haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

10.04.2019 07:30

567 просмотров

0 комментариев

За 4 гады ва Ўкраіне дэмантавана 2500 савецкіх помнікаў, тысячу паселішчаў перайменавалі

Ва Ўкраіне заявілі пра завяршэньне працэсу дэкамунізацыі і пераход да дэкалянізацыі, патрэбнай для пазбаўленьня ад уплыву расейскай імпэрскай мінуўшчыны на ўкраінскую сучаснасьць.

За 4 гады пасьля ўхваленьня законаў аб дэкамунізацыі ва Ўкраіне перайменавалі 987 населеных пунктаў, 25 раёнаў, больш як 52 тысячы вуліц, а таксама дэмантавалі каля 2500 помнікаў і памятных знакаў, якія зьмяшчалі прапаганду таталітарнага рэжыму.

«Законы аб дэкамунізацыі фактычна пазбавілі Крэмль любых ілюзіяў, што Ўкраіну можна вярнуць у „русский мир“ або ў постсавецкае балота. Мы павінны рухацца ў Эўразьвяз і NATO, умацаваўшы сваю ідэнтычнасьць — гэта, акрамя дэкамунізацыі, умацаваньне мовы, культуры, пытаньняў, якія тычацца гісторыі», — сказала народная дэпутатка Ўкраіны Ганна Гапко на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ленін — у музэі, на плошчы — Скарына і Эўфрасіньня. Як Полацак дэкамунізавалі ў часы Лукашэнкі

Па сутнасьці, унясеньне зьменаў у Канстытуцыю аб перайменаваньні Днепрапятроўскай і Кіраваградзкай абласьцей на Січаслаўскую і Крапіўніцкую адпаведна, а таксама забарона Камуністычнай партыі мусяць завершыць працэс дэкамунізацыі.

«Дэкамунізацыя і адкрыцьцё архіваў КДБ — гэта невялікі элемэнт дэмакратычнага транзыту рэформаў у краіне, але вельмі важны. Безумоўна, дэкамунізацыя ня дасьць адказаў на ўсе пытаньні, але гэта той падмурак, на якім мы хочам будаваць будучую дэмакратычную эўрапейскую краіну, якая з павагай ставіцца да правоў чалавека», — дадаў дырэктар галіновага архіву Службы бясьпекі Ўкраіны Андрэй Когут.

У той жа час, як адзначыў кіраўнік Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці Ўладзімір Вятровіч, лягічным падоўжаньнем дэкамунізацыі мае стаць дэкалянізацыя:

«У першую чаргу я маю на ўвазе пазбаўленьне ад імпэрскай спадчыны, якую выкарыстоўвае Расея, каб аднавіць свой уплыў на Ўкраіну. Вайна, якая цяпер адбываецца, гэта ня столькі вайна за тэрыторыю, як за ідэнтычнасьць украінцаў. І ў гэтай вайне Расея выкарыстоўвае на сваю карысьць ўсё, што сьведчыць пра адзіную супольнасьць украінцаў і расейцаў. Мы ўжо становімся сьведкамі, калі на поўдні Ўкраіны на замену камуністычным назвам пачалі зьяўляцца расейскія імпэрскія назвы, якія нібыта ёсьць гістарычнымі. Асабліва паказальнай была спроба перайменаваць Кіраваград у Елісаветаград, калі пераконвалі, што гэта і ёсьць вяртаньне да гістарычнай назвы».

Вятровіч перакананы ў неабходнасьці ўхваленьня адпаведных законаў, якія дапамогуць распачаць дэкалянізацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Рэчыцы перайменавалі вуліцу: была ў гонар паэта Міцкевіча, стала ў гонар чэкіста Міцкевіча

«Надзвычайна важна правесьці працэс удакладненьня датаў заснаваньня населеных пунктаў. Напрыклад, той жа Адэсы, якая мае больш трывалую гісторыю, чым канец XVIII стагодзьдзя; Марыюпалю, Паўлаграда, Дняпра і гэтак далей. Гэты працэс мусіць зруйнаваць расейскі міт пра тое, што гэтыя паселішчы зьявіліся толькі ў часе Расейскай імпэрыі. Трэба казаць і пра перайменаваньне юрыдычных асобаў, бо мы ёсьць сьведкамі таго, як зьяўляюцца брэнды, якія выкарыстоўваюцца як інструмэнты папулярызацыі расейскай мінуўшчыны ва Ўкраіне», — аргумэнтаваў кіраўнік Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці Вятровіч.

Вярхоўная Рада Ўкраіны 9 красавіка 2015 году ўхваліла чатыры законы пра дэкамунізацыю, якія, сярод іншага, забараняюць савецкія сымбалі і праводзяць знак роўнасьці паміж савецкім і нацысцкім рэжымамі. За прапаганду сымбаляў рэжымаў прадугледжана зьняволеньне да пяці гадоў. У межах выкананьня гэтых законаў ва Ўкраіне былі рассакрэчаныя архівы КДБ 1917-1991 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ня Леніна: якія назвы вуліцаў найчасьцейшыя ў Беларусі

Алена Літвінава

https://www.svaboda.org

Последние новости