haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

27.03.2020 07:24

195 просмотров

0 комментариев

Віктар Марціновіч: Беражыцеся, бо эпідэміі не будзе

Віктар Марціновіч разважае на budzma.by аб тым, чаму ў нашай краіне не прымаецца ніякіх рашучых захадаў для барацьбы з каранавірусам.

Калі ўсё гэта толькі пачыналіся, схільныя да параноі аналітыкі выказвалі здагадку, што тое, што адбываецца з каранавірусам у Беларусі, усё ж мае лагічнае тлумачэнне. Што такім чынам нас плаўнёханька падводзяць да сітуацыі, калі надзвычайнае становішча, адмена выбараў ці правядзенне выбараў ва ўмовах стоадсоткавага галасавання дома будзе адзінай опцыяй праз абвешчаны татальны лакдаўн.

Дык вось, песімісты памыліліся.

Разгортваецца зусім іншы сцэнар.

Паводле якога эпідэміі не будзе.

Менавіта пра гэта сведчаць апошнія выказванні адказных асобаў.

Калі б яны дапускалі магчымасць увядзення паўнавартаснага каранціну, то не былі б настолькі ўпартымі вось цяпер, на фоне таго, што робіцца ўжо і ў Маскве.

Але ўсё, мяжа далучэння да ўсяго астатняга свету пройдзеная.

Чэмпіянат Беларусі па футболе, які транслявалі і за мяжу ў той час, калі адссоўваюцца тэрміны фіналу еўракубкаў, а «Еўра-2020» перанесены на год, калі ўжо зразумела, што ў Італіі трыгерам быў матч Лігі чэмпіёнаў паміж «Атлантай» і «Валенсіяй», — гэта пазіцыя.

Ну не вераць людзі ў каранавірус.

І калі яны не вераць, дык як можна прызнаваць, што вірус ёсць?

Таму яго не будзе. Нават калі хворых на пнеўманію зробіцца вельмі шмат. Гэта ж усё пнеўманія, чорт яе бяры. Хто сказаў «каранавірус»? Няма ў нас такога. Менш за сотню выпадкаў, а вы паглядзіце, колькі выздаравела!

Віктар Марціновіч: Народны каранцін

Пасля таго, што ўжо сказана наверсе, мы маем усе шансы быць самай паспяховай у змаганні з каранавірусам краінай на свеце. З пашытай на «Славянцы» тканіннай маскай па рубель семдзесят пяць у якасці сімвала.

З нулявой смяротнасцю.

Бо разумееце, гэта ж тая самая сітуацыя, што і з выбарамі.

Лічбы могуць быць любымі.

Дактары лёгка могуць быць пастаўленыя ў тыя ж умовы, у якіх сістэматычна аказваюцца настаўнікі падчас электаральных кампаній. І ці не ўсё роўна чалавеку, ад чаго ён не можа дыхаць? Ці прынцыпова родным, што будзе напісана ў пасведчаннях? І калі ўсё ж прынцыпова, дзе гэтая прынцыповасць канчаецца? І наколькі моцна трэба падціснуць, каб яе не засталося наогул?

Калі на стале рэпутацыя краіны і вернасць абранага шляху, пагадзіцеся, мусіць нам усім зрабіцца не да казурак, не бачных нават у моцны мікраскоп.

Што вы кажаце? Міжнародныя арганізацыі? Дык яны тут прадстаўленыя людзьмі. Якім таксама хочацца быць на свабодзе. І потым, дзе яна, тая статыстыка? Хто яе мае? Хто вырашае, што казаць, а што — не?

Каранавірус — як радыяцыя ў 1986-м. Яго ж не бачна. Па вуліцах не бегае, не рохкае і не мыкае. Ці ёсць ён, ці яго няма — пытанне веры. У нас вырашылі не верыць.

Аўтарытарызм мацнейшы за хваробу.

Так, дарэчы, думалі ў Кітаі, дзе таксама моцная і квітнеючая сістэма. Якая таксама спачатку спрабавала не заўважаць.

Там улада нават яшчэ мацнейшая за нашую.

Чаму гэта ў Кітаі вірус усё ж выпнуўся?

Не задумваліся?

А?

Таварышчы ў пінжаках?

Не давядзецца потым у краіны і ўсіх суседзяў прабачэння прасіць?

Не?

Вы думаеце, вы круцейшыя за кітайцаў?

Ну то ладна, парадуемся!

Глядзіце, да каранавіруса сістэме прапанавана ставіцца як раней да апазіцыі. Яго няма ні на ТБ, ні ў газетах, як раней там не было Статкевіча ці Севярынца. Пра яго гэтаксама малююць нейкія там карыкатуркі спецыяльна адшуканыя маладзёны. Каранавірус — гэта анекдот, бы КХП-БНФ. Падыход правільны і за шмат гадоў адпрацаваны.

Да тых, хто выклікаў хуткую праз тое, што цяжка дыхаць, можна адразу накіроўваць міліцыю — прабіваць усе кантакты цягам двух тыдняў. Некалькі рэпартажаў пра тое ў ананімных тэлеграм-каналах, і да дактароў у нас пачнуць звяртацца, калі ўжо цалкам ссінеюць.

Віктар Марціновіч: Каранавірус рубля

Зноўку ж — гэта вы цяпер у Фэйсбуку звягаеце, што, маўляў, суседа «хуткая» забрала. А што калі да ўсіх, хто такое напісаў, высылаць адразу спецназ у хімкамплекце? Ізаляваць на два тыдні — ды адразу не ў шпіталі, а ў адзіночны пакой СІЗА, бо там кантактаў дакладна меней? Тут такая перамога над вірусам будзе, што Кітай захлынецца слязамі.

Эпідэміі не будзе.

Вы пра яе не пачуеце.

Дзеці працягнуць хадзіць у школу, студэнтам не адменяць заняткі, людзі працягнуць цягацца на працу на грамадскім транспарце.

Якую праблему я ў гэтым бачу?

У суседняй Расіі, з якой сінхранізаванае мысленне чынавенства, учора канчаткова абраная катэгарычна іншая тактыка.

Там пачалі алармаваць.

Пуцін абвясціў тыдзень выходных з захаваннем заробкаў. Пачынаецца відавочны рассінхрон, і тутэйшым спатрэбіцца вельмі шмат характару, каб давесці сваю няверу ў каранавірус да лагічнага фіналу, з элегантнымі лічбамі. Але, паўтаруся, не будзем гэтага выключаць — і не такое бачылі.

То калі ласка, беражыце сябе і сваіх родных. Абмяжуйце выхад з дому без патрэбы.

Паклапаціцеся пра старых. Тое, што «эпідэміі не будзе», — нагода берагчыся на індывідуальным узроўні.


Віктар Марціновіч, budzma.by

Последние новости