haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

20.04.2020 18:52

363 просмотра

0 комментариев

Удакладнена дата смерці нашага славутага земляка, аўтара паэмы «Тарас на Парнасе» Канстанціна Вераніцына

15 красавіка даведаўся, што ў верасні 2019 года Антон Францішак Брыль, беларускі перакладчык і паэт, унук Янкі Брыля, знайшоў некралог Канстанціна Вераніцына ў газеце «Новое время» за 1903 год. Пра абставіны пошука даты смерці К. Вераніцына і сам некралог нашага славутага зямляка Антон Францішак Брыль распавёў у снежаньскім часопісу «Роднага слова» за 2019 год такім чынам.

Вядома, што біяграфія Канстанціна Васілевіча Вераніцына, самага верагоднага аўтара паэмы «Тарас на Парнасе», падрабязна прасочаная Генадзем Кісялёвым — ад нараджэння ў 1834 г. пад Гарадком на Віцебшчыне да апошніх гадоў у Санкт-Пецярбургу. Аднак дакладная дата смерці героя даследавання не знайшлася. Антон Францішак Брыль адзначае: «Кісялёў вызначыў, што ў лютым 1904 г. быў выдадзены пашпарт удаве Вераніцына, Елізавеце Аляксееўне, і зрабіў выснову, што Канстанцін Васілевіч пакінуў свет, магчыма, у тым жа ці папярэднім месяцы» Пра гэта ў прыватнасці і напісана ў апошняй кнізе Генадзя Кісялёва «Жылі-былі класікі» 2005 г. выдання. Гэтая дата — пачатак 1904 г. — і замацавалася ў даведніках.

У верасні 2019 г., гартаючы ў чытальнай зале аддзела газет Расійскай нацыянальнай бібліятэкі падшыўку «Мінскага лістка», А.Ф. Брыль вырашыў выпрабаваць удачу ў даследаванні біяграфіі Вераніцына. Па парадзе бібліятэкара ён звярнуўся да папулярнай газеты «Новое время».

Спасылка на «Роднае слова» тут: 61493022

На першай старонцы нумара за 14 (27) жніўня 1903 г. сярод аб’яў у жалобных рамках знайшлася шуканая інфармацыя: «Елизавета Алексеевна Вереницына с горестью извещает родных и знакомых о кончине горячо любимого мужа, Статского Советника КОНСТАНТИНА ВАСИЛЬЕ ВИЧА ВЕРЕНИЦЫНА, последовавшей в ночь на 13-е августа. Панихиды в квартире (Лесное, Малая Объездная, 14) в 1 час дня и 9 вечера. Вынос тела для отпевания в церкви у Круглого пруда в субботу, 16-го августа, в 9 ч. утра. Погребение на Митрофаниевском кладбище» .

Значыць дакладная дата смерці Вераніцына — 13 (26) жніўня 1903 г., а месца — Лясны ўчастак (сёння гэта частка Выбаргскага раёна Санкт-Пецярбурга). Метрычны запіс смерці паўтарае звесткі некралога і называе прычыну смерці: «От паралича вследствие кровоизлияния в мозг».

У спісе пахаваных у жніўні 1903 г. на Мітрафаніеўскіх могілках насупраць імені Канстанціна Вераніцына пазначана месца магілы: «по дор. Сорокина налево».

Напрыканцы публікацыі Антон Францішак Брыль адзначае: «Удакладненая дата смерці Канстанціна Васілевіча Вераніцына дае магчымасць аднавіць пошукі больш падрабязных некралогаў (альбо ўспамінаў на гадавіну смерці) у шматлікіх сталічных газетах і часопісах. Таксама і адрас у Лясным можа прынесці новыя ідэі даследчыкам. А вось надзеі знайсці магілу Вераніцына амаль няма: Мітрафаніеўскія могілкі Санкт-Пецярбурга — як і храм Пятра і Паўла ля Круглага става — не захаваліся. »

15 красавіка 2020 г., Леанід Гаравы, краязнаўца

Паводле інфо: http://haradoktour.by

Последние новости