, знайшоўшы магілы родных

Амэрыканскія нашчадкі знайшлі сваіх продкаў у Пінску па сайце

Эмацыйных, кранальных гісторый Андрэй Бурдзянкоў можа прыгадаць шмат. З нашчадкамі-аўстралійцамі на могілках у Налібаках, шукаючы продкаў па прозьвішчы Ходулі, сфатаграфавалі 13 надмагільных плітаў. То бок унук ураджэнца Беларусі выканаў тут «палявыя работы» для дзеда, а той прызнаў адну магілу ўжо ў Аўстраліі, і ўсе эмоцыі, сьлёзы былі за акіянам.

«Быў надзвычай эмацыйны момант, калі адвёз канадца ў Расею, у Катынь, там усталяваныя такія кубы з таблічкамі — прозьвішчамі расстраляных у 1939–40 гадах. І на трэцім абароце куба ён знайшоў прозьвішча свайго дзеда і проста рыдаў...

У мяне была сытуацыя з амэрыканскім кліентам, які знайшоў далёкую сваячку. Адной жанчыне зь Беларусі амэрыканец, які прыехаў шукаць магілу, паказаў на айпэдзе фота свайго дзядулі — а яна кажа: „Гэта ж мой дзядзька — Філіповіч Ануфры. Ён зьехаў у Амэрыку ў 1906 годзе. У яго было 10 братоў і сясьцёр, я была дачкой аднаго з братоў“. Правялі аналіз ДНК — і яна аказалася сваячкай таго амэрыканца. Жанчына вельмі дакладна запоўніла інфармацыйныя прамежкі, якія былі патрэбныя для пошуку сваякоў. Для гэтага я сфатаграфаваў усе могілкі ў Новай Гуце — каля 200 плітаў».

Касьцёл і могілкі ў Налібаках

Да Андрэя зьвярнуўся эстонец Сыльвэр, які разьбіраў стары куфар і знайшоў фатаграфію таварыша па службе свайго дзеда — Паўла Блажэвіча ў форме марака. Напісаў ліст Андрэю, і аказалася, што надгробная пліта была алічбаваная адной зь першых: Павал Блажэвіч быў пахаваны на могілках ва Ўруччы, фатаграфія на помніку вельмі падобная да здымка 1943 году. Эстонец Сыльвэр хоча знайсьці магілу свайго дзеда, а таксама жывых сваякоў Блажэвіча, каб вярнуць ім здымак.

Як знайсьці магілу — альгарытм дзеяньняў

Можна проста прыехаць на могілкі і шукаць пахаваньні продкаў самастойна. Але гэта як шукаць іголку ў стажку сена. Праўда, аднойчы яе знайшлі, кажа Андрэй — літаральна празь пяць хвілін, трапіўшы на старадаўнія пінскія могілкі. Прыехалі людзі з Канады, шукалі продкаў па прозьвішчы Сыраватка. Проста зайшлі на тыя могілкі, каб выкрасьліць менавіта гэтае месца са сьпісу і рухацца далей. Чалавек зайшоў за першую пліту і ўбачыў выбітую на камені першую літару «С».

«Я падышоў — на шыльдзе напісана сапраўды „Сыраватка“. Гады нараджэньня і сьмерці супалі. То бок можна, канечне, накіраваць чалавека на канкрэтныя могілкі, каб сам пашукаў.

Габрэйскія могілкі ў Ільлі Вялейскага раёну. Ільля

Другі варыянт — наш праект. Альбо аналягічныя праекты, кшталту pomnim.by.

Прынцып пошуку даволі просты: ёсьць разьдзел „знайсьці магілу“. Неабходна выбраць рэгіён, могілкі, увесьці інфармацыю пра нябожчыка: імя, прозьвішча, даты нараджэньня і сьмерці. Пасьля гэтага можна ўбачыць фатаграфію магілы і яе каардынаты.

Каб дадаць інфармацыю пра свайго продка, трэба выкарыстоўваць дадатак GeoTag Android», — раіць Андрэй Бурдзянкоў.

Здымак з экрана дадатку GeoTag

Але ня ўсё так проста. Надпіс на пліце на сайце запаўняецца «на спэлінгу», бываюць памылкі, прычым самыя неверагодныя. Прозьвішча за два стагодзьдзі можа зьмяніцца амаль да непазнавальнасьці. Як чалавек будзе апрацоўваць базу, як гэта будзе шукацца, да прыкладу, у Аўстраліі — вялікае пытаньне. Але праца над удасканаленьнем сайту, алічбоўваньнем могілак працягваецца. У бліжэйшых плянах — беларускамоўная вэрсія сайту, запуск дадатку, стварэньне тэставай працоўнай групы (3–4 чалавекі), якая будзе вывучаць, што і як працуе. Але непадрыхтаваны чалавек сам алічбоўкай на могілках займацца ня зможа — павінны быць адпаведныя веды, навыкі, разуменьне.

80 пахаваньняў выбітных беларусаў на Кальварыйскіх і Ўсходніх могілках (Мапы)

Іна Студзінская

https://www.svaboda.org

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст