haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

15.04.2019 18:17

522 просмотра

0 комментариев

Першыя ў свеце: YouTube узнагародзіў беларускамоўны канал!

Упершыню за ўсю гісторыю працы самага папулярнага відэахостынгу — YouTube — адмысловую ўзнагароду «Срэбная кнопка» атрымаў беларускамоўны канал: «Белсат NEWS». «Срэбная кнопка» выдаецца каналам, на якія падпісаліся 100 000 чалавек.

Як усё пачыналася

Наш YouTube-канал быў заснаваны 23 чэрвеня 2008 года. Першае відэа, запампаванае на наш канал, — сатырычная праграма «Жаўтуха». Вядоўцамі «Жаўтухі» былі шмат каму вядомыя «Саша і Сірожа» — творчы дуэт музыкі Сяргея Міхалка і мастака Аляксея Хацкевіча.

Тады на YouTube пачалі з’яўляцца і нашыя праграмы, якія раней можна было глядзець толькі праз спадарожнік ці на сайце belsat.eu.

Сцяпан і Алесь Пуцілы, а таксама каманда «Белсату» адзначаюць далучэнне да нашага каналу на YouTube 100-тысячнага падпісчыка. Фота — Дзяніс Дзюба

Цікавыя лічбы

З дня заснавання «Белсат News» да сёння нашыя гледачы паглядзелі каля 315,5 млн хвілінаў нашага відэа, а гэта:

5 258 333 гадзіны

219 097 дзён

7303 месяцы

600 гадоў

Блакаванне рэкламы

У 2018 годзе мы сутыкнуліся з праблемай: глабальныя інтэрнэт-пляцоўкі, на якіх прысутнічае наш канал, адмаўляліся змяшчаць нашую рэкламу.

«Google не ставіць нашую беларускамоўную рэкламу, аргументуючы гэта тым, што яны не падтрымліваюць беларускай мовы, — кажа рэдактарка інтэрактыўных медыяў „Белсату“ Вольга Швед. — Яны нават адмаўляюцца ад грошай, якія мы ім даем, толькі таму, што не падтрымліваюць беларускай: маўляў, для іх немэтазгодна ўводзіць новыя мовы, якімі ніхто не карыстаецца. Усё, што па-беларуску, для іх не існуе як кантэнт».

Пакуль праблема застаецца, але нашыя адмыслоўцы намагаюцца давесці амерыканскім карпарацыям, што беларуская мова мае попыт сярод карыстальнікаў розных платформаў. Лічба падпісантаў нашага асноўнага каналу, «Белсат News», яскрава сведчыць пра гэта.

«У нас самыя крутыя гледачы»

Напрыканцы студзеня 2016 года мы пачалі наўпроставую трансляцыю праз YouTube.

«Каб трапіць да максімальна вялікай колькасці гледачоў, мы падзялілі спосабы транслявання: гэта спадарожнікавае тэлебачанне, сацсеткі, YouTube. Паўсюль „Белсат“ крыху іншы, і паўсюль ёсць свае гледачы і аматары. Заінсталяваць спадарожнікавую антэну можа не кожны, а інтэрнэт маюць 80 % беларусаў. Да таго ж YouTube дазваляе камунікаваць нам з гледачамі і гледачам міжсобку, а гэта стварае цэлую супольнасць», — тлумачыць Вольга Швед.

Плён ад гэтага рашэння — відавочны. Мы бачым, што кожны дзень нашыя гледачы далучаюцца да трансляцыі.

«У нас самыя крутыя гледачы. Гэта сапраўдная супольнасць. На онлайнах яны яшчэ доўга абмяркоўваць, пасля завяршэння трансляцыі. Відэа ўжо няма, а яшчэ 200 асобаў сядзяць і дыскутуюць», — цешыцца Вольга.

Таму мы хочам падзякаваць нашым гледачам, якія і дапамаглі нам здабыць гэтую ўзнагароду!

Што яшчэ маем?

Акрамя нашых першых YouTube-каналаў, БЕЛСАТ БЕЗ ПАЛІТЫКІ і BELSAT NEWS, мы прынялі рашэнне стварыць шэраг тэматычных, дзе кожны можа знайсці для сябе штосьці цікавае.

Па-беларуску:

БЕЛСАТ МУЗЫКА — «Belsat Music Live», канцэрты, фільмы і кліпы.

БЕЛСАТ ГІСТОРЫЯ — праграмы, фільмы і шоу на гістарычную тэматыку.

КОЖНЫ З НАС — вострасацыяльнае ток-шоу Глеба Лабадзенкі.

Па-расейску:

ВОТ ТАК — незалежная ад афіцыйнай расейскай прапаганды інфармацыя для краінаў постсавецкае прасторы. Цяпер — у супрацы з тэлеканалам Бі-Бі-Сі.

ЖЭСТАЧАЙШЫЙ МУЛЬТ — найлепшы сатырычна-палітычны анімацыйны серыял. Міністэрства праўды ад Юрыя Хашчавацкага бязлітасна праязджаецца па любых, не толькі беларускіх палітыках.

Па-польску:

BIEŁSAT PO POLSKU — навіны ды інфармацыя пра Беларусь, якія перадусім будуць цікавыя польскім карыстальнікам. Заўсёды з польскімі субцітрамі і перакладам.

Па-ангельску:

BELSAT IN ENGLISH — аператыўная інфармацыя пра Беларусь і свет, даступная ў інтэрнэце.

Нам блізкія вашыя справы!

Ужо 11 гадоў «Белсат» распавядае аб праблемах звычайных жыхароў краіны. Мы заўсёды гатовыя дапамагчы. Каб стаць героем нашых праграмаў або паведаміць пра навіну, вы можаце звязацца з намі некалькімі спосабамі.

Заставайцеся з «Белсатам», і вас чакае яшчэ больш цікавых праграмаў, праўдзівых навінаў, унікальных рэпартажаў і дакументальных фільмаў.

Падпісвайцеся на нашыя каналы і цісніце на званочак справа!

BELSAT NEWS

ВОТ ТАК

БЕЛСАТ БЕЗ ПАЛІТЫКІ

БЕЛСАТ ГІСТОРЫЯ

БЕЛСАТ МУЗЫКА

ЖЭСТАЧАЙШЫ МУЛЬТ

КОЖНЫ З НАС

BIEŁSAT PO POLSKU

BELSAT IN ENGLISH

Заставайцеся з намі! Разам наперад да «Залатой кнопкі»!

https://belsat.eu

Последние новости