haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

12.01.2021 16:30

412 просмотров

0 комментариев

На Гарадоччыне захоўваецца традыцыя калядавання: «Вялікую радасць на вуліцы, у хаты прынеслі Каляды — зімовыя святы»

Зіма — час траскучых маразоў і цудаў. І адным з галоўных і ўрачыстых святаў гэтага перыяду з’яўляюцца Каляды, традыцыя святкавання якіх прайшла праз стагоддзі і захавалася да нашых дзён. Прычым у некаторых вёсках ці мястэчках абрад прадстаўлены ў самабытным выглядзе, з мінімальнымі зменамі. Гэта датычыцца і выбраных куточкаў Гарадоччыны.

Старажылы ўзгадваюць, што раней Каляды з захапленнем чакалі ўвесь год. І нездарма, бо такога вяселля, гульняў, жартаў і смачнай ежы, наўрад ці, бачылі напрацягу года. Ды і Калядам папярэднічаў строгі шасцітыднёвы пост, які закранаў не толькі абмежаванні ў плане ежы, але і ў паводзінах. Моладзі і дзецям, напрыклад, у гэты час нельга было бавіць час за вясёлымі і шумнымі гульнямі. Адзначым, што ў карэнна язычніцкай назве свята крыецца і яго галоўны сэнс — «кола», а дакладней «сонца». Нездарма Каляды звязвалі з днём першага зімовага сонцастаяння і пачаткам новага года. Калі звярнуць увагу, то ніводная кампанія калядоўшчыкаў і сёння не абыходзіцца без сімвалічнай і велічнай зоркі, якая канкрэтна абазначае Віфлеемскую зорку. Не менш важны таксама і так званы павадыр.
Верагодна, ёсць тыя, хто не пагодзіцца з тым, што дадзенае свята ўсё яшчэ актуальнае, аднак з упэўненасцю можна адзначыць: яны не маюць рацыі. Вось і кіраўнік народна-фальклорнага калектыву «Глейна» Таццяна Іванаўна Раева, якая мае багаты вопыт калядавання, пераконвае нас у гэтым меркаванні. Яна памятае гэтую традыцыю яшчэ са свайго дзяцінства і адзначае, што, безумоўна, раней дадзеныя святы зімовага перыяду былі куды больш маштабнымі і нават велічнымі. Звычайна ў адзін гурт збіралася амаль уся вясковая моладзь. Дык уявіце, наколькі арыгінальныя і самабытныя тэатралізаваныя прадстаўленні яны маглі падрыхтаваць?
— Час ідзе, а разам з ім мадыфікуюцца і традыцыі. Вядома ж, ужо не столькі ўвагі мы надаём калядаванню. І асабліва востра гэта адчуваецца падчас няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі. Але асноўныя азы, так бы мовіць, усё ж застаюцца некранутымі, — зазначае Таццяна Раева.
Так, на самой справе, незалежна ад таго, калядоўшчык ты асабіста ці не, а некаторыя аксіёмы на слыху, як кажуць. Па-першае, народная мудрасць сцвярджае, што нельга не пусціць сімвалічную Каляду ў хату, бо праз гэта можна пазбавіцца ўдачы на ўвесь год! А яшчэ нельга не задобрыць пераапранутых багоў-ахоўнікаў прысмакамі. Знакамітыя фалькларысты адзначаюць, што Каза, Мядзведзь, Воўк ці Бусел — гэта ёсць язычніцкія татэмы, якім у свой час пакланяліся нашы продкі. Як паказваюць даследванні, варыяцыі гэтых вобразаў залежаць ад пэўнай мясцовасці. На Гарадоччыне, напрыклад, акрамя Казы, часцей пераапраналіся ў Мядзведзя. Падчас тэатралізаваных прадстаўленняў гэтыя жывёліны паказвалі рознага кшталту «выкрутасы», якімі нярэдка выклікалі ўсмешку на тварах гаспадароў.
Напрыканцы нагадаем, што ў народзе ноч перад Калядамі надзялялі вялікім сакральным сэнсам. Лічылася, што менавіта ў гэты час адкрываюцца нябёсы і ўсе выказаныя пажаданні спраўдзяцца. І, безумоўна, варажба ў калядную ноч была таксама неад’емным атрыбутам святкаванняў. А пра падрабязнасці і спосабы, як даведацца пра свой далейшы лёс, запытайцеся ў сваіх бабуль. Хутчэй за ўсё, яны раскажуць шмат цікавых гісторый.

Юлія РУДЗЯКОВА

Последние новости