haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

16.05.2022 15:35

806 просмотров

0 комментариев

Каляндар з 16 па 22 траўня. Што святкуем? Па чым сумуем?

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.

16 траўня

1979. Памёр Яўсей Канчар — беларускі палітычны дзеяч, гісторык, публіцыст, вучоны ў галіне эканамічнай геаграфіі.


Гэты беларускі дзеяч сёння амаль забыты, што абсалютна несправядліва з гістарычнага пункту гледжання.

Рэч у тым, што Яўсей Канчар быў не проста ў свой час знаным палітыкам і навукоўцам. Ён быў адным з архітэктараў беларускай дзяржаўнасці. Аднагодак Янкі Купалы і Якуба Коласа стаў адным з кіраўнікоў Беларускага абласнога камітэта, які адыграў значную ролю ў развіцці нацыянальнага руху беларусаў, таксама актыўнічаў у іншых беларускіх арганізацыях.

У снежні 1917 года Яўсей Канчар быў адным з арганізатараў і актыўным удзельнікам Усебеларускага з’езда, каторы разагналі мясцовыя бальшавікі. Непасрэдна звязаны з абвяшчэннем БССР. Быў асабіста знаёмы з Леніным і Сталіным, хаця ніколі камуністычнай ідэалогіі не падзяляў.

Паводле характарыстыкі сучаснікаў быў правым эсэрам.

17 траўня

1934. Расстраляны Міхаіл Кахановіч


Нарадзіўся ў сям’і святара ў вёсцы Вялікія Лукі на гістарычнай Наваградчыне. Меўся пайсці па бацькавым шляху, але падзеі 1905–1907 гадоў у Расійскай імперыі ўнеслі свае карэктывы.

У 1910 годзе скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Харкаўскага імператарскага ўніверсітэта. Па яго сканчэнні працаваў выкладчыкам гісторыі ў Вільні.

У 1915 годзе перабраўся ў Магілёў, дзе працу выкладчыка спалучаў з публіцыстычнай і палітычнай дзейнасцю. Відны дзеяч беларускага нацыянальнага руху на Магілёўшчыне.

З канца 1918 года зноў у Вільні. Першы дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. Актыўны беларускі дзеяч у міжваеннай Польшчы. Быў сябрам пасольскага клубу.

У 1925 годзе выехаў у БССР, дзе распачалася палітыка беларусізацыі і на якую з вялікім спадзевам глядзелі беларусы ў эміграцыі.

Арыштаваны ў 1933 годзе па справе так званага «Беларускага нацыянальнага цэнтру». Прысуджаны да расстрэлу. У 1956 годзе рэабілітаваны.

18 траўня

1972. Нарадзіўся Аляксандр Кулінковіч


Харызматычны лідар гурта Neuro Dubel і легендарны беларускі рок-музыка з’явіўся на свет у Смалявічах. Ва ўзросце пяці гадоў разам з сям’ёй перабраўся ў Мінск.

У 1989 годзе заснаваў панк-рок гурт Neuro Dubel, які стаў візітоўкай беларускай цяжкой музыкі. Нягледзячы на тое, што ў сваёй творчасці гурт быў пераважна рускамоўны, паводле свайго духу ён быў абсалютна беларускім.

У дыскаграфіі калектыву маецца і цалкам беларускамоўная плытка — альбом «Танкі» 2004 года. Таксама Кулінковіч спяваў у праекце Лявона Вольскага «Крамбамбуля». Быў удзельнікам грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» ад моманту яе заснавання.

Памёр ва ўзросце 46 гадоў ад лёгачнай недастатковасці.

19 траўня

1929. Нелегальны з’езд ТБШ


У гэты дзень у Вільні, нефармальнай сталіцы Заходняй Беларусі, адбыўся нелегальны з’езд Таварыства беларускай школы.

Таварыства было створана ў ліпені 1921 года і стала адной з найбуйнейшых беларускіх грамадскіх арганізацый у міжваеннай Польшчы. Першапачаткова ТБШ была абсалютна лаяльнай структурай да ўладаў спачатку так званай Сярэдняй Літвы, а потым і Другой Рэчы Паспалітай.

Сярод тых, хто складаў ядро арганізацыі, былі і тыя, хто з сімпатыяй глядзеў на БССР і агітаваў не толькі за нацыянальную справялівасць, але і за сацыяльную. Таму з часам стаўленне польскіх уладаў да таварыства змянілася, і ў жніўні 1928 года дзейнасць ягонай галоўнай управы была забароненая.

Менавіта таму ў 1929 годзе і адбыўся нелегальны з’езд, дзе рэй вялі прасавецкія актывісты. У ліпені таго ж года забарона на дзейнасць польскімі ўладамі была знятая. Тым не менш у 1936 годзе дзейнасць таварыства была цалкам забаронена.

