haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

22.02.2020 19:50

365 просмотров

0 комментариев

Як святкаваць 23 лютага не па-савецку

3 лютага ў Беларусі адзначаюць Дзень абаронцаў Айчыны. Разбіраемся, ці трэба яго святкаваць, а калі так — то як? Святкаванне 23 лютага беларусам засталося ад савецкіх часоў. Разам з намі гэты дзень працягваюць адзначаць у Кыргызстане, Расеі ды Таджыкістане, а таксама ў самаабвешчаных прарасейскіх утварэннях: Прыднястроўі, Паўднёвай Асеціі, ЛНР і ДНР. Карацей, кампанія цудоўная, як і гісторыя свята.

Традыцыйна лічыцца, што 23 лютага 1918 г. была ці то заснаваная Чырвоная армія, ці то пад Псковам адбыўся важны бой, дзе чырвонаармейцы перамаглі немцаў. Але і Чырвоная армія ўзнікла на месяц раней, і пад Псковам перамаглі немцы, і сам Ленін пагадзіўся ў гэты дзень з нямецкім ультыматумам. Так сабе нагода для свята. Хіба толькі калі вы ўпэўнены антысаветчык.

Дый Беларусь ад часоў Стэфана Баторыя да Пскова дачынення не мае. У нас 23 лютага ўсё тыя ж немцы гналі за «поребрик» бальшавікоў, ды рыхтавалася абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.

Калаж Ірына Арахоўская belsat.eu

Як кажуць праціўнікі святкавання 23 лютага, у Беларусі ёсць нашмат лепшыя даты, у якія можна было б віншаваць абаронцаў Айчыны: 15 ліпеня (Грунвальдская бітва), 8 верасня (бітва пад Воршаю) ці хаця б 27 лістапада (Слуцкі збройны чын).

Што падарыць?

Як бы там ні было, улады краіны працягваюць настойліва трымацца савецкай спадчыны. А ў масавай свядомасці гэты дзень стаў мужчынскім аналагам Міжнароднага жаночага дня. З гэтай нагоды мы прапаноўваем падарункі, якія можна падарыць беларускім мужчынам 23 лютага, каб яны былі як мага менш савецкія і як мага больш беларускія.

Калаж Ірына Арахоўская belsat.eu

Вядома, можна абысціся традыцыйнымі шкарпэткамі ды шампунямі, але мы захацелі быць больш арыгінальнымі ды склалі ўласны топ тэматычных падарункаў для беларускіх мужчынаў і хлопцаў.

1. Адзенне. Каб не змерзнуць, абаронцы Айчыны павінны быць апранутымі.

Сённяшнія крамы прапаноўваюць разнастайныя тышоткі, швэдры, світшоты ды іншае мужчынскае адзенне з выявамі Кастуся Каліноўскага, ваяўнічай «Пагоні», гусараў часоў Рэчы Паспалітай — кшталту «Каліноўшчына», «Крылаты гусар», «Смелым — перамога», «Belarus Pride» і г. д. На любы густ, колер і надвор’е. Аматарам спорту можна падарыць шалік «Жыве Беларусь!», каб яны маглі падтрымліваць удзельнікаў спартовых баталіяў.

2. Посуд. Абаронцы Айчыны мусяць быць сытыя ды вясёлыя.

Калаж Ірына Арахоўская belsat.eu

Тут вам падыдуць разнастайныя кубкі (напрыклад, «Тактычная Пагоня»), біклагі з «Пагоняй» ці нават куфель для піва «Не разбіць, не спыніць, не стрымаць». Праўда, з півам у куфлі лепш памятаць пра меру.

Калаж Ірына Арахоўская belsat.eu

3. Кнігі. Каб абараняць Беларусь, трэба яе не толькі любіць, але яшчэ і ведаць. З гэтым дапамогуць разнастайныя кнігі на ваенную тэматыку. Напрыклад, можна пашукаць кнігі «Нарысы гісторыі клінковай зброі Х—ХІІІ стагоддзяў на Беларусі», «Паўстанне 1863–1864 гадоў у Беларусі: Нарыс баявых дзеянняў», «Бітва на Нямізе 3 сакавіка 1067 года», «Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда», «Ліцвіны ў гвардыі Напалеона» або нумар часопісу «Arche» пра балахоўцаў. Ёсць і тэматычныя размалёўкі для будучых мужчынаў.

4. Гульні. Абарона абаронай, але мусіць быць і час на адпачынак. А адпачываць лепш з настольнымі гульнямі «Паўстанцы» або «1514». Для дзяцей (але, па шчырасці, і для дарослых) прыдадуцца таксама драўляныя шчыты з мячамі. Шчасліўчыкі яшчэ могуць адшукаць алавяныя фігуркі полацкіх ратнікаў, рыцараў ВКЛ і крылатых гусараў. Ну і, вядома, жывучы ў Беларусі, нельга забываць пра «World of Tanks». У самой кампаніі раяць дарыць гульцам «золата» ды прэміум-акаўнты.

5. У скарбонку падарункаў таксама дададзім адмысловыя наборы для тых, хто мае бароды.

Фота Ірына Арахоўская belsat.eu

6. Пейнтбол. І каб абаронцы Айчыны трымалі сябе ў форме, можна падарыць ім магчымасць пагуляць у пейнтбол, лазертаг або страйкбол. Адрознівацца ж адзін ад аднаго ім дапамогуць нашыўкі з «Пагоняй», візантыйскім крыжам або эмблемай паўстанцаў 1863–1864 гадоў, якія таксама можна набыць у беларускіх крамах.

Купіць гэта ўсё можна як онлайн, гэтак і ў крамах Symbal.by, «Мой модны кут», «Рагна», «Будзьма беларусамі», «LSTR Adzieńnie» ды іншых.

МГ belsat.eu

Последние новости