haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

28.04.2019 10:41

522 просмотра

0 комментариев

«Для мяне было дзіка, што хлопчыкі такія тупыя». Выпускніцы жаночай гімназіі пра ўплыў асобнай адукацыі

Памятаеце, «Ніна» нядаўна пісала пра адзіную ў Беларусі жаночую гімназію? Пасля таго рэпартажу мы вырашылі даведацца, як насамрэч склалася жыццё выпускніц. Ці былі складанасці ў стасунках з хлопцамі, як асобная адукацыя паўплывала на характар і кім становяцца дзяўчаты: паслухмянымі гаспадынямі ці адчайнымі кар’ерысткамі?

Валерыя Ляшчун, інжынерка сувязі:

— Я заўсёды ганарылася, што заканчвала такую ўнікальную гімназію. Ніколі не сорамна было сказаць, што гэта не простая школа. Класна, што выкладалі ўсякія спецпрадметы. Напрыклад, бальныя танцы — не страшна дзесьці выступіць. Былі таксама кулінарыя і хатняя гаспадарка. Вось мяне навучылі шыць, я вырасла, купіла швейную машынку і раблю арыгінальныя цацкі, падушкі, пасцельную бялізну, шторы, абрусы. Мне гэта ў радасць. Таксама вяжу — людзі з задавальненнем прымаюць такія рэчы ў падарунак.

Праблемы ў камунікацыі з хлопцамі — гэта адзін з мінусаў. Мяне бацькі строга выхоўвалі, нікуды асабліва не выпускалі дзесьці да 17 гадоў.

І потым, калі я пайшла вучыцца ў каледж сувязі, мне было складана адаптавацца да мужчынскіх паводзін. Напрыклад, да таго, што не ўсяму сказанаму можна верыць, як правільна рэагаваць на жарты і падколы. Я прывыкла, што дзяўчаты могуць пляткарыць, але тое, што хлопцы абмяркоўваюць, хто ў чым прыйшоў, — для мяне гэта было дзіка. Па мне, такія паводзіны нявартыя мужчын.

«Витебск — Крым» — Круглый год!belexpress.by →Автобус «ВитебскКрым»! Чистый и Аккуратный Салон! Бронирование 100%! Сопровождение!По Волге в Любимый Сочиflotrusich.ru →На теплоходе «Русь Великая» круизное путешествие на юг России. Программа на сайте.

Я выйшла замуж за свайго першага хлопца. Потым, калі размаўлялі з ім, ён сказаў: «Штосьці ў табе было спакойнае, бачна было, што ты не такая». Дарэчы, дагэтуль у яго не ўзнікала ніякіх прэтэнзій да мяне па гаспадарцы. Але мы абое зарабляем, таму няма такога, што хтосьці з нас галоўны.

Свайго сына на асобнае навучанне я аддала б — каб прывілі дысцыпліну.

Марына Гароднік, трэнерка па самба і дзюдо:

— Плюсам было, што нам давалі больш заданняў, чым у звычайнай школе, больш патрабавалі. І па выніку ў нас практычна ўсе з вышэйшай адукацыяй. Ну і не адцягвалі ўвагу адносіны з хлопцамі на перапынках — мы займаліся канкрэтна вучобай. А не так, што баішся на ўроку слова сказаць: раптам той хлопчык з цябе смяяцца будзе?

Так, нас называлі манашкамі за спінамі, ледзь не лесбіянкамі. Але ў мяне ніколі не было праблем у адносінах з хлопцамі. Я трэніравалася разам з імі, станавілася ў спарынг. І часта перамагала. Цяпер, калі вяду заняткі па самба і дзюдо, заўважаю, што дзяўчынкі ўсё ж па натуры мацнейшыя. Яны больш устойлівыя, гэта я і ў замужжы вынайшла: з тэмпературай 39 магу даглядаць дзяцей, а муж з 37,5 ляжыць памірае (смяецца). Дый хлопчыкаў мамы больш шкадуюць.

Калі я перайшла ў вучылішча алімпійскага рэзерву, была там адзінай дзяўчынкай на два класы. Для мяне было дзіка, што хлопчыкі такія тупыя — пастаянна ў мяне спісвалі, я адна цягнула ўвесь клас па вучобе.

Гэта мяне, канечне, бянтэжыла. Было складана падабраць сабе пару, бо з хлапцамі не было пра што паразмаўляць — па разумовым узроўні мы быццам на розных планетах жылі.

Ці адбілася навучанне ў гімназіі на маім адзенні? Я ўсё жыццё ў спорце, таму для мяне спартыўны стыль і застаўся любімым. Мне складана адзецца па-дзелавому: нават такіх рэчаў няма дома, чыста адна сукенка і туфлі.

Стэрэатып, што з нас рыхтавалі паслухмяных жонак? Ну, не ведаю, мы нічым не адрозніваемся ад звычайных дзяўчат.

  • Валярына Кустава нарадзіла дачку. Імя выбралі незвычайнае

  • Іранскі шлях: яшчэ 40 гадоў таму жанчыны хадзілі ў міні-спадніцах, а цяпер не могуць выйсці з дома без хіджаба

  • Хто такая Лабада, з якой будзе спяваць Міхалок?

Адзінае, дзяўчаты ў іншых школах, канечне, больш раннія — у іх раней гэтыя танцы на дыскатэках пачаліся, спатканні з хлопцамі, многія панараджалі, не паспеўшы адвучыцца, і не ведаюць, куды пайсці працаваць: ці то нянькай, ці то прыбіральшчыцай. Хоць гэта, напэўна, не жаночая гімназія закладвае, а сям’я. Дзяўчына будзе кіравацца маміным прыкладам.