20 траўня

1902. Нарадзіўся Язэп Пушча


Іосіф Паўлавіч Плашчынскі, а менавіта так звалі гэтага беларускага паэта, з’явіўся на свет у Каралішчавічах на Міншчыне.

У 1918–1921 гадах вучыўся ў Мінскім рэальным вучылішчы. У 1921–1922 — слухач курсаў беларусазнаўства пры Наркамасветы БССР. У 1921–1926 гадах працаваў настаўнікам, потым у Інстытуце беларускай культуры.

Быў у ліку шасці літаратараў, якія ў 1923 годзе заснавалі літаратурнае аб’яднанне «Маладняк». У 1926 годзе разам з Уладзімірам Дубоўкам, Адамам Бабарэкам, Кузьмой Чорным ды іншымі адоранымі творцамі выйшаў з «Маладняку» і стварыў «Узвышша».

Па выдуманай справе «Саюза вызвалення Беларусі» арыштаваны ў 1930 годзе і асуджаны да высылкі, з якой вярнуўся на Беларусь толькі ў 1958 годзе пасля рэабілітацыі.

Аўтар цэлага шэрагу зборнікаў паэзіі. У 1925 годзе апублікаваў «Вершы аб Вільні», дзе апяваў старажытную беларускую сталіцу:

O, Biльня, кpывiцкaя Meккa!

O, мecтa, — ўcё цyд, xapacтвo!

Дзяpжaўнaя дyмнacць пaвeкaў,

Узнятa paшyчa бpывo!

Пасля высылкі жыў і працаваў у Мінску, дзе і памёр у 1964 годзе. Пахаваны ў родных Каралішчавічах.

21 траўня

1841. Памёр Юльян Урсын Нямцэвіч


Вядомы вялікалітоўскі палітычны дзеяч, пісьменнік і гісторык нарадзіўся ў 1758 годзе на Берасцейшчыне ў шляхецкай сям’і.

Byчыўcя ў Бpэcцкaй кaлeгii, a ў 1770 годзе выправіўся ў Bapшaўcкi кaдэцкi кopпyc. Пасля вучобы шмат вандраваў па еўрапейскіх краінах з вядомым мецэнатам Адамам Казімірам Чартарыйскім, пры якім быў aд’ютaнтaм.

Быў дэпyтaтaм гicтapычнaгa Чaтыpoxгaдoвaгa ceймa, дзе адстойваў дэмакратычныя і патрыятычныя погляды. Актыўна выступаў супраць падзелаў Рэчы Паспалітай.

Удзельнічаў у паўстанні пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, быў яго aд’ютaнтaм. Разам з ім быў цяжка паранены і трапіў у палон падчас вырашальнай бітвы пад Мацяёвіцамі. З ім жа пасля паразы паўстання выехаў у Амерыку. Быў добра знаёмы і падтрымліваў сяброўскія адносіны з Toмacaм Джэфepcaнaм i Джopджaм Baшынгтoнaм.

У 1807 годзе вярнуўся на радзіму і цалкам прысвяціў сябе літаратурнай і навуковай справе. У 1830 годзе не проста далучыўся да паўстанцаў, але і ўвайшоў y cклaд Чacoвaгa ўpaдa.

Пасля разгрому паўстання ў 1831 годзе выехаў у Парыж, дзе і пражываў да свайго скону.

22 траўня

1928. Скончыўся суд над сябрамі «Грамады»


У гэты дзень у Вільні скончыўся гучны судовы працэс над 56 лідарамі і актывістамі Беларускай сялянска-работніцкай грамады.

Афіцыйна Беларуская сялянска-работніцкая грамада была забаронена ўладамі Другой Рэчы Паспалітай 95 гадоў таму, у сакавіку 1927 года.

«Грамада» — легальная палітычная партыя міжваеннага часу ў Заходняй Беларусі. Яна была самай масавай арганізацыяй левага кшталту не толькі ў гэтым рэгіёне Польшчы, але ва ўсёй Еўропе. Колькасць сяброў вар’іруецца па розных ацэнках ад 100 да 150 тысяч чалавек.

Дзейнічала ў 1925–1927 гадах. Сярод лідараў Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі ды іншыя вядомыя беларусы. У студзені 1927 года яны апынуліся за кратамі, а ў траўні 1928 года прысуджаныя да вялікіх турэмных тэрмінаў.

Лідары «Грамады» мелі вялікую сімпатыю да Савецкага Саюза і БССР у прыватнасці, што потым адыграла фатальную ролю ў іхным жыцці. Бо калі яны перабраліся ў Мінск, і Тарашкевіч, і Рак-Міхайлоўскі былі рэпрэсаваныя бальшавікамі.

К. К. budzma.org

https://budzma.org/news/kalyandar-z-16-pa-22-traunya.html

Последние новости