haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

16.06.2019 18:10

609 просмотров

0 комментариев

Як дбаюць пра габрэйскія могілкі ў Беларусі і Латвіі. Параўноўваем

Як дбаюць пра габрэйскія могілкі ў Беларусі і Латвіі: што робіць улада, як успрымае іх мясцовае насельніцтва? Пра сытуацыю ў Латвіі апавядае дырэктар музэю «Габрэі Латвіі» Ільля Ленскі. Беларускія рэаліі тлумачыць гісторык-этноляг Сяргей Грунтоў.

Сьцісла пра экспэртаў

Ільля Ленскі
  • 34 гады. Нарадзіўся ў Рызе;
  • Выпускнік гісторыка-філязофскага факультэту Латвійскага ўнівэрсытэту.
  • Дырэктар прыватнага музэю «Габрэі Латвіі» ад 2006 году.
  • Блізу 15 гадоў вывучае габрэйскую спадчыну, у тым ліку могілкі. Сталы ўдзельнік рэстаўрацыі надмагільляў і іх дакумэнтаваньня.
  • Упершыню наведаў Беларусь. Запрошаны як экспэрт магілёўскай габрэйскай грамадой на каталягізацыю пахаваньняў у Бялыніцкім і Круглянскім раёнах. Тамтэйшыя могілкі ён называе «тыповымі для Вялікай габрэйскай Літвы» — рэгіёну, які ахопліваў у XVI-XVIII стагодзьдзях і землі Беларусі і Латвіі.

Сяргей Грунтоў

Сяргей Грунтоў
  • 34 гады. Нарадзіўся ў Пружанах;
  • Выпускнік гістарычнага факультэта БДУ;
  • Кандыдат гістарычных навук. Спэцыялізуецца на дасьледаваньні беларускіх могілак і надмагільляў;
  • Старшы навуковы супрацоўнік у Цэнтры дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі;
  • Займаецца дасьледніцкай дзейнасьцю блізу 15 гадоў.
  • Браў удзел у каталягізацыі габрэйскіх пахаваньняў на Магілёўшчыне, працаваў у эпіграфічна-этнаграфічнай экспэдыцыі цэнтру «Сэфэр» у Лепелі. Лічыць, што без наданьня спэцыяльнага статусу гістарычным габрэйскім могілкам захаваць іх складана.

Як улада ставіцца да габрэйскай спадчыны

Латвія: «Канфлікты з уладай бываюць, але рэдка»

Ільля Ленскі кажа, што, паводле афіцыйных зьвестак, у Латвіі 8,5 тысячы габрэяў. Большая частка жыве ў Рызе. У правінцыі габрэйскія грамады нешматлікія.

Хаваць памерлых габрэі стараюцца на сваіх могілках. На балянсе латвійскіх муніцыпальных службаў 55 габрэйскіх могілак. На ўсіх арганізаваны догляд. Захаванасьць могілак «даволі добрая».

Старыя габрэйскія могілкі ў Ліепаі

Па словах суразмоўцы, большасьць габрэйскіх кладоў часткова забудавалі ў савецкі час. Тады надмагільлі расьцягвалі на будаўнічыя матэрыялы ці на загатоўкі для іншых помнікаў. У часы нацысцкай акупацыі Латвіі зьнішчылі двое могілак.

Цяпер, калі агучваюцца намеры забудаваць могілкі, то «канфлікты зрэдку, але бываюць». Суразмоўца прызнаецца, што ў габрэйскай грамады «вузкая прастора для адстойваньня сваіх могілак, бо ёй іх тэрыторыя найчасьцей не належыць».

«Зь юрыдычнага гледзішча мы нічога з гэтым зрабіць ня можам. У бальшыні выпадкаў могілкі ратуе тое, што яны нязручна разьмешчаныя для забудовы», — кажа суразмоўца.

Беларусь: «Дзяржава зьвяртае ўвагу на могілкі, калі яны маюць спэцыяльны статус»

У Беларусі, паводле перапісу 2009 году, пражывае 12,9 тысячы габрэяў. На сёньня вядома блізу 300 габрэйскіх могілак. Большасьць зь іх у мястэчках і вёсках закінута з прычыны зьнікненьня габрэйскай грамады. На «новых» габрэйскіх могілках Віцебску, Гомлі, Бабруйску працягваюць хаваць габрэяў. У Магілёве габрэйскія могілкі ператвораныя ў грамадзкія. На іх хаваюць і габрэяў, і негабрэяў. Гістарычныя могілкі ў Менску, Гомлі, Горадні, Бабруйску, Віцебску і Берасьці зьнішчаныя.

Сяргей Грунтоў кажа, што габрэйская спадчына не вылучаецца як асобны элемэнт у прававым полі. На яе помнікі зьвяртаюць увагу, толькі калі яны маюць спэцыяльны статус з ахоўнай шыльдай. Безь яго могілкі не разглядаюць як гістарычна каштоўны абʼект, а выключна як месца пахаваньня.

Габрэйскія могілкі ў вёсцы Круча Круглянскага раёну

Паводле экспэрта, працэдура наданьня ахоўнага статусу могілкам «няпростая, доўгая і зь няпэўным вынікам». Гэты статус не гарантуе, што з кладамі нічога ня зробяць.

/**/ /**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Габрэйскія могілкі ўпершыню атрымалі ахоўны статус у Беларусі

Навуковец зьвяртае ўвагу, «што дужа часта габрэйскія могілкі выглядаюць як зарослая травою паляна за мястэчкам, на якой ляжаць камяні».

