haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

22.07.2019 15:25

375 просмотров

0 комментариев

«Наш Грунвальд»: як прайшоў самы вялікі рыцарскі фестываль Беларусі

У Дудутках 20 — 21 ліпеня праходзіць фестываль «Наш Грунвальд». Вачыма карэспандэнткі НЧ — канцэрт, жыццё рыцарскага стану і рэканструкцыя Грунвальдскай бітвы.

Баталія між злучанымі войскамі Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай, з аднаго боку, і Тэўтонскага ордэна — з другога, адбылася 15 ліпеня 1410 года ля вёскі Грунвальд (на беларускую мову можна перакласці «Зялёны гай») ва ўсходняй Прусіі. Цяпер Грунвальд — цэнтр гміны ў Вармінска-Мазурскім ваяводстве Польшчы. Перамога войска Вітаўта і Ягайлы спыніла нямецкую агрэсію на ўсход і паклала пачатак заняпаду Тэўтонскага ордэна.

Галоўны арганізатар фестывалю «Наш Грунвальд» Аляксандр Рак

Фестываль «Наш Грунвальд» — найбуйнейшая падзея гістарычнай рэканструкцыі Беларусі. Па словах галоўнага арганізатара Аляксандра Рака, сёлета на імпрэзу прыехала больш за чатырыста рыцараў і дам з розных гарадоў нашай і суседніх краін. Наведвальнікаў жа — каля дзесяці тысяч, хоць людзі і скардзіліся на дарагаватыя квіткі. Аляксандр падкрэсліў: уваход на сольны канцэрт некаторых з гуртоў, што выступілі ў Дудутках, абышоўся б даражэй, чым на абодва фестывальныя дні, за якія можна і музыку паслухаць, і паглядзець на баі, і пагуляць... Узровень фестывалю расце і налета, хутчэй за ўсё, кошт квітка таксама яшчэ вырасце. Частка людзей прыязджае адмыслова на канцэрт, але і падчас адкрыцця фестывалю былі поўныя трыбуны. Аляксандр Рак лічыць, што большасць гасцей едзе па адмысловую фестывальную атмасферу, відовішчы і майстар-класы. Партрэт сярэднестатыстычнага гледача — мужчына, 25 — 32 гады, шмат беларускамоўных; людзі прыязджаюць таксама сем’ямі, з дзецьмі.

Відэа Аляксандра Лібертада
Цікава, што такую маштабную імпрэзу праводзяць усяго сорак арганізатараў і валанцёраў (непасрэдна ў фестывальныя дні), а на працягу года «Наш Грунвальд» рыхтуе каманда з семярых чалавек.
Гістарычныя межы для рэканструктараў-удзельнікаў фестывалю — сто год да і пасля Грунвальдскай бітвы. Рыцары і дамы тры дні жывуць у шатрах, пашытых па гістарычных узорах, і носяць толькі адзенне і даспехі, адпаведныя эпосе. Карыстацца сучаснымі прадметамі побыту таксама нельга. Людзей «у цывільным» у рыцарскі стан пускаюць толькі ненадоўга і арганізаванымі групамі. У лагеры цячэ сваё жыццё, паралельна агульнафестывальным праходзяць закрытыя імпрэзы. Карэспандэнтцы НЧ пашанцавала трапіць на конкурс
гістарычных страў і нават каштаваць іх у складзе журы, што не разбіраецца ў тонкасцях рэканструктарскай кухні. Госці фестывалю маглі паглядзець на рыцараў і дам «пры поўным парадзе» падчас шматлікіх турніраў і самай маштабнай сечы — рэканструкцыі Грунвальдскай бітвы.

Пасля баёў, вядома, трэба адпачыць. А музыка спрыяе адпачынку як нішто добра. На канцэрце «Пір пасля бітвы» выступілі гурты «Яварына», Sakramant і Aillion (Беларусь), «Зямля легенд» (Расія), Fram (Украіна), The Midnight (Італія), Corvus Corax (Германія) і Skiltron (Аргентына).
Алена Ляшкевіч
Фота Алены Ляшкевіч

Последние новости