haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

03.02.2021 20:14

389 просмотров

0 комментариев

Народны ансамбль песні і танца «Яблынька» атрымаў дыплом лаўрэата I ступені ў абласным агляд-конкурсе «Прыдзвінскія карункі»

Завяршыўся IX абласны агляд-конкурс харэаграфічных калектываў Віцебшчыны «Прыдзвінскія карункі», у якім прыняў удзел Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль песні і танца «Яблынька» Гарадоцкага гарадскога Дома культуры.

Конкурс праводзіцца раз у два гады ў гонар заслужанага дзеяча культуры Беларусі, славутага харэографа і фалькларыста Івана Серыкава і накіраваны на папулярызацыю, аднаўленне і захаванне культурнай спадчыны, павышэнне ўзроўню выканаўчага майстэрства ўдзельнікаў харэаграфічных калектываў і папаўненне рэпертуару. Варта адзначыць, што Іван Арцёмавіч з’яўляецца адным з заснавальнікаў ансамбля «Яблынька». Гэты таленавіты чалавек у сваіх пастаноўках выкарыстоўваў элементы танцавальных рухаў Віцебскага Паазер’я, многія з якіх да гэтага часу выконваюць гарадоцкія народныя артысты.
У сувязі з напружаным эпідэміялагічным становішчам у гэтым годзе конкурс праводзіўся дыстанцыйна. У ім прянялі ўдзел больш за 30 вядучых аматарскіх харэаграфічных калектываў, якія прадставілі звыш 80 відэаролікаў.
Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль песні і танца «Яблынька» атрымаў дыплом лаўрэата I ступені за вакальна-харэаграфічную кампазіцыю сярод «Заслужаных» калектываў у намінацыі «Лепшае выкананне аўтарскіх танцаў Заслужанага дзеяча культуры Беларусі І.А. Серыкава». Таксама стаў лаўрэатам III ступені за лепшы народны танец, у якім былі адлюстраваны нацыянальныя тэматыка і матывы. Гарадоцкія артысты ўзнагароджаны дыпломам «За зберажэнне і папулярызацыю танцавальнай спадчыны Віцебшчыны».
На сённяшні дзень кіраўніком ансамбля з’яўляецца Дзіна Сцяпанава, а балетмайстрам-пастаноўшчыкам — Наталля Тарасава. У снежні 2017 г. «Яблынька» атрымала званне «Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь». У складзе вакальнай і харэаграфічнай груп усяго налічваецца каля 35 чалавек. Удзельнікі імкнуцца быць годнымі нашчадкамі творчай спадчыны сваёй краіны і знакамітага настаўніка Івана Серыкава.

Майя САЛДАЦЕНКА.

http://www.garadvest.by/2021/02/peramoga-yablynki/

Последние новости