haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

30.04.2020 19:05

430 просмотров

0 комментариев

Дзейнасць «Яблынькі» скіравана на адраджэнне і развіццё нацыянальнай беларускай культуры, папулярызацыю народных песень, танцаў

29 красавіка адзначаўся Міжнародны дзень танца. Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль песні і танца «Яблынька», ДУК «Гарадоцкі ГДК» пачаў дзейнічаць з 1974 г. За гэты час ён сабраў у сваю скарбонку велізарную калекцыю песень і танцаў Віцебскага Паазер’я.

Ля вытокаў стварэння «Яблынькі» стаяў славуты харэограф і фалькларыст, Заслужаны дзеяч культуры Беларусі Іван Арцёмавіч Серыкаў. Лепшыя вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі былі выкананы ўдзельнікамі калектыву пад яго кіраўніцтвам.
У ліпені 1983 г. за вялікія дасягненні і высокі ўзровень творчага майстэрства ансамбль атрымаў ганаровае званне «народны», а ў снежні 2017 г. — «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь».
Дзейнасць калектыву «Яблынька» ў першую чаргу скіравана на адраджэнне і развіццё нацыянальнай беларускай культуры, папулярызацыю народных песень, танцаў і самадзейнай творчасці Гарадоччыны. Удзельнікі ансамбля — людзі рознага ўзросту, якія акрамя сваёй асноўнай прафесіі знаходзяць час і для творчасці.


На дадзены момант кіраўніком аркестровай групы з’яўляецца Вячаслаў Мурашкевіч, хармайстрам калектыву — Дзіна Сцяпанава, а балетмайстрам — Наталля Тарасава. Ім пашчасціла працаваць з таленавітым І.А. Серыкавым.
У аснове рэпертуару сабраны беларускі танцавальны і вакальны фальклор, абрадавыя песні і танцы — калядныя, вясновыя, купальскія, жніўныя. Удзельнікі ансамбля выконваюць іх так, як выконвалі нашы продкі.
— Вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі «Яблынька», «Лявоніха», «Гарадоцкія ганчары», «Полька-весялуха», «Кірмаш», беларускія танцы «Закаблукі», «Расшугаліц», пальмінская кадрыля «Зязюлька», «Пляскач», «Расхадуха-барыня» хаваюць у сабе часціцу душы беларускага народа, — кажа Наталля Тарасава. — Яны адрозніваюцца цікавай харэаграфіяй і багатай музычнай палітрай. Большасць з іх захавалася ў арыгінальнай пастаноўцы Івана Серыкава.
Народны ансамбль песні і танца «Яблынька» прымае актыўны ўдзел у культурна-масавых мерапрыемствах, разнастайных фестывалях і форумах за межамі нашай краіны, займаючы там першыя месцы, а таксама з поспехам выступае на шматлікіх канцэртных пляцоўках. Гледачы заўсёды сустракаюць «Яблыньку» бурнымі апладысментамі.
Калектыў з’яўляецца лаўрэатам і дыпламантам шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. На Гарадоччыне ў гонар дзеяча культуры І.А. Серыкава праходзіць абласны агляд-конкурс харэаграфічных калектываў Віцебскай вобласці «Прыдзвінскія карункі». Мэта конкурсу — захаваць створаныя таленавітым земляком беларускія народныя танцавальныя кампазіцыі. Таму абавязковай умовай удзелу ў конкурсе для харэаграфічных калектываў з’яўляецца выкананне аўтарскага танца славутага балетмайстра. Народны ансамбль песні і танца «Яблынька» таксама не раз прымаў у ім удзел.
З упэўненасцю можна сказаць, што «Яблынька» больш за 40 гадоў з’яўляецца сапраўднай візітнай карткай Гарадоцкага раёна. Дзякуючы стараннасці і імпэту таленавітых людзей захоўваюцца народныя традыцыі нашага краю.

Майя САЛДАЦЕНКА

Последние новости