«Мясцовая ўлада не разумее, што з гэтым можна зрабіць. З другога боку, рупліўцам габрэйскай спадчыны таксама складана выстаўляць пэўныя патрабаваньні да дзяржавы, акрамя як аб дапамозе ў прыбіраньні тэрыторыі ці ўсталяваньні агароджы», — тлумачыць сытуацыю Сяргей Грунтоў.

Па яго словах, за савецкім часам зносілі ці забудоўвалі ня толькі габрэйскія могілкі, аднак «пасьля Галакосту пад ударам былі найперш яны».

Клопат пра захаваньне габрэйскай спадчыны

Латвія: дапамагае падтрымка Эўразьвязу

Ільля Ленскі адзначае, што ў Латвіі муніцыпальныя ўлады пачынаюць разумець важнасьць габрэйскіх могілак як культурнага абʼекта. Іх пазначаюць на мапах гарадоў і турыстычных маршрутах.

На пазыцыю муніцыпалітэтаў уплывае рост інтарэсу да габрэйскай культурнай спадчыны. Шмат выхадцаў з Латвіі прыяжджаюць пабачыць родныя мясьціны і наведаць магілы сваякоў.

Гістарычная частка габрэйскіх могілак у Магілёве. Ільля Ленскі назваў іх «джунглямі»

Паводле навукоўца, з эўрапейскіх крыніц фінансуюцца інфраструктурныя праекты, сродкі зь якіх ідуць і на рамонт абʼектаў габрэйскай спадчыны. Паўгоду таму Эўразьвяз выдаткаваў Латвіі і шэрагу іншых краін мэтавы грант на ўпарадкаваньне габрэйскіх могілак.

«Усё гэта ў комплексе ажыўляе культурнае жыцьцё ня толькі гарадоў, але і паселішчаў у сельскай мясцовасьці», — адзначае ён.

Беларусь: клапоцяцца недзяржаўныя супольнасьці

Сяргей Грунтоў адзначае: усьвядоміць габрэйскае «сваім» у той жа меры, што і беларускае, дзяржаве і грамадзянам усё яшчэ складана. Аднак камунальныя службы прыглядаюць у тым ліку і за габрэйскімі могілкамі, рэагуюць на скаргі.

Паводле навукоўца, клапоцяцца пра захаваньне габрэйскіх могілак як абʼекта спадчыны ў большай ступені недзяржаўныя супольнасьці. Матэрыяльна дапамагаюць міжнародныя фундацыі і прыватныя спонсары. Актывісты габрэйскай грамады і валянтэры дакумэнтуюць эпітафіі на помніках.

«Гэта дужа важна, паколькі невядома, які лёс чакае могілкі ў сытуацыі нешматлікасьці габрэйскага насельніцтва, асабліва ў вёсках і мястэчках», — кажа ён.

Габрэйскія могілкі ў Бялынічах

Паводле экспэрта, фармальна дзяржава таксама вядзе дакумэнтацыю пахаваньняў, але пераважна ХХ стагодзьдзя і на гарадзкіх могілках. Каб каталягізаваць даўнейшыя пахаваньні, камунальныя службы ня маюць адмыслоўцаў у гэтай справе, таму сыстэмных зрухаў у ёй няма.

«Паломніцтвы да магілаў вядомых людзей адбываюцца і ў Беларусі, але гэты інтарэс не падтрымліваюць мясцовыя ўлады», — адзначае Сяргей Грунтоў.

Стаўленьне мясцовага насельніцтва

Латвія: «Латышы ставяцца зь піетэтам да габрэйскіх могілак»

Па словах Ільлі Ленскага, маладыя латышы ўспрымаюць габрэйскую спадчыну як частку культурнай спадчыны Латвіі. Для новага пакаленьня краязнаўцаў і турыстычных агентаў не стаіць больш пытаньня, ці ўключыць яе ў гісторыю іхнага гораду.

Дасьледнік габрэйскай спадчыны з Латвіі Ільля Ленскі на каталягізацыі беларускіх могілак

Паводле навукоўца, латышы «ставяцца зь піетэтам да габрэйскіх могілак», паколькі пахавальныя традыцыі і самі могілкі — важная частка латыскай культуры.

«Для латышоў не істотна, ці гэта латыскія могілкі, ці габрэйскія — іх даглядаюць. Гэта найбольш прыкметна ў правінцыі. Такое стаўленьне ўплывае і на пазыцыю муніцыпалітэтаў», — адзначае ён.

Беларусь: «Мэмарыяльная культура заснаваная на прынцыпе сямейнасьці»

Сяргей Грунтоў кажа, што гуманітарная інтэлігенцыя ставіцца да габрэйскіх могілак зь цікавасьцю, але большасьць насельніцтва абыякавая.

Па яго словах, беларуская мэмарыяльная культура заснаваная на прынцыпе сямейнасьці. Кожная сямʼя даглядае магілы сваіх родзічаў. Калі на могілках няма пахаваньняў сваякоў, то беларусы ня будуць пра іх клапаціцца. Пагатоў ня возьмуцца даглядаць габрэйскія могілкі, асабліва ў вёсках і мястэчках.

Сяргей Грунтоў каталягізуе пахаваньні на габрэйскіх могілках у вёсцы Кручы Круглянскага раёну

Паводле навукоўца, такая пазыцыя сярэдняга беларуса тлумачыцца і тым, што габрэйскія могілкі належаць іншаму культурнаму коду. На іх нельга прыйсьці, як на хрысьціянскія, і, напрыклад, прачытаць эпітафію на помніку. Даведацца, хто пахаваны.

«Разам з тым у характары беларуса закладзена агульная павага да пахаваньняў у прынцыпе. Калі ім сказаць, што будуць зносіць могілкі, не істотна, якія, то яму гэта не спадабаецца», — падсумоўвае Сяргей Грунтоў.

АБ
https://www.svaboda.org

Последние новости