Кацярына Максімава, стваральніца «Мазгабойні»:

— Лічу, што гэтая адукацыя — найлепшая ў маім жыцці. Я пераехала ў Жодзіна з Крыма, дзе паспела скончыць пяць класаў. І настолькі хацела навучацца ў жаночай гімназіі, што зноў пайшла ў пяты клас: не таму, што адставала, а таму, што такі быў набор.

Асобная адукацыя дае магчымасць сканцэнтравацца выключна на занятках. Таму цяпер я валодаю ангельскай мовай на добрым узроўні — шмат падарожнічаю і часта яе выкарыстоўваю. Таксама ў мяне добрая эрудыцыя ва ўсіх сферах — гэта дапамагло ў маёй цяперашняй дзейнасці.

У нас быў строгі дрэс-код, насіць джынсы толькі ў суботу дазвалялі. Гэта стварыла ўражанне, што за знешнасцю трэба сачыць. Кожнаму моманту павінна адпавядаць канкрэтная вопратка.

Першае пытанне, якое заўсёды чула: «У цябе хлопцы ўвогуле былі ў дзяцінстве?» Ды не ўзнікала ніколі праблем з тым, што я не магла паладзіць з супрацьлеглым полам! Мне прасцей камунікаваць з хлопцамі — у мяне заўсёды была хлапчуковая кампанія. Сярод дзяўчат ёсць тайныя войны, плёткі, таму я наводдаль трымалася. З жанчынамі мне добра працаваць, а тусавацца — не вельмі.

У гімназіі нам казалі: «Вы не проста чыесьці жонкі. Вы тыя, хто будзе змяняць гісторыю краіны». І мы раслі з гэтым адчуваннем. Кожная з нас была зоркай.

Я скончыла два ўніверы — у Мінску і Вільнюсе. Мне важна было зрабіць кар’еру, а не проста працаваць па найме ў нейкай канторы. Я не магу проста стаяць ля пліты з баршчом.

Ксенія Сідунова, студэнтка Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта:

— Бацькі хацелі, каб я пайшла вучыцца ў гімназію, бо там было паглыбленае вывучэнне ангельскай мовы, матэматыкі. Хлопцы не адцягвалі ўвагі, і гэта мне дапамагло больш сканцэнтравацца на вучобе і пасля паступіць у медуніверсітэт на бюджэт. Наогул, паступляльнасць сярод дзяўчат была больш за 90 працэнтаў. У нас усе імкнуліся да вышэйшай адукацыі. Некаторыя ў Мінск паехалі, некаторыя ў Віцебск, хтосьці ў Расію.

Мінусы? Напэўна, хацелася б, каб школьныя гады праходзілі весялей — мы больш як завучкі былі. Прынамсі ў мяне жыццё на той момант выглядала так: вучоба, дом, хатнія заданні дапазна і потым зноў вучоба. Так, былі сябры па-за гімназіяй. Але гляджу на малодшую сястру, якая ходзіць у звычайную школу, яе кампанію, і разумею, што вось гэтай жывасці, згуртаванасці не хапала. Мне здаецца, калектыў трымаецца на хлопцах. А ў нас кожны быў сам за сябе ці сябравалі невялікімі групкамі.

Як паўплывала асобная адукацыя на характар? Я больш сур’ёзная, дысцыплінавая. Напэўна, больш па-даросламу гляджу на жыццё, задумваюся пра будучыню. Магчыма, раней была крыху закрытая.

Я вельмі цаню сям’ю, хачу яе, але на дадзены моманты, гадоў да 28–29, мне важна пабудаваць кар’еру.

Хацела б развіваць бізнэс у сферы ўсходняй медыцыны. Мне падабаюцца падыходы гэтай сістэмы, што яна скіравана на вырашэнне першапрычыны, а лекі заснаваны на прыродных кампанентах.

Святлана Ляўчук, эканамістка:

— У жаночай гімназіі з нас выхоўвалі сапраўдных лэдзі. Вучылі культуры, як паводзіць сябе са старэйшым пакаленнем. Запомніўся ўрок этыкету, на якім расказвалі, што гарбату трэба піць маленькімі глыточкамі, паколькі яна можа быць вельмі гарачай і апекчы поласць рота — будзе вельмі непрыгожа махаць рукамі, скакаць і крычаць ад болю (усміхаецца).

Патрабавалі заўсёды хадзіць у школьнай форме: на той час у нас мусіла быць цёмна-сіняя спадніца, штаны, пінжак і белая кашуля. Гэта настолькі ўвайшло ў звычку, што, калі я паступіла ва ўніверсітэт, таксама насіла заўсёды строгае адзенне, у той час як астатнія прыходзілі ў майках і рваных джынсах.

Нас вучылі правільна трымаць сябе ў грамадстве. Недапушчальным лічу нецэнзурна выражацца, курыць у грамадскіх месцах, грубіяніць старэйшым, вульгарна адзявацца. На жаль, вельмі шмат моладзі так робіць.

А хлопчыкаў і за межамі гімназіі хапала. Ніякіх праблем з супрацьлеглым полам ніколі не было. Я ведаю свайго мужа вельмі доўга — напэўна, з маіх 13 гадоў.

Ён прыязджаў да бабулі на летнія канікулы з Мінска, і наш агульны сябар нас пазнаёміў. Не ведаю, як цяпер, але на той час жаночая гімназія лічылася вельмі годнай установай, таму калі пыталіся, то мы з гонарам адказвалі, дзе вучымся.

Наталля Лубнеўская, фоты з асабістага архіва гераінь

https://nina.nn.by

Последние